Яшчэ пры жыцці браты займелі высокі аўтарытэт у навуковых колах, былі абраныя ганаровымі сябрамі Акадэмій навук у розных еўрапейскіх краінах. Прызнанне навуковых дасягненняў Канстанціна (1806—1868) і Яўстафія (1814—1873) Тышкевічаў з гадамі набывае ўсё большую важкасць. Браты Тышкевічы не забытыя і сёння, іх імёны нярэдка згадваюцца на навуковых канферэнцыях, у музейных экспазіцыях, у турыстычных вандроўках...
Але ў адным мы ўсё ж засталіся безуважнымі да волатаў нашай навукі. Іх багацейшая творчая спадчына да цяперашняга часу застаецца цяжкадаступнай, бо амаль нічога з яе не было ў нас ні перавыдадзена, ні перакладзена. І гэта пры тым, што многае з напісанага Тышкевічамі не страціла сваёй каштоўнасці. Даўно наспела пара вярнуць беларускаму чытачу тое, што некалі выйшла з-пад іх пяра.
Маштабны шматтамовы праект «Беларускі кнігазбор», у якім мусіць быць прадстаўлена ўсё найбольш значнае, чым багатыя наша прыгожае пісьменства і навуковая літаратура, у сваім плане-праспекце прадугледзеў і выданне творчай спадчыны абодвух братоў паасобку. Цяпер вядзецца падрыхтоўка тома выбраных твораў Канстанціна Тышкевіча. Энцыклапедычныя даведнікі згадваюць ягоныя кнігі, напісаныя на польскай і расійскай мовах: «Вілія і яе берагі», «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі», «Гістарычнае паведамленне пра старажытныя замкі, гарадзішчы і могільнікі ў Літве і Русі Літоўскай». Аднак зусім неспадзявана пры перакладзе першай з пералічаных вышэй кніг я натрапіў на паведамленне пра існаванне яшчэ адной ягонай кнігі, пра якую я асабіста дагэтуль не ведаў. Гэта «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва» (1858). Тут мне хацелася б прыпыніцца і даць слова самому Канстанціну Тышкевічу, прывёўшы даволі вялікі ўрывак з ягонай «Віліі...», дзе якраз і распавядаецца пра тое, як нечакана паўстала гэтая кніга.
«...Ужо пачынала цямнець, калі мы прыпыніліся ля перавозу пры карчме ў Чабішках. З карчмы (як і заўсёды з карчмы) даносіліся да нашых вушэй крыкі і гоман адурманеных напоямі людзей. Даведаўшыся, што маё судна прыстала да берага, нейкія два трохі падвяселеныя васпаны, нібыта чакаючы майго прыбыцця сюды, выйшлі мяне спаткаць. Адзін з іх, яшчэ сярэдняга веку чалавек, у доўгім палатняным халаце, запэцканым і апырсканым фарбаю, даў мне падставу ўявіць у яго асобе нейкага мастака. Другі, ужо старога веку, меў чырвоны нос і шчокі, як у пракажонага, не дазваляў усумніцца ў тым, што з усёй паганскай міфалогіі ён пастаянна захоўваў веру ў аднаго толькі Бахуса. [...] Абодва гэтыя чалавекі падаліся мне арыгіналамі. Паколькі такіх мне вельмі мала сустракалася сярод вясковага люду на працягу майго падарожжа (а сустрэча з падобнымі арыгіналамі не раз стварае забаву і разнастайвае манатоннасць), то, узрадаваны такім спатканнем, я ўвайшоў да іх у бліжэйшае знаёмства. Першы вяртаўся з Зубішак, дзе ён, як потым мне паведамілі, размалёўваў брычкі. [...] Другі, прадстаўляючыся мне, сказаў, што ягонае прозвішча Леановіч, што ён служыў у гвардыі Красінскага, за што, паказваючы мне той медаль, падвешаны на ланцужку, ён мае ордэн на шыі.
— Гэта, відаць, падробка, і васпан за махлярства можа быць арыштаваны, — сказаў я яму на гэта пры першым знаёмстве.
— Божа барані! Маю на гэта патэнт, — адказаў мне Леановіч і, дастаючы з-пад добра падзёртага сурдута кларнет, дадаў: — Я граю на кларнеце, ведаю музыку па нотах і граю пяць генеральных, а з дзясятак прыгажэйшых мелодый ведаю на памяць.
— То зайграй жа мне, пане Леановіч, — сказаў я, узрадаваны, што знайшоў у ім арыгінала.
— Няхай яснавяльможны пан адступіцца на некалькі крокаў, бо мой кларнет надта пісклявы.
Я паслухаўся вандроўнага музыканта і адышоў на некалькі крокаў, а Леановіч, паведамляючы мне спачатку назву твора, які ён збіраўся выконваць, наігрываў неміласэрна вісклівым голасам нейкія старасвецкія п’ескі, якія рэха, разыходзячыся па рацэ, дакладна паўтарала на ўсю ваколіцу. [...]
— Якою ж працаю ты займаўся ўсё жыццё, пане Леановіч? Бо цяжка паверыць, што кларнет, на якім ты так хораша і душэўна граеш, пракарміў бы васпана і ягоную сям’ю.
— Я, яснавяльможны пане, па прафесіі наборшчык, працаваў шмат год у віленскіх друкарнях. У Зялкоўскага адбіваў абразкі з гравіравальных блях, а цяпер, на старасці гадоў, калі мне ногі і рукі не служаць, не магу больш працаваць у гэтай прафесіі.
Знайшоўшы ў гэтым арыгінальным чалавеку менавіта тое, што я шукаў, здаўна маючы задуму зрабіць адбіткі з літоўскіх гравіравальных пласцін, якія знаходзіліся ў маім зборы, я блаславіў той момант, калі сутыкнуўся з гэтым арыгіналам. Я пацікавіўся, ці не пажадаў бы ён заняцца ў мяне адбіткамі з пласцін. Ён пагадзіўся на гэта, і дамоўленасць між намі ўзнікла адразу ж. Леановіч, узяўшы грошы на дарогу, накіраваўся ў Мінск, дзе я застаў яго пасля майго вяртання з падарожжа. І, такім чынам, дзякуючы выпадковаму спатканню з тым нашчадкам ротмістра на беразе Віліі ў Чабішках, яшчэ ў той жа год я выдаў «Помнікі айчыннага гравіравальнага мастацтва»» [Вільня. Друкарня А. Марціноўскага. 1858].
Чым кніга Канстанціна Тышкевіча каштоўная для нас? Па-першае, аўтар сваёй кароткай прадмоваю распавёў пра зараджэнне айчыннай графікі, яе першыя крокі. Па-другое, ён пакінуў нагляднае ўяўленне пра гравюры, даволі шырока прадставіў у кнізе 173 (!) творы, зробленыя пераважна віленскімі мастакамі, класіфікаваў выявы па чатырох раздзелах. Па-трэцяе, даў нам, нашчадкам, магчымасць азнаёміцца хоць бы з часткаю багацейшай калекцыі, сабранай братамі Тышкевічамі ў Лагойску і Вільні — у музеях, што ў выніку сумных гістарычных падзей былі ліквідаваныя і не захаваліся да нашага часу. У кнігу, пра якую мы вядзем гаворку (аўтар даў ёй падзагаловак «Раздзел І»), былі ўключаны толькі гравюры невялікага памеру. У наступную ж Тышкевіч меўся дадаць творы вялікага фармату, папярэджваючы чытача, што гэта можа быць звязана з пэўнымі тэхнічнымі складанасцямі. Але, на жаль, нам дагэтуль так і невядома, ці ўдалося Тышкевічу ажыццявіць свой намер. Не так даўно выйшла з друку факсімільнае выданне ягонае кнігі «Вілія і яе берагі». Застаецца толькі марыць, каб такім жа шляхам зноў пабачылі свет і «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва» Зараз жа прапануем чытачу пазнаёміцца з уступам.
Некалькі слоў ад выдаўца
Прыгожае мастацтва ў кожнага народа ёсць вынікам яго спеласці, адзнакай маральнай адукаванасці. Кожны народ у сваім зародку, у сваім пачатковым развіцці пагарджаў мастацтвам, абсалютна не адчуваў яго патрэбы, бо найчасцей, заняты заваёвамі і промысламі, дбаў толькі пра забеспячэнне сваіх матэрыяльных патрэб, пра тое, каб зрабіць свой быт выгодным і незалежным. Гэтая маральная рыса і гэтая высакародная народная ўласцівасць звычайна пачынаюць развівацца значна пазней. Калі патрэбы цела, матэрыяльныя патрэбы будуць задаволеныя, а праз гэта будзе забяспечаны спакой у гэтым складаным целе, якім з’яўляецца кожны народ, — у ім пачынае зараджацца яго маральная сіла, развіваюцца яго эстэтычныя ўласцівасці. З гэтай крыніцы бяруць свой пачатак розныя віды мастацтва. Таму мастацтва ва ўсіх яго праявах утварае галіну, якая выклікае цікавасць у даследчыкаў любой мінуўшчыны; у меру таго, на якім узроўні яны стаяць і наколькі даўно ў пэўнай краіне існуюць, яны — самы дакладны паказчык яго маральнага развіцця. Гэтая думка ў нашай краіне была вядомая і сённяшнім пакаленнем дастаткова ацэненая, паколькі шмат людзей, якія прысвяцілі сябе навуцы, пачалі старанна вывучаць гэты прадмет, і кожны, хто мае сэрца і хоць крыху матэрыялаў, спяшаецца імі аказаць дапамогу працаўнікам.
З мастакамі і іх творамі ў Польшчы і Літве ад найдаўнейшых часоў і да нашых дзён нас пазнаёміў п. барон Раставецкі ў сваёй саліднай працы пад назваю «Слоўнік польскіх мастакоў». Айчыннае гравіравальнае мастацтва дагэтуль не мела свайго гісторыка. Мы неаднаразова чыталі і чулі, што вучоны і глыбокі даследчык нашай мінуўшчыны п. Ю. І. Крашэўскі працуе над айчыннай іканаграфіяй. Прадмет гэты надзвычай шырокі і вельмі новы для ўяўленняў грамадства; з прычыны недахопу матэрыялаў, раскіданых па ўсёй краіне, і праблемаў у іх збіранні, ён павінен стварыць аўтару вялікія цяжкасці пры выкананні гэтай працы. Кожны дом, кожная самая бедная сям’я ў нас маюць нехлямяжую гравюру, нейкі святы абразок, нейкі занядбаны кавалак гравіравальнай бляхі, які парою ўяўляе гравіравальную рэдкасць. Не спяшаюцца з ёю на дапамогу даследчыку толькі таму, што наогул яе не цэняць і яе вартасці не разумеюць, і не вераць, што яна магла б быць рэдкасцю выключна па той прычыне, што яна валяецца ў іх без пашаны. І колькі ж гэтак (ведаем з уласнага вопыту) найрадчэйшых помнікаў мастацтва — невядомых, кінутых на волю чалавечай абыякавасці, цалкам загінула! Колькі ж гравіравальных блях, калі яны знаходзіліся ў адных руках, і калі з іх не ўмелі зрабіць ніякага публічнага ўжытку, пайшло ў абмен на мядзяны кацялок! А там пад молатам катляра, абыякавага да твораў мастацтва, назаўсёды гінулі сляды разца, захаванне якіх засведчыла б вялікую паслугу для навукі.
Уладальнік багатых збораў айчыннага гравіравальнага мастацтва ў Медыцы апублікаваў у 1829 і 1830 гг. у «Czasopismie Lwowskim» паведамленне пра польскіх гравёраў. Трохразовае выданне дрэварытаў з бібліятэкі Кракаўскага ўніверсітэта (першае — у 1837 годзе, другое — у 1840-м, і менавіта апошняе — у 1849 годзе, сістэматычна складзенае і навукова патлумачанае п. Юзафам Мучкоўскім) аказала нам вялікую паслугу на ніве даследаванняў у гэтай навуцы. За імі — вядомы сваімі шматлікімі навуковымі працамі ў нашым пісьменстве п. Амброзій Грабоўскі даў нам цудоўны прыклад у перайманні, калі паспяшаўся апублікаваць у «Bibliotece Warszawskiej» апісанне гравюр і прозвішчы гравёраў, якія знаходзяцца ў яго зборы. Усё гэта — багацейшыя матэрыялы для навукі, гэта несумненная нацыянальная ўласнасць. Але ў іх мы не сустрэнем і мінімальнага матэрыялу па гісторыі літоўскага гравіравальнага майстэрства. А між тым Літва, магутная і на працягу некалькіх вякоў самастойная краіна, таксама мела эпоху свайго асветніцтва, свайго захаплення прыгожым мастацтвам — гэтага маральнага боку народнага жыцця, розныя віды мастацтва якога былі трывалай і прыгожай праяваю. У параўнанні з іншымі народамі, нават з братняй Польшчай, Літва сапраўды вельмі позна пачала развіваць у сабе ўяўленні аб прыгожым мастацтве. Паганскі ліцвін, які шанаваў Перкуна, кланяўся святому Знічу, знаходзіўся пад пераможным уплывам крыва-крывейтаў, быў увесь час замарочаны пастаяннымі войнамі з суседняй Руссю, з заезджымі крыжакамі, жывучы пасярод цёмных і дзікіх лясоў — дзе ён мог развіць маральныя народныя асаблівасці? Дзе ён мог ствараць і пеставаць свае эстэтычныя ўяўленні? Хрысціянства ў ліку іншых паслуг, якія яно аказвала на маральнасць літоўскага народа, прынесла і ўяўленні пра мастацтва, якое, аднак, вельмі нясмела і марудна пашыралася па Літве. Манаскія ордэны і кляштары, здаецца, былі першымі прытулкамі для літоўскага гравіравальнага мастацтва і першымі сховішчамі твораў мастацтва, якое развівалася і навучалася на набожных узорах, на выявах святых. Найстаражытнейшыя помнікі мясцовага гравіравальнага мастацтва, распаўсюджаныя на Літве, сягаюць, наколькі нам вядома, толькі да сярэдзіны XVIII стагоддзя, і яны нам прадстаўлены ў адных толькі выявах святых, альбо ў гербах нейкіх мецэнатаў, ці выбітных апекуноў касцёла альбо манаскага ордэна, да якіх яны, у адпаведнасці з уяўленнямі той эпохі, пакорліва былі прыпісаныя. Хоць у іх можна адзначыць нямала думкі і добрую кампазіцыю, аднак самі гравёры бывалі людзьмі, якія працавалі інстынктыўна, паводле ўзораў замежных майстроў, без усялякай адукацыі. Толькі Віленскі ўніверсітэт звярнуў сваю ўвагу на гэтую галіну навукі, калі ў 1805 годзе адчыніў школу гравіравальнага мастацтва пры ўніверсітэце. Настаўнікам гэтай школы быў П.Саўндэрс, паводле паходжання англічанін; на працягу некалькіх год кіравання школай гравіравальнага мастацтва ён выпусціў нямала здольных гравёраў. Абразкі святых, запатрабаваныя набожнымі жыхарамі Літвы, былі заўсёды выключным прадметам для разца вучняў літоўскай школы; што ж датычылася кніг, якія выдаваліся ў Вільні, то гравюры да іх рабіліся не іначай, як менавіта ў Вільні мясцовымі гравёрамі. Нямала таксама гравіравалася партрэтаў; вельмі цаніліся імкненні стварыць гістарычныя і алегарычныя творы, якія, дарэчы, не былі пазбаўленыя пэўных вартасцяў. Калі ж пры заняпадзе Віленскага ўніверсітэта школа гравіравальнага мастацтва аказалася зачыненая, то яе вучні заставаліся адзінымі майстрамі, гледзячы на якіх маладыя аматары гэтай справы імкнуліся прадоўжыць гравіравальнае мастацтва ў Літве. Калі ж з прыходам літаграфіі і далейшых спосабаў, якія палегчылі распаўсюджванне малюнкаў, гэтыя сродкі, значна таннейшыя, зрабіліся больш выгоднымі дзеля мясцовых патрэб, гравёрнае мастацтва ў Літве канчаткова заняпала; а мастацкія скарбы, назапашаныя за час існавання школы, а потым яе вучняў, запоўнілі сховішчы кляштараў, дзе іх калі-нікалі капіявалі і пускалі ў публічны зварот, і пачалі станавіцца помнікам айчыннай мінуўшчыны.
Нямала гравіравальных блях знаходзілася ў друкарнях, бо кожная з тых, што дзейнічалі ў Вільні, выдаючы нейкую працу ўласным коштам, дзеля таго, каб зрабіць у ёй аздабленні, загадвала гравіраваць прызначаныя малюнкі, бляхі ад якіх заставаліся яе ўласнасцю. Жулкоўскі, колішні арандатар друкарні ксяндзоў Піяраў (пасля ён перадаў яе Забагонскаму, стаўшы каля 1833 года ўладальнікам малой кнігарні ў Вільні), рабіў адбіткі абразкоў святых і вёў імі свой гандаль, і з гэтага ж часу запрошаныя Жулкоўскім лепшыя гравёры віленскай школы, такія, як, напрыклад, п. Міхал Падалінскі, працавалі выключна на яго. Што ўжо казаць пра такія кляштарныя друкарні, як ксяндзоў Базыльянаў, ці таварыства ксяндзоў Місіянераў у Вільні? Яны няспынна рабілі адбіткі абразкоў святых, якія ім дастаўлялі то лепшыя, то горшыя маладыя літоўскія гравёры. І сёння кожны з кляштараў, як віленскіх, так і іншых, што яшчэ існуюць у Літве, мае больш-менш багатыя склады гравіравальных блях — з выявамі ці сваіх святых патронаў, ці заснавальнікаў і дабрадзеяў кляштараў, — што ў розныя часы былі гравіраваныя і назапашваліся ў сценах манаскага ордэна.
У калекцыях прыватных асоб гравіравальнымі помнікамі найчасцей былі ўжо толькі сабраныя адбіткі; збіранне ж выгравіраваных блях, невядома чаму, не станавілася ў нас мэтай пошукаў аматараў навуковых калекцый. Мой збор у гэтым сэнсе з’яўляецца малым выключэннем. Маю ў ім некалькі сот блях айчыннага гравіравання, сабраных у розныя часы. Можа, таксама я маю гэтыя зборы па той прычыне, што мне акалічнасці лепш, чым іншым, спрыялі ў збіранні пакладаў навукі і мастацтва. Адданы гэтай ідэі на працягу ўсяго майго жыцця, я не ўпусціў скарыстацца любой прадстаўленай мне магчымасцю, і набываў іх то па адной з рук прыватных асоб, то ў вялікай колькасці ў кляштарах пасля іх скарачэння, калі, згодна з распараджэннем урада, іх колькасць у Літве змяншалася. І такім чынам склалася калекцыя, якую я сёння задумаў апісаць і прадставіць матэрыял па айчыннай іканаграфіі. У навуковых зборах, якія ў нашай краіне знаходзяцца ў прыватных руках, недахоп падрабязных каталогаў і абыякавасць ва ўзаемнай перадачы адзін другому паведамленняў пра гэтыя інтэлектуальныя скарбы, выклікае грамадскае шкадаванне, бо іначай аматар навукі, прысвячаючы сябе гэтай працы, ведаў бы, дзе ён павінен нешта шукаць; у цяперашні ж час мы абсалютна нічога не ведаем пра зборы, якія мае нехта іншы з нас. Сёння, калі дзякуючы адкрыццю Музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі ў Вільні адкрылася сапраўднае навуковае вогнішча для Літвы, пры пасрэдніцтве «Запісак», якія публікуюцца пры гэтай камісіі і якія ахвотна гатовы прысвяціць свае старонкі гэтаму прадмету, каб гэтае паведамленне магло лёгка разысціся па краіне, — ідзе гаворка толькі пра добрую волю нас саміх.
Гэтую цяперашнюю маю публікацыю, зыходзячы з формы блях і зместу, які яны прадстаўляюць, я падзяліў на два раздзелы: на раздзел малых блях і на раздзел вялікіх блях.
У першым раздзеле, акрамя блях цалкам панішчаных, а таксама каліграфічных узораў, тытулаў кніжак, малюнкаў, разнастайных білетаў і этыкетак, з якіх я не рабіў адбіткаў, паколькі яны не маюць ніякіх вартасцяў для айчыннага гравіравальнага мастацтва, я змясціў 173 адбіткі з блях (часткова таксама дэфектных), якія, аднак, прадстаўляюць вялікую навуковую цікавасць. Я падзяліў гэты раздзел на 4 часткі. У 1-й — я змясціў бляхі з прозвішчамі і без іх, але вядомых мне гравёраў Літвы; шэраг гэтых гравюр пачынае датавацца сярэдзінай мінулага стагоддзя і працягваецца да нашых дзён; змяшчае яна ў сабе 103 творы з кароткім паведамленнем пра некаторых нашых гравёраў. 2-я частка змяшчае ў сабе 50 выяў святых, выгравіраваных у Літве невядомымі майстрамі; да іх я далучыў некалькі абразкоў, выгравіраваных у Любліне і ў Віндаве. У 3-ю частку я ўключыў абразкі, выгравіраваныя ў Англіі і Францыі для нашых манаскіх ордэнаў. У 4-й частцы пад назваю «Разнастайныя гравюры» знаходзяцца разнародныя адбіткі, якія не маюць між сабою ніякага блізкага сваяцтва і не змяшчаюць на сабе прозвішча аўтараў.
У другім раздзеле, ажыццяўленнем якога я задумаў заняцца адразу ж пасля апублікавання цяперашняга, і публікацыя якога павінна пайсці нашмат цяжэй, чым гэтая, з той прычыны, што раздрукоўка з блях вялікага фармату патрабуе большых клопатаў, я прадстаўлю грамадскасці творы вялікіх памераў, створаныя нашымі гравёрамі, больш глыбокія і больш смелыя паводле сваіх задум; знойдуцца сярод іх і прадметы несумненнай гістарычнай вартасці.
Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. Пацешуся ад усяго сэрца, калі гэтая публікацыя з адбіткаў гравіравальных блях, якія знаходзяцца ў маёй калекцыі, трапяць да намечанай мною мэты — г.зн. калі той, хто будзе працаваць над гісторыяй мастацтва ў нашай краіне, знойдзе ў ёй матэрыял для сваёй працы.
Канстанцін Тышкевіч
Пераклад з польскай мовы Уладзіміра Васілевіча.
Цалкам кнігу з усімі ілюстрацыямі можна глядзець тут:
https://polona.pl/item/276909/2/.