Тры гады таму адгрымела Беларускае трыенале сучаснага мастацтва, а гэтай вясной яе прамы нашчадак — выставачны праект сучаснага мастацтва «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала» — быў прэзентаваны на мінскіх пляцоўках НЦСМ і ў Палацы мастацтва. У параўнанні з папярэднім трыенале ў «пялёстку» «БелЭкспа», сёлетняя падзея змянілася, і відавочна да лепшага. Заўважныя пошукі новага фармату, і гэта радуе.
Здаецца, гэта і ёсць той самы момант, каб паглядзець, як ладзяць падобныя справаздачныя праекты ва ўсім астатнім свеце. Амаль адначасова з намі — з 10 сакавіка па 14 мая — узорна трыеналілі нашы ўсходнія суседзі ў маскоўскім «Гаражы».
Мастацтва краіны — гэта не толькі мастацтва яе сталіцы, што было прынцыпова вызначана арганізатарамі расійскага трыенале, якія паставілі амбіцыйную задачу адлюстраваць стан рэчаў у сучасным арце рэгіёнаў. А Расійская Федэрацыя — надзвычай вялікая, магчыма, таму «Гаражу» спатрэбіліся высілкі ўсёй яго куратарска-менеджарска-адміністратарскай каманды (а таксама запрошаных крытыкаў і архітэктурнай «Студыі МЕL»). Зрэшты, вялікія куратарскія калектывы — звычайная справа для вялікіх бі-, тры- і квадрыенальных праектаў па ўсім свеце.
Пад кіраўніцтвам камісара трыенале, вядомай нью-ёркскай куратаркі Кейт Фаўл, шэсць куратараў «Гаража» даследавалі больш за 40 гарадоў Расіі ды асабіста сустрэліся з дзвюма сотнямі мастакоў розных пакаленняў. Палявыя даследаванні вяліся ў цесным супрацоўніцтве з мясцовымі экспертамі ў галіне сучаснага арту. Падчас працы куратарская група выявіла сем асноўных дырэкторый, ці тэндэнцый, характэрных для ўсіх рэгіёнаў, дзе пабывалі яе прадстаўнікі. Менавіта ў межах гэтых дырэкторый і была структураваная выстава, але пра яе крыху ніжэй, а зараз — пра астатнія складнікі трыенальнага праекта. Што яшчэ зроблена для сучаснага мастацтва, акрамя даследавання і, забягаючы наперад, добрай экспазіцыі?
Выстава мае невялічкі каталог-даведнік, з якім вельмі зручна яе аглядаць. А вось даследаванне было б выдатна зафіксаваць у гісторыі мастацтва ў якасці больш грунтоўнай публікацыі. Але расійскія трыенальшчыкі абралі іншы, больш прагрэсіўны фармат. Фармат вэб-платформы. Пакуль платформа — папросту аўтаномны раздзел вэб-сайта «Гаража» — выглядае даволі сціпла, але яе стваральнікі аптымістычна заяўляюць, што гэта пастаянна дзейны рэсурс, які будзе развівацца і папаўняцца, каб прадстаўляць «максімальна поўную актуальную інфармацыю аб лакальных мастацкіх сцэнах на рускай і англійскай мовах». Праца над ім будзе працягнутая і пасля заканчэння выставы.
Паўнавартасны раздзел праекта — адукацыйная праграма, не толькі па сталіцы, але і па рэгіёнах. Гэта лекцыі, дыскусіі, кінапаказы і перформансы, дзе задзейнічаны мастакі і тэарэтыкі, куратары і арт-актывісты з усёй краіны. Мэта праграмы, па словах Кейт Фаўл, «паказаць эстэтычныя традыцыі розных рэгіёнаў і дазволіць наведвальнікам атрымаць інфармацыю аб культурным жыцці ў Расіі з першых рук».
Цікава, што стваральнікі трыенале адмовіліся ад тэмы, звычайнай для падобных «вялікіх праектаў». Выстава не грунтуецца на нейкім паэтычным выказванні-назве, пад якое «падганяюцца» працы мастакоў. Адбыўся адваротны працэс: паводле даследавання шматлікіх наяўных творчых практык краіны былі сфармаваныя аб’яднальныя экспазіцыйныя сюжэты. Арганізатары кажуць пра мадэль выставы як «універсальнай фігуры ўключэння» — класіфікацыю, у якую патэнцыйна ўбудоўваецца амаль любы мастак, што жыве і працуе ў Расіі.
Дзякуючы дакладна вызначанай тыпалогіі выстава выдатна структураваная і канцэптуалізаваная. Да таго ж яна вельмі арганічна ўпісалася ў новы двухпавярховы будынак «Гаража», пабудаваны самім Рэмам Колхасам і архітэктурным бюро «ОМА» вакол захаваўшыхся муроў савецкага мадэрнізму з рэшткамі мазаік сацыялістычнага рэалізму — былога рэстарана «Чатыры сезоны» тамтэйшага парку Горкага. Такім чынам, савецкі бэкграўнд экспазіцыі быў ужо архітэктурна зададзены, а яе якасць і багацце вызначылі ўкладзеныя сродкі і выдатная праца дызайнераў-экспазіцыянераў. Далей крыху пройдземся па куратарскіх дырэкторыях, якія ствараюць выразна пазначаныя, але ўзаемапранікальныя прасторавыя сегменты ў целе выставы.
Велізарная ружовая расцяжка «Здесь вам не Москва» сустракае нас на пачатку агляду. Гэта маркер раздзела «Мастацтва дзеяння» і аўтэнтычны працоўны слоган адной з Манстрацый, арганізаваных новасібірскім мастаком Арцёмам Ласкутовым. Вулічнае шэсце «мастакоў і спачуваючых» з іранічнымі і бессэнсоўнымі лозунгамі ды транспарантамі — «За вами будущее, отойдите!», «Мы это вы!», «Ад наш!» і гэтак далей — велізарны першамайскі хэпенінг, што ўпершыню здарыўся ў Новасібірску ў 2004-м і стаў там масавым і традыцыйным. Нягледзячы на непаразуменне і процідзеянне ўладаў, за апошнія дванаццаць гадоў Манстрацыі прайшлі ў шэрагу іншых гарадоў, і не толькі расійскіх. Фота- і відэадакументацыя багатай і вясёлай гісторыі Манстрацый займае ў экспазіцыі цэлую сцяну асобнай залы. На астатніх — мастацкія інтэрпрэтацыі балючых грамадскіх тэм, сярод якіх дамінуе фемінісцкая — ад акварэльных разводаў жаночых сінякоў Анастасіі Пацёмкінай да актывісцкага самвыдату даследчыцка-актывісцкага праекта «Урбанфемінізм». Пасярэдзіне залы — імітацыя швейнага цэху, дзе ў перформансе «12-гадзінны працоўны дзень» (2017) мастакі з санкт-пецярбургскага Швейнага кааператыву «Швемы» мадэлююць сітуацыю рэальнага працоўнага дня на ткацкай фабрыцы. Працуючы праславутыя дванаццаць гадзін нон-стоп, перформеры стварылі сапраўдныя ткацкія вырабы — яны прысутнічаюць тут жа і зусім нездарма пазначаны лэйблам «Зроблена ў рабстве». Творцы, прадстаўленыя ў дырэкторыі, часта адмаўляюць прынцыпы функцыянавання традыцыйнага мастацтва, аддаючы перавагу арт-актывізму і выкарыстоўваючы публічную прастору для звароту да сацыяльна значных тэм. Тым не менш, сабраныя ў артавым выставачным асяроддзі, яны выглядаюць як мінімум эфектна.
Ласкутоўскаму лозунгу пра Маскву круціць залатую хвігу Анатоль Асмалоўскі — у выглядзе тлустага «патрыярха» з доларам замест крыжа на адсутнай шыі. Гэта аўтапартрэтная скульптура («Залаты аўтапартрэт», 2013) вядомага расійскага мастака і тэарэтыка, які на мяжы дзевяностых паспеў папрацаваць у Мінску ў якасці куратара галерэі «Віта Нова», а сёння кіруе маскоўскім інстытутам «База». Уласна, гэта дырэкторыя «Майстар-фігура», дзе сабраныя мастакі-гуру лакальных арт-сцэн і мастакі, чый уплыў на сітуацыю ў краіне выходзіць далёка за межы іх месца жыхарства. Сярод іх такія глыбы, як Дзмітрый Буланаў («Кропка доступу», 2016) — расійскі апалагет і прапагандыст саенс-арту, Андрэй Манастырскі («Чатыры маршруты», 2017) — заснавальнік групы «Калектыўныя дзеянні» і маскоўскага канцэптуалізму, Дзмітрый Прыгаў (на жаль, у выглядзе мемарыяльнай інсталяцыі «Падарожжа Дзмітрыя Аляксандравіча», 2016—2017 Ларысы Гаршэнінай) — які не мае патрэбы ў прадстаўленнях і, дарэчы, які наведваў беларускую сталіцу «эмісарам» сучаснага мастацтва.
Побач — «Аўтарскія міфалогіі», напэўна, самы змястоўны раздзел, бо тут буяе мноства найцікавейшых «мастацкіх сусветаў» без аніякіх стылістычных абмежаванняў. Прыемна бачыць, што найбольш пераканаўча аўтарскія «міфалогіі» адлюстроўвае — і пануе ў гэтай частцы экспазіцыі — арт-аб’ект. У самых розных іпастасях — ад брутальнасцей Яўгена Антуф’ева да вытанчанай кінэтыкі Мікалая Панафідзіна і Міхаіла Смаглюка. Вылучаецца грандыёзнай рэпрэзентацыяй праект-даследаванне Уладзіміра Архіпава, якое ён вядзе каля трыццаці гадоў. Па ўсім свеце мастак збірае саматужна зробленыя прадметы, кшталту вычварна загіпсаванага вентылятара ці чыгуннай ванны, умантаванай у жалезны каркас былога ложка, — «прыўкрасныя і жудасныя» адначасова. «Яны зроблены канкрэтнымі людзьмі ў канкрэтных жыццёвых абставінах, — сцвярджае Уладзімір, — яны ўнікальныя і валодаюць усімі прыкметамі твораў мастацтва, акрамя аднаго: аўтары не бачаць у іх эстэтычнай каштоўнасці». Атрымліваецца сапраўдны парадокс: усе гэтыя адчувальна карысныя рэчы выглядаюць вытанчана-эстэтычна ў выставачнай прасторы. Важны складнік раздзелу — асобаснасць. Яна нябачна і пераканаўча (амаль прадметна?) прысутнічае і ў персанальных міні-помніках масквіча Аляксандра Поўзнера, і ў вострамастацкіх плакатах табальчаніна Даміра Муратава, і ў гендарных перформансах калінінградскай арт-групы «Нежные бабы».
У дырэкторыі «Вернасць месцу» больш за ўсіх фатографаў. Што натуральна, бо гэта, напэўна, лепшы сродак для асэнсавання навакольнай лакальнай рэчаіснасці, да якой моцна прывязаныя ўсе гэтыя творцы. Яны фіксуюць, аналізуюць і, нарэшце, міфалагізуюць вельмі розныя рэчы і з’явы, што іх стала атачаюць, — прыроду (Ілля Даўгоў, «Лясная газета», 2012—2017), горад (Уладзімір Селязнёў, «Метропаліс», 2013), людзей (Мурад Халілаў, «Язык вуліц», 2016—2017). Куратар гэтага сегмента, Андрэй Мізіяна, бачыць у працах адабраных ім мастакоў «постсавецкі сусвет», што рэпрэзентаваны не як «рамантызаваная рэальнасць, узніклая на аскепках некалі вялікай імперыі, а, хутчэй, як прастора штодзённага, расцягнутага ў пазагістарычным часе паўсядзённага бытавання».
Творы дырэкторыі «Агульная мова» будуць дарэчнымі ў «белых кубах» любых інстытуцый цывілізаванага свету, бо зроблены нібыта па інтэрнацыянальных шаблонах. Кіно пануе — тут дамінуюць відэаінсталяцыі, сярод якіх маюцца нават такія, што хочацца даглядзець да фіналу. Кранальнае відэа Сашы Піраговай «Чарга» (2017), зробленае па матывах аднайменнага рамана Уладзіміра Сарокіна (1983) — з такіх. А вось двухканальную праекцыю Рамана Макрова «Мая мелодыя» (2012) даглядзець немагчыма. І не таму, што яе даўжыня каля гадзіны, — проста сапраўднае падарожжа ў электрычцы вачыма статычнага пасажыра пад музыку ў ягоным плэеры перажываецца як медытацыя, у якой можна растварыцца. Раздзел найбольш тэхналагічна «прасунуты» — тут маюцца працы і з віртуальнай (Кірыл Макараў, «Дождж пойдзе, цела маё, рукі, ногі буду сячы», 2017), і з гукавай (Даніл Акімаў, «Мой філасофскі камень», 2013) рэальнасцямі. Аднак адчуваецца нейкія адасобленасць і ненатуральнасць мастацкіх пасланняў — зразумела, чаму яны вынесены ў асобны раздзел. Нават асабістыя творы Маяны Насыбулавай з Самарскай вобласці («Актуальны бурштын», 2015) успрымаюцца неяк па-еўрапейску халодна, каталагізавана. Такім жа выглядае арт-актывізм «Групіроўкі ЗІП»: правакатыўнасць цалкам у межах цытат з заходніх калег — Бойса, Абрамавіч, Хіршхорна ды іншых. Можна паспрачацца наконт наднацыянальнасці прадстаўленых мастацкіх практык, але так, гэтыя творцы добра ведаюць міжнародную мову сучаснага мастацтва. Вопыт удзелу ў інтэрнацыянальных праектах паказвае, што ўсе тыя мастакі зразумелыя. Правільна зразумелыя.
«Марфалогія вуліц» пачынаецца звонку «Гаража» — з працы наўгародскай каманды «ТОЙ»: велізарнай размаляванай аўтапакрышкі з высаджанымі ўнутры бярозамі («Клумба», 2017). Гэтая гіпертрафаваная прыпад’ездная інсталяцыя адкрывае дырэкторыю, прысвечанаю стрыт-арту — надзвычай актуальнаму мастацтву, што робіць бачным у грамадскай прасторы выказванні тых супольнасцей, якія права голасу не маюць. Творы пяці запрошаных мастакоў і мастацкіх груп размясціліся на чатырох асобных лакацыях парку Горкага. Напрыклад, сцяну адміністратыўнага будынка акупавала стракатая істота Кірыла Лебедзева («Дзякую за ўвагу і спробу разумення», 2017). Побач — адкрытыя спаборніцтвы паводле адной з першых савецкіх электронных гульняў «Ну, пачакай!», арганізаваныя арт-групай «Злыя»: волк-райдар замест яек ловіць балоны з фарбай, сярод удзельнікаў будзе вызначаны пераможца, які атрымае прыз.
І, нарэшце, апошняя дырэкторыя. «Лакальныя гісторыі мастацтваў» — тая самая, адукацыйная. Яна ўяўляе з сябе рэгіянальныя аднадзённыя сесіі-дыскусіі ў лекторыі «Гаража», закліканыя — у маніфестацыйнай трактоўцы іх куратара Валянціна Дзьяканава — «разбурыць знутры манаполію цэнтраў на апісанне і асэнсаванне жыцця ў рэгіёнах». Наколькі атрымаецца такое «разбурэнне», пакажуць, уласна, дыскусіі, куды запрошаны куратары, філосафы, музейшчыкі і іншыя прадстаўнікі рэгіянальных культурных эліт — ад Калінінграда да Уладзівастока, па рэгіёне на дзень.
Пакуль невядома, ці ажыццяўляльны амбіцыёзны замах «Гаража», часткай якога з’яўляецца трыенале, — стварыць устойлівую інфраструктуру сучаснага расійскага мастацтва. Але вось што бачыцца ў чыстых выніках: плённыя палявыя даследаванні рэгіёнаў; выразная выстава-справаздача, што рэпрэзентуе наяўнае мастацтва краіны; адукацыйная праграма, якая лучыць сталіцу і рэгіёны; запуск вэб-платформы пра мастакоў і арт-сцэны краіны. Згадзіцеся, гэта зусім не мала!
Павел ВАЙНІЦКІ