На беларускай сцэне спявак выконвае партыі Ленскага ў оперы «Яўген Анегін» і Альфрэда ў «Травіяце», Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» і Пэпе ў «Паяцах», Таміна ў «Чароўнай флейце». Ён лаўрэат Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Александроўскай, атрымаў Гран-пры Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Нашага саліста высока ацанілі і слухачы іншых краін, дзе Юрый Гарадзецкі ўпэўнена выступае на лепшых пляцоўках.
Юрый, дзесяць гадоў вы захоўваеце вернасць аднаму тэатру.
— Па-першае, не было вострага жадання кудысьці з’ехаць. Па-другое, нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць любімая прафесія, якой можна займацца, у прынцыпе, усюды, жыць больш прыемна побач з блізкімі людзьмі. Таму я жыву там, дзе знаходзіцца найбольшая колькасць людзей, якія мне вельмі дарагія, — у Беларусі. Бацькі жонкі некалькі гадоў таму перабраліся ў Мінск, каб быць бліжэй да нас. Калі з’язджаю кудысьці — заўсёды неадольна цягне дадому, асабліва па вечарах, калі ўсе справы скончаны і ёсць час для разважанняў. Настальгія, безумоўна, не выдумка.
А калі адбылася ваша першая паездка на міжнародны конкурс?
— У той самы год, калі быў залічаны ў стажорскую групу тэатра. Летам, калі перайшоў на пяты курс кансерваторыі, у Санкт-Пецярбургу ладзіўся Усерасійскай конкурс вакальна-фартэпіянных дуэтаў. Пачаў марыць пра паездку, як толькі ўбачыў прозвішчы членаў журы — выдатных спевакоў, піяністаў, выкладчыкаў. Старшыня — Уладзімір Чарноў, саліст Марыінскага тэатра і «Метраполітэн-оперы». Конкурс меў тры туры, я прывёз дыплом.
Ці ўзнікае трывалае сяброўства з калегамі пасля выступленняў на конкурсах? Гэта ўвогуле рэальна?
— Напрыклад, пасля конкурсу ў Санкт-Пецярбургу, калі скончылася ўзнагароджанне, мы нават з членамі журы размаўлялі на роўных, як калегі. Міхаіл Аркадзьеў, дырыжор, піяніст, кампазітар, доктар мастацтвазнаўства, казаў нам: «Пішыце, тэлефануйце мне ў любы час, ідзіце на кантакт — наперад, дзейнічайце. Калі патрэбна прафесійная парада, я заўсёды вам адкажу». Нядаўна хтосьці з калег згадаў шыкоўную фразу: «Роўмінг сяброўству не перашкода». Калі сур’ёзна, мы перапісваемся і заўсёды вельмі цёпла сустракаемся, гэтыя адносіны шчырыя. З дапамогай сяброў ёсць магчымасць праз двух-трох знаёмых знайсці патрэбнага чалавека з музычнага свету і ў Еўропе, і ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы.
Пасля Пецярбурга вы прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Франсіска Він’яса ў Іспаніі...
— Гэта было цікава як з мастацкага пункту гледжання, так і з жыццёвага. Першы раз самастойна прыехаў у Еўропу — са мной была канцэртмайстарка Таццяна Лойша. У плане творчым усё прайшло ўдала, а ў пабытовым так атрымалася, што ўвесь вольны час мы праводзілі пераважна ў гатэлі. Студзень, Барселона, цудоўнае надвор’е, прыстань, яхты... Нам хацелася пагуляць, паглядзець горад... Але, не ведаючы, як адрэагуе мой голас на новы для яго клімат, я сядзеў у нумары і ад гатэля на два крокі не адыходзіў. Праграма майго выступу была складзена з нямецкіх, французскіх, рускіх рамансаў, аратарыяльнага сачынення. У выніку я выйшаў у фінал і атрымаў дыплом. Калі вярнуліся з Іспаніі, вырашылі, што трэба і далей удзельнічаць у вакальных спаборніцтвах, пачалі рыхтавацца да аднаго з самых старых і буйных — Міжнароднага конкурсу імя Каралевы Елізаветы ў Брусэлі.
Менавіта пасля конкурсу ў Бельгіі, лаўрэатам якога вы зрабіліся, педагог і спявачка Райнэ Кабаіванска запрасіла вас на стажыроўку ў Італію. Чым прыцягнулі ўвагу знакамітасці?
— Нягледзячы на тое, што маладыя спевакі-пачаткоўцы яшчэ шмат чаго не ўмеюць, яны здольныя ўключацца ў працэс выканання музычнага твора ўсёй душой, і гэтым сімпатычныя. Хочацца іх падтрымаць, падбадзёрыць. Я ўдзячны, што і ў ва мне такую якасць калісьці заўважылі. Імкнуўся раскрыцца, шчыра паказаць, што адчуваю. Пачуцці нельга «намаляваць». Дасягнуты вынік, вядома, заслуга прафесуры, якая са мной працавала. Думаю, маладым трэба пастаянна раіць, тлумачыць, што трэба аддаваць; вывучаныя партытуры застануцца проста тэкстам і нотамі, калі не напоўніш іх уласнымі перажываннямі і эмоцыямі.
Я быў малады, наіўны, у маім выкананні, напэўна, хапала недахопаў, якія Райнэ захацелася выправіць. Яна прапанавала мне стажыроўку ў Італіі. Атрымаў запрашэнне, адкрылі візу на год, і я паехаў. Займаўся італьянскай тэхнікай спеву пад яе кіраўніцтвам, Райнэ нават паспрыяла маім выступленням на мясцовай сцэне, каб мне было за што жыць. Потым на працягу паўгода спрабавала «прадаць» мяне імпрэсарыа — я ездзіў на розныя праслухоўванні, але тады гэта не спрацавала. Можа, не хапала неабходнага прафесійнага глянцу? Я імкнуўся выявіць уласную свежасць, «незаспяванасць», а імпрэсарыа асцерагаліся, што я яшчэ «зялёны».
Ці ведаюць вас сёння міжнародныя імпрэсарыа? Існуе міжнародная база оперных выканаўцаў?
— База, напэўна, ёсць, але для таго, каб цябе памяталі і мелі на ўвазе, трэба пастаянна кудысьці ездзіць праслухоўвацца. Хоць, як нам распавядалі педагогі, кастынг-менеджары нікога не забываюць. Пра гэта казалі ў такім кантэксце: калі вы адчуваеце сябе не надта добра перад праслухоўваннем, лепш ад яго адмовіцца: як вы спявалі, запомняць надоўга, а інфармацыя пра тое, што вы ў гэты час хварэлі, забудзецца. Наймаючы невядомага спевака на пэўную ролю, яны шмат чым рызыкуюць, бо на пастаноўку выдаткоўваюцца вялікія грошы. Таму звычайна запрашаюць правераны склад.
Першы свой кантракт я атрымаў праз два гады, у 2010-м, у Бельгіі, калі вучыўся ў каледжы каралевы Елізаветы, у оперным класе знакамітага бельгійскага бас-барытона Жазэ ван Дама. Ён быў нашым пастаянным педагогам, і той вопыт, які перадаваў вучням, — унікальны. На сцэне Каралеўскай оперы Валоніі я выканаў тады партыю графа Эрыка ў пастаноўцы «Сапраўднае пастаянства» дырыжора Хесуса Лопеса Кобаса. На гэтай жа сцэне праз два гады праспяваў партыю Якіна ў оперы «Фідэліа» пад кіраўніцтвам дырыжора Паола Арывабені.
Вас запрашаюць прыняць удзел ва ўсіх конкурсах, куды вы падалі заяўку?
— Пасля Барселоны мы ўпарта дасылалі дыскі з маімі запісамі на «Апералію» — конкурс Пласіда Дамінга. Два ці тры разы атрымлівалі адказ, маўляў, віншуем, рады былі пазнаёміцца, але вы не прайшлі. Нарэшце ў ліпені 2011 года паўдзельнічаў і ў «Апераліі», якая тады ладзілася ў Маскве. Набор быў усяго 42 чалавекі, там я сустрэўся з хлопцамі, з імі да гэтага мы падзялілі 1-ю прэмію на конкурсе імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве.
На конкурсе ў Варшаве вы атрымалі некалькі спецыяльных узнагарод, у ліку якіх прыз журы за лепшае выкананне твораў польскага рэпертуару і прэмію лепшага тэнара конкурсу. А яшчэ спецыяльныя прызы ад вядучых оперных тэатраў Польшчы — удзел у пастаноўках Варшаўскага опернага тэатра і Вроцлаўскай оперы. А пасля «Апераліі» Пласіда Дамінга запрасіў вас удзельнічаць у Моладзевай опернай праграме Вашынгтонскай оперы. Як была арганізавана гэтая вучоба?
— У Вашынгтоне ладзіліся майстар-класы з удзелам вядомых оперных выканаўцаў, якія па-свойму бачылі і чулі развіццё нашых галасоў і спрабавалі пераканаць нас у сваім бачанні. Але на адзін капыл усіх не падгоніш. У нейкі момант сказаў свайму педагогу (аднаму з тых, што прыязджалі да нас пару разоў на месяц займацца вакалам і тэхнікай, спрабуючы нешта кардынальна памяняць у манеры выканання): «Не, мне такая сістэма не падыходзіць, і я гэта адчуваю...» У выніку педагог вырашыў, што мы больш не займаемся, міла развіталіся. Я сабраў свае ноты, ён сабраў свае, мы паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Я застаўся без выкладчыка, таму вырашыў самастойна паспрабаваць працаваць з іншым рэпертуарам — выконваць крыху больш Вердзі, Пучыні. Але калі голас не адпавядае маштабу партыі ці твора, ты разбураеш яго. Вось, уласна, са мной гэта ў пэўнай меры і адбылося. Я пражыў там два гады, за час стажыроўкі выканаў на сцэне Вашынгтонскай оперы партыі Атавіа ў «Дон Жуане», Эдманда ў «Манон Ляско», Пастуха і Маладога марака ў пастаноўцы «Трыстан і Ізольда» дырыжора Філіпа Агана. Нарэшце зразумеў, што трэба спыніцца, і вырашыў вярнуцца дадому. У мяне былі сур’ёзны рэпертуар у Мінску і кантракты ў Еўропе. Трэба было спяваць, нягледзячы на праблемы з голасам.
А хто вашы педагогі тут, у Беларусі?
— Я знайшоў свайго педагога дзесяць гадоў таму. Дзякуючы Віктару Скорабагатаву не трэба нікуды ездзіць, каб зразумець самае галоўнае пра сябе і ўласны голас. Талент Скорабагатава ззяў на опернай сцэне, пры гэтым майстар працягваў вучыцца і ўдасканальвацца, у яго былі стажыроўкі ў «Ла Скала». Ён таксама прайшоў гэты шлях, я стаўлюся да Віктара Іванавіча з бязмежнай павагай, мы з ім гаворым на адной мове. Калі педагог выходзіць на эмацыйны ўзровень у зносінах з вучнем, калі настаўніку давяраюць, тады яму лёгка ўплываць на розум і тэхніку навучэнца. Гэта цудоўна, калі ў педагога індывідуальны і сур’ёзны падыход да кожнага.
Ці можна сцвярджаць, што Вольфганг Амадэй Моцарт — адзін з вашых любімых кампазітараў?
— У 2012-13 гадах я спяваў шмат музыкі Моцарта. У Вашынгтоне прыняў удзел у пастаноўцы «Дон Жуана». Тады ж паралельна вучыў партыю Ферандо ў оперы «Так робяць усе жанчыны», каб выканаць яе ў Маскве. Пасля канцэртнай версіі дырыжор Стэфан Мантанары паставіў яе ў Вялікім тэатры Расіі. Тады я пастаянна адчуваў сябе ў моцартаўскай стылістыцы, у моцартаўскім гуку, не хацелася распыляцца, імкнуўся дасягнуць відавочных вынікаў.
На сцэне маскоўскага Вялікага выканаў таксама партыю Таміна ў «Чарадзейнай флейце» Моцарта з дырыжорам Крыстаферам Мулдсам. Таміна я спяваю таксама і ў Мінску, на сцэне нашага тэатра. З нецярпеннем чакаю працы над новай версіяй «Чарадзейнай флейты», яе ставіць нямецкі рэжысёр Ханс-Іахім Фрай. Прэм’ера на нямецкай мове адбудзецца ў беларускім тэатры ў красавіку.
Якімі кампазітарамі вы цікавіцеся сёння?
— З аднаго боку, захапляе тое, над чым працуеш. З іншага — мне вельмі цікавая музыка Расіні. Я не «расініеўскі» спявак у чыстым выглядзе, аднак мне хочацца паспрабаваць дайсці да сваёй «столі» тут. Моцарт і Расіні мне падабаюцца па-вар’яцку, і я працую цяпер над іх опусамі, пакуль «у стол», бо ў маім бягучым рэпертуары асаблівай запатрабаванасці ў гэтых творах няма.
Ці змяніўся спіс вашых роляў за мінулыя гады?
— Пераход ад партыі да партыі ў мяне адбываецца досыць павольна. Не хачу спяшацца. Разумею, што не быў падрыхтаваны эмацыйна і фізічна да тых герояў, у якіх павінен быў пераўвасабляцца дзесяць гадоў таму.
Я занадта позна пачаў уключацца ў класіцызм, у італьянскую манеру спеваў. Можа быць, менавіта таму Райнэ, пачуўшы мяне на конкурсе, і захацела папрацаваць з маім голасам, яму, магчыма, італьянскі стыль выканання якраз пасуе. Я заскочыў у апошні вагон і цяпер спрабую рэалізаваць сябе ў гэтым кірунку. Мне 33 гады, і я разумею, што голас хутка пачне мяняцца.
У рэпертуары лірычнага тэнара не шмат герояў?
— Проста не ўсе творы на слыху. У Даніцэці, Расіні, Моцарта багата партый у операх, і вельмі складаных, але неабходны час, каб да іх дарасці. Цяпер я адчуваю, што пры належнай цярплівасці і працы можна дасягнуць нядрэнных вынікаў.
Ці ёсць у вас каронная роля? Можа, Ленскі ў «Яўгене Анегіне»?
— Напэўна, ён. Каронныя ролі з’яўляюцца на пэўным этапе прафесійнай дзейнасці, у пэўны перыяд часу. Але потым мы змяняемся, і прыходзяць новыя партыі, над якімі трэба шмат працаваць, каб яны сталі кароннымі. Кожны дзень мы новыя, кожны дзень пачынаем з нуля. Калі раней шанаваныя мной спевакі і педагогі казалі: «Штодня я прачынаюся і пачынаю будаваць свой голас зноўку», — я думаў, гэта нейкая метафара.
Цяпер усведамляю: гэта абсалютная рэальнасць. Калі чую сябе пасля таго, як два дні не пазаймаўся, разумею, што голас сышоў у нейкае іншае рэчышча. Оперныя спевы — гэта пастаяннае балансаванне, хаджэнне па вузкім лязе брытвы. Нельга схапіць жар-птушку за хвост, утрымаць немагчыма, бо апячэшся, можна толькі за ёй імкнуцца.
Хто ж тады кіруе: спявак голасам ці наадварот?
— Цікавае пытанне. Але ганю яго ад сябе. Нельга быць рабом свайго голасу. Праўда, часам менавіта так і атрымліваецца. Трэба быць заўсёды ў форме.
Вы атрымалі адукацыю ў Беларускай акадэміі музыкі, затым вучыліся ў Італіі і Бельгіі. Ці складана засвоіць розныя манеры спеваў?
— Калі вучыўся ў Бельгіі, выконваў і канцэртныя творы, і камерныя оперы. Шмат займаўся, бо я не франкамоўны выканаўца, таму мае ноты былі проста чорныя ад розных значкоў, у тым ліку і падрабязнай транскрыпцыі. Ёсць каноны вымаўлення, кіруючыся якімі будзеш добра гучаць, калі нават не валодаеш мовай. Цікава, што ван Дам казаў свайму вучню-французу пра мяне, маўляў, «у гэтага беларуса вымаўленне лепш, чым у цябе». Нас вучылі, як дадзеную ноту ўзяць: і стылістычна, і ў плане гаворкі, як з ноты ў ноту правільна перайсці. Гэта тэхніка, велізарны аб’ём інфармацыі, які трымаеш у галаве падчас выканання. Набор прафесійных прыёмаў, што выкарыстоўваюцца непасрэдна ў музыцы — рускай, італьянскай, французскай, нямецкай.
Калі чалавек спявае на замежнай мове, на якой не думае ў паўсядзённым жыцці, ён у стане перадаць рэальныя эмоцыі?
— Дакладнае веданне, напрыклад, французскага тэксту і рускага перакладу, інакш кажучы, поўнае, абсалютнае пранікненне ў слова, трывалая вакальная база, пэўная стылістыка, дзе не можаш дазволіць сабе ніякіх вольнасцяў, — падмурак, на якім трымаецца партыя. І ўжо потым на самым версе гэтага падмурку — пачуцці і эмоцыі. Як у парфумерыі: водар тым больш вытанчаны, чым больш гарманічна спалучаюцца ўсе інгрэдыенты. У спевах тое ж: калі вывераны тэкст, стылістыка, гук, калі ў класе гэта зроблена і вывучана ідэальна, калі спяваеш і пра гэта ўвогуле не думаеш, тады пачынаецца чыстая творчасць, выканаўца дадае ўяўленне, эмоцыі, адчуванні ў слове.
А калі голас ад прыроды ёсць, прысутнічае музычная інтуіцыя, ці зможа чалавек праспяваць без такой складанай тэхнічнай падрыхтоўкі?
— Мне здаецца, мы з задавальненнем слухаем людзей, якія спяваюць, як кажуць, сэрцам, нават без спецыяльнай падрыхтоўкі. Вядома, гэта не зусім правільнае выкананне. На жаль, прафесійнае вуха не прапускае ніводнай памылкі, ты ўсё выдатна чуеш, але часам «чапляе» настолькі, што проста забываеш пра тэхніку. Калі за ўсімі памылкамі і вакальнымі хібамі ёсць дзве жывыя ноты, якія чалавек праспяваў так, што ты яму ўсё даруеш, — гэта шчасце, гэтага дастаткова, каб атрымаць задавальненне і нават нечаму навучыцца.
Нядаўна завяршыўся конкурс «Вялікая опера» на расійскім канале «Культура», у якім вы сталі фаварытам мільёнаў гледачоў. Чым адрознівалася тэлевізійнае спаборніцтва ад традыцыйных вакальных?
— На здымках рэжым вельмі напружаны, ды і мегаполіс дыктуе свае ўмовы. Хочацца больш сузіральнасці ў працы, каб не толькі бачыць сябе збоку, але і зазіраць унутр. Але ў шоу на гэта часу не застаецца, ты толькі робіш, робіш, робіш і часам проста не разумееш, як гэта атрымліваецца. Аднак я зразумеў, што трэба было прайсці і яго. Самы галоўны вынік — у мяне з’явіліся новыя сябры. Нам няма чаго дзяліць, потым мы будзем успамінаць конкурс з цёплай усмешкай, а сяброўства можа працягвацца.
Вольга САВІЦКАЯ