Але што прымушае ўдзельнікаў-падлеткаў журыцца на развітанне? На вачах у дарослых яны абдымаюць адно аднаго і не тое каб румзаюць — захлынаюцца слязьмі, тут жа звязваюцца ў сацыяльных сетках ды праз Google Maps пазначаюць, дзе шукаць... сяброў? Паплечнікаў? Відавочцаў поспеху або няўдачы? Колькі фестывальных дзён яны бачыліся і зносіліся, усё адно як высвятлялі групу крыві (якія там яшчэ фенатыпічныя адзнакі?) і вось цяпер, пры кайстрах ды валізах, пры аўтобусных дзвярах высветлілі, што ледзь не адной маткі дзеці!.. Мабыць гэты «старонні эфект» — прыхаваная, неабвешчаная, але існая мэта падобных сустрэч, «цуд цудоўны», быццам бы не абяцаны, але спраўджаны?
«Цуд цудоўны» — пастаноўка з Адэсы паводле Мікалая Гогаля і Рыгора Квіткі-Аснаўяненкі, і ў гэтым спалучэнні ўжо мірсціцца нешта фантасмагарычнае; да ўсяго навучальны тэатр Дзіцячай тэатральнай школы мае назоў «ТУ-154»: і як тут не ўзляцець разам з вядзьмарскай плоймай ад нацыянальных класікаў?! Строга кажучы, літаратурную падставу для сцэнічнага твора яшчэ можна габляваць ды выточваць, але складнікі вакальныя, пластычныя і рытмічныя рэжысёр-педагог Фёдар Ткач паточыста і няўгледна ператварыў у магічныя, так што ўжо не прынцыпова, дзе Хімка, дзе Пазька і як сарочынскі галава перакідаецца канатопскім сотнікам. Важна, як з кубоў, поліэтылену, пырскаў чырвонай фарбы будуецца сцэнічны свет, як выкарыстоўваецца музыка і цытата з папулярнага старога фільма (сцэна заляцання Дзяка да Салохі), як мала не ўсе прадметы на сцэне выкарыстоўваюцца ў якасці рытмічных прылад, а свае галовы, валасы, рукі выканаўцы прыпадабняюць да аб’ектаў, сягаючы ад прыёмаў contemporary dance да ўмоўнасці лялечнага тэатра. Як тут не ўзлунаць да Гран-пры?!
На тле татальнай, нават настырчанай украінскай тэатральнасці «Згадкі пра дзяцінства» Рымдзюнскай сярэдняй школы (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) выглядалі кранальным кантрастам — тэатралізаваны літаратурны мантаж мацавала адказнасць і найшчырэйшая вера выканаўцаў у прапанаваныя абставіны.
У цэнтры вершаванага аповеду і сцэнічнае прасторы месцілася Бабуля, вакол браліся ўзахапкі і дужаліся языкамі ўнукі з вылучнай тройцай Віліі Кімсайтэ, Монікі Петрык ды Іллі Дзмітрука. Дзякуючы Марыі Юльянаўне Мажэйцы, актрысе-аматарцы і народнай майстрысе, паказ нагадаў аўтэнтычны літоўскі дваровы тэатр — Рымдзюнская школа прадстаўляла якраз беларускіх літоўцаў, чые мова, пераемнасць і шанаванне народных традыцый здабылі адмысловы форумны дыплом.
Спектаклі тэатральнага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў № 2, гаспадыні форуму, заўсёды дэманструюць ухвальную студыйнасць і зайздросна высокі ўзровень працы з дзецьмі. Не зрабіўся выключэннем і сёлетні спектакль «Русалачка» паводле Ханса Крысціяна Андэрсена, дыхтоўна прыдуманы, распрацаваны ды ўвасоблены рэжысёрамі-педагогамі Ірынай Фларызяк і Аляксандрай Некрыш. Знайшліся і перліны і перлінкі, напрыклад, у мастацкім афармленні — рух марскіх насельнікаў за празрыстым покрывам шырмаў і камп’ютарнае крэсла на колцах, абыгранае як трон русалаччынай Бабулі; у акцёрскім выкананні — эпізоды з тым, як ладзілі на моры шторм, дарылі зброю Прынцу (Фёдар Савельеў), забіралі голас ад Русалачкі (Ксенія Бортнік)...
Артыстызм, відовішчнасць і музычнае афармленне пастаноўкі былі адзначаны абсалютна справядліва. Але па тым, з якой ступенню ўпэўненасці й налаўчонасці выконвалі свае задачы юныя артысты, рабілася відавочным: выкшталціць канчаткова, давесці задуму да бляску папросту забракавала часу.
Натоўп чароўнае дзятвы гадоў васьмі альбо дзевяці раптоўна апынуўся сур’ёзным тэатрам Bel Etage з Беластоку — ды яшчэ з філасофскай казкай «Вандроўнік» паводле «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Трыццаць пяць хвілін не выпала нават на імгненне адвярнуцца ўбок ад сцэны, бо Маленькі прынц так аддана даглядаў сваю адзіную кветку, разумны Кароль так вынаходліва сачыў усход Сонца, а ягоны Сусед так гучна пакаваў ды разбіраў свой заплечнік! Кожнага персанажа пастаноўшчыца Малгажата Сянкевіч стварыла пазнавальным, характарным, яркім, дасціпна абыграўшы індывідуальнасці выканаўцаў: чаго варты адзін ружовы кветнік, наладаваны амаль двума дзясяткамі адметных красуняў! Тыя адначасова сварацца, мірацца, прыхарошваюцца, але нікому нічога не змоўчаць! Асаблівае захапленне выклікалі бацькі, якія суправаджалі сваіх вандроўнікаў на мінскі форум і сцішана перажывалі за іх (лепш сказаць — заўзелі) падчас паказу.
Яшчэ трэці тэатральны форум «Крокі» засведчыў, што вобразная мова, пастановачныя прыёмы і драматургія конкурсных спектакляў заўважна ўскладніліся. Сёлета проста пасярод сцэны Тэатра юнага гледача расклаў вогнішча Тэатр-студыя «Дзверы» з Масквы... ды так, што апавяшчальнікі пад столлю тюгаўскай глядзельні замігцелі чырвоным! Ну добра, дым пускалі дымавыя машыны, а сцэна ТЮГа імі абсталяваная — якраз для паказу спектакля «Звер» паводле «Уладара мух» Уільяма Голдынга, бо там, па сюжэце, агонь падтрымліваюць, каб уратавацца. Вогнішча адразу выявіла і найлепшую форумную сцэнаграфію, і трываласць працы рэжысёрак Кацярыны Міронавай ды Кацярыны Гусцяковай з хлапечым складам выканаўцаў, бо проста напусціць дыму і забіць дзіка ў кулісе — малавата будзе. А заглыбіцца ў жудлівую алегарычнасць рамана з выканаўцамі-падлеткамі (і старэйшымі, і малодшымі) — як апынуцца паміж молатам і кавадлам, як на мінах пад бомбамі. Трэба, сама менш, каб яшчэ і пашэнціла.
Як пашэнціла хлопчыкам уратавацца ў авія-
катастрофе на незаселенай выспе: з усіх бакоў вада, але ўмовы для жыцця маюцца, і трэба толькі міжсобку дамовіцца, паразумецца, аб’яднацца перад небяспекамі, уласнымі страхамі, фізічным цяжарам. Паводле закону... Пра тое, што з’яўляецца чым — законам, зверам, чалавекам, — ад падзеі да падзеі намагаюцца разабрацца адзінаццаць падлеткаў-выканаўцаў, якіх часам літаральна няма чым прыкрыць — ні дымам, ні рэжысёрскім прыёмам! Бо да споведзі і шчырага прызнання наўпроставым шляхам не ходзяць...
«Звер» выявіўся адным з самых моцных і запатрабаваных спектакляў форуму, здабыў прыз глядацкіх сімпатый, дыплом за лепшую мужчынскую ролю Хрушы Алегу Сцяпанаву... Якім педагагічным шляхам крочылі пастаноўшчыцы? Які чароўны закон у працы над спектаклем спавядалі? Сцэнічнага, тэатральнага, пэўна, забракавала б, патрабаваўся нейкі асаблівы — студыйны, альпінісцкі! Вось толькі напал жарсцяў і глыбіню шчырасці з абодвух бакоў рампы студзіла прысутнасць афіцэра-выратавальніка: пакуль цягам усяе пастаноўкі ён натаваў аповед Ральфа, дзеянне твора выўлялася хіба бяспечнай хлапечай згадкай...
Самымі шматнаселенымі выявіліся спектаклі з Літвы і Эстоніі. Школьнікі ды гімназісты з Клайпеды разважалі «Ізноў пра каханне», а стракатыя персанажы літаратурных твораў бавіліся «Класікай у пыле». І наколькі якаснай, адметнай, сакавітай ставала літаратурная падстава «Класікі...», настолькі штучным і нават кан’юнктурным успрымалася «...Каханне», цьмяна адбіваючы гісторыю трагічнага падлеткавага кахання з Шэкспіра. Між тым рэжысёрка Галіна Сямёнава і яе артысты (з тэатра «Маска» асноўнай школы імя Максіма Горкага і тэатра «Талісман» гімназіі «Айтвара») аказаліся на вышыні: усё прыкінулі на сабе! Вынаходліва асвойталіся з абставінамі. Разабраліся з характарамі. Дар’ю Бусько ўзнагародзілі за лепшую жаночую ролю Марго (новай Джульеты), а ўвесь склад выканаўцаў — за глыбокае асэнсаванне і шчырае ўвасабленне тэмы сяброўства і кахання. А гімназістаў з Кохтла-Ярве — за акцёрскі ансамбль і адметнае вырашэнне класічных мініяцюр, пра якія пакуль што дастаткова паведаміць толькі адно: уладальніца вядомай беларускай антрэпрызы прапанавала паказаць іх беларускім гімназістам і для гэтага ўзялася зладзіць сапраўдны гастрольны тур. Нішто сабе крок, пагадзіцеся?