Гэты праект мае вялікую культурна-пазнавальную каштоўнасць. Асабіста для мяне важкі і дарагі тым, што ў сваіх навуковых даследаваннях я даўно засяродзілася на асобе і творчасці Мечыслава Карловіча, праходзіла навуковыя стажыроўкі ў Польшчы (у Варшаўскім універсітэце і Варшаўскай акадэміі навук). Без гэтай шматгадовай папярэдняй працы канцэрт не змог бы скласціся. Слухачам былі прадстаўлены ўнікальныя музычныя матэрыялы — у выглядзе нотных выданняў і неапублікаваных рукапісаў. А таксама матэрыялы літаратурныя, дакументальныя і эпісталярныя — з бібліятэчных фондаў Польшчы, знойдзеныя падчас маёй працы над манаграфіяй пра Карловіча. Праўда, яе выданне яшчэ наперадзе.
Мечыслаў Карловіч нарадзіўся і правёў дзяцінства ў вёсцы Вішнева Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, у фамільным маёнтку шляхецкай сям’і Карловічаў. Аднак яго імя на доўгі час аказалася выкраслена з гісторыі культуры Беларусі, а ягоная творчая спадчына — з айчыннага музычнага ўжытку, бо дзейнасць музыканта разгортвалася пераважна ў Польшчы, дзе ён і набыў славу як буйны кампазітар, заснавальнік польскай сімфанічнай музыкі XX cтагоддзя, яркі прадстаўнік творчай групы «Маладая Польшча». Для Беларусі гэта, безумоўна, вялікая страта, бо Карловіч быў выключнай асобай, якая мела разнастайныя інтарэсы і здольнасці. Як творца ён па-майстэрску валодаў кампазітарскай тэхнікай, меў рэдкі па прыгажосці меладычны дар. Акрамя таго, мы ведаем яго як скрыпача, дырыжора, перадавога музычна-грамадскага дзеяча, таленавітага літаратара, майстра мастацкай фатаграфіі і разам з тым прафесійнага альпініста. Ён належаў да таго тыпу кампазітараў, што здолелі ўзбагаціць заходнееўрапейскую музыку традыцыямі ўсходнеславянскага меласу. У сімфанічных творах «Адвечныя песні» і «Літоўская рапсодыя» Карловіч перадаў усю прыгажосць аўтэнтычных беларускіх напеваў, прасякнутых асаблівай тугою і бясконцым смуткам.
Канцэрт «Святла пагаслай зоркі вечны шлях» быў увасоблены лаўрэаткамі міжнародных конкурсаў Святланай Старадзетка (вакал) і Юліяй Архангельскай (фартэпіяна). У іх выкананні прагучалі рамансы Мечыслава Карловіча і Яна Карловіча на вершы розных паэтаў, а таксама творы сучаснікаў кампазітара, Караля Шыманоўскага і Ігнацыя Падзярэўскага.
Цікавасць да жанру песні кампазітар вынес з бацькоўскага дому, дзе ён удзельнічаў у сямейным музіцыраванні, а ў роднай вёсцы чуў шмат спеваў беларускіх сялян. Вакальныя творы Карловіча, якія прынеслі яму шырокую вядомасць, цесна звязаныя з сядзібна-шляхецкай музычнай культурай і пераасэнсоўваюць рысы рамансавай лірыкі Станіслава Манюшкі, што, як вядома, прызначаў свае песеннікі для хатняга выканання. Упрыгожылі вечар два рамансы, глыбокія і пранікнёныя тэксты якіх прагучалі на беларускай мове ў перакладзе паланісткі, перакладчыцы польскай літаратуры Інэсы Кур’ян.
Самыя раннія сачыненні Мечыслава Карловіча былі напісаныя яшчэ ў часы юнацтва, але, на жаль, большасць інструментальных кампазіцый, за выключэннем некалькіх опусаў, не выдадзены. Таму сапраўдным адкрыццём вечарыны стала прэзентацыя новых твораў. Упершыню на філарманічнай сцэне прагучалі недрукаваныя вакальныя і інструментальныя творы Мечыслава Карловіча і яго бацькі Яна Карловіча, буйнейшага вучонага еўрапейскага маштабу, вядомага ў Беларусі фалькларыста-этнографа, які, апроч іншага, цудоўна іграў на віяланчэлі, аргане і фартэпіяна, добра спяваў, складаў і абнаўляў уласны музычны рэпертуар.
Шматграннасць таленту Мечыслава Карловіча натхніла арганізатараў канцэрта на ідэю сінтэзу мастацтваў: у межах вечарыны адбылася выстава беларускага жывапісца Анатоля Бяляўскага, таксама ўраджэнца Смаргоншчыны. Творца вырас і вучыўся ў Вішневе і таму выставу пад назвай «Рапсодыя Вішнеўскага возера» прысвяціў Мечыславу Карловічу, свайму славутаму земляку.
А сам кампазітар трагічна загінуў ва ўзросце 33 гадоў, у росквіце сіл і таленту, засыпаны снежнай лавінай падчас горных падарожжаў. На месцы гібелі Карловіча ў Татрах усталяваны мемарыяльны камень, на якім надпіс «Non omnis moriar», што значыць «Не цалкам я памёр». Сапраўды, святло музыканта не згасла. Яно будзе прамянець да таго часу, пакуль існуе духоўная патрэба ў далучэнні да мастацтва, у якім яднаюцца прыгажосць і вышыня творчага духу. Спадзяюся, кожны са слухачоў адкрыў для сябе ў гэты вечар чароўны свет музыкі Карловіча — то эмацыйна-напружанай, то стрыманай і сузіральна-філасофскай, тонка перададзенай выканаўцамі, і адчуў гонар за свайго земляка.
Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ