«Арт-Базель» — штогадовае мерапрыемства ў свеце мастацтва, якое праходзіць у Базелі, Швейцарыя, у чэрвені. Кожны год тысячы калекцыянераў, мастакоў, галерыстаў, куратараў і аматараў мастацтва з усяго свету скіроўваюцца менавіта туды — каб убачыць адну з самых важных падзей у сучасным арце. Сёлета кірмаш наведала больш за 90 000 чалавек цягам аднаго тыдня. «Арт-Базель» перастаў быць тым месцам, куды прыязджаюць толькі для таго, каб купляць творы; ён стаў важным грамадскім мерапрыемствам, бо дае магчымасць вывучыць гісторыю мастацтва і быць у курсе найноўшых тэндэнцый, дэбатаў, крытычных меркаванняў. Своеасаблівы ўніверсітэт, дзе неабходна ўвабраць усю магчымую інфармацыю, энергетычнае сутыкненне розных сфер. Гэта месца сустрэчы мастацтва і ягоных мецэнатаў.
Пачаўся «Арт-Базель» з таго, што трое мясцовых галерыстаў, Эрнэст Бейлер, Трудзі Брукнер і Бальц Хільт, вырашылі арганізаваць міжнародны кірмаш сучаснага арту. Ён адразу стаў паспяховым, сабраўшы больш за 16 000 наведнікаў, якія прыехалі ўбачыць 90 галерэй і 30 выдавецтваў з 10 краін. Пры ўсім гэтым поспеху падзея ў той час мела вельмі інтымны характар. Калекцыянер Фірман Бруке згадваў: «Я памятаю першыя два [кірмашы]: мы ведалі практычна кожнага мастака, а на абедзе яны і іх сябры атрымлівалі па бутэльцы віна! Цяпер ён [кірмаш] стаў такі вялікі, што патрэбна даволі шмат часу, каб агледзець усе творы!»
Усведамляючы, што асноўны інвестыцыйны патэнцыял утрым-
ліваецца ў першую чаргу ў маладых творцах, у 1974-м арганізатары ініцыявалі праект «Новыя тэндэнцыі» з мэтай пошуку свежых імёнаў і прасоўвання найноўшага арту. Тады 50 галерэй, уключаючы Кастэлі з Нью-Ёрка, Сонабенд з Парыжа, Сперане з Турына і Верна і Зіглер з Цюрыха, прадставілі свае знаходкі. Сёння на прыкладзе любой з гэтых галерэй можна вывучаць гісторыю мастацтва постмадэрнізму. Праца з маладымі і перспектыўнымі аўтарамі з цягам часу трансфармавалася. У 1979 годзе праект атрымаў назву «Перспектывы» і пазнаёміў гледачоў з Джонам Армледэрам, Тоні Крэгам, Петэрам Фішлі і Дэвідам Вайсам. Работы апошніх дваіх сёлета прадстаўлены ў куратарскім праекце сумесна з Аляксандрам Кальдэрам у Фондзе Бейлер. У 1993-м асобным сектарам у склад «Арт-Базеля» ўвайшоў кірмаш «Edition». Сёння ён прадстаўляе галерэі, якія працуюць з маладымі мастакамі, што толькі пачынаюць заваёўваць сваё месца на арт-рынку.
У 1996-м з’явіўся сектар пад назвай «Statements», дзе галерэі выставілі персанальныя праекты 23-х маладых мастакоў, у іх ліку — Кадэр Аціа, Ванэса Бікрофт, Вільям Кентрыдж, Элізабэт Пайтон, Уга Рандзіноне. З 1999-га штогод узнагароджваюцца адзін ці два творцы з гэтага сектара. Сёлета прыз атрымалі канадка Сара Квінар і амерыканка Мэры Рэйд Келі, кожнай з іх была выплачана грашовая прэмія ў памеры $ 31 000. Шэраг набытых у іх работ будзе перададзены ў дарунак Франкфурцкаму музею сучаснага мастацтва і MUDAM музею ў Люксембургу, чые кіраўнікі ўваходзілі ў склад журы. Для свайго твора Квінар закупіла былыя ва ўжыванні рэчы і фатаграфіі на пляцоўцы Ebay і ў крамах сэканд-хэнд, а затым аб’яднала іх у фільме з незлічонай колькасцю наратываў, якія стварае сам глядач. Відэапрацы Мэры Келі вядомыя сваім фемінісцкім настроем і нагадваюць тэатр абсурду са стужак нямецкіх экспрэсіяністаў.
З пачатку існавання «Арт-Базель» трансфармуецца і абрастае новымі праектамі. Так, у 1995 годзе з’яўляецца Форум відэа-арту, а Піпілоці Рыст і Энрыке Фантаніл узнагароджваюцца прэміяй Швейцарскага банка, у наш час гэты банк — генеральны глабальны партнёр «Арт-Базеля».
У 1999-м у Гарадскім кінатэатры Базеля пачынае працаваць сектар кіно, дзе дэманструюцца фільмы пра мастакоў і знятыя мастакамі.
Платформа «Unlimited» у
2000-м стварае прастору для прэзентацыі амбіцыйных праектаў у сучасных медыя: гіганцкіх інсталяцый, манументальнай скульптуры, жывапісу вялікага фармату, відэа і перформансаў. Буйнагабарытныя працы прыцягваюць неверагодную колькасць не толькі гледачоў, але і пакупнікоў. Гэтым летам у сектары «Unlimited» свае працы прадставілі 88 аўтараў, якіх пад адным дахам сабраў нью-ёркскі куратар Джані Джэтцэр. У 2004-м арганізаваны дыскусійны сектар, дзе вядучыя спецыялісты з усяго свету распавядаюць пра калекцыянаванне і экспанаванне мастацтва. У лік спікераў уваходзяць выбітныя калекцыянеры, дырэктары музеяў, куратары біенале, творцы, арт-крытыкі і архітэктары. Гэтым летам можна было пагутарыць з Хансам Ульрыхам Обрыстам.
У 2010-м з’яўляецца сектар «Parcours», які пашырае межы кірмашовае прасторы і выпускае мерапрыемства ў горад, на цэнтральны пляц, прадстаўляе творы мастацтва ў грамадскім асяродку і перформанс у гістарычных месцах Базеля.
У сектары «Feature» абраныя галерэі выстаўляюць персанальныя праекты аўтараў любых узростаў.
Варта адзначыць, што ў горадзе праходзяць і іншыя кірмашы. Напрыклад, «LISTE», дзе прадстаўлены маладыя творцы. Трапіць у гэты праект — заклад поспеху, пры гэтым колькасць удзельнікаў абмежавана 80-90 галерэямі, а кошт удзелу не нашмат саступае «Арт-Базелю».
Гэтым годам на кірмашы можна было назіраць дзве тэндэнцыі: з аднаго боку — імкненне зэканоміць, з іншага — гігантаманію. Шматлікія галерэі ў межах сваіх стэндаў імкнуліся выставіцца па максімуме. Колькасць удзельнікаў «Unlimited» не давала магчымасці сканцэнтравацца хоць бы на чымсьці. Пры гэтым было прадстаўлена мноства відэа-арту, што сведчыць пра жаданне куратараў меншымі выдаткамі зацвердзіцца ў маштабным праекце. Новы будынак Мастацкага музея ў Базелі ўразіў сваім памерам. Лесвічнаму праёму і пераходнай галерэі паміж старым і новым збудаваннямі адведзена вялікая прастора. Мімаволі задаешся пытаннем: што ўражвае больш — мастацтва ў залах ці архітэктура?
Дырэктар «Арт-Базеля» Марк Шпіглер называе сёлетні кірмаш асабліва цікавым, бо рэалізаваны ён у складаныя часы, злучаны з палітычнымі і эканамічнымі падзеямі ў Еўропе і свеце. Менавіта ў такія часы з’яўляецца значнае і спелае мастацтва. Нягледзячы на паўсюдную фінансавую нестабільнасць, ужо ў першыя гадзіны многія галерэі здзейснілі продажы як у рамках стэндаў, так і ў сектары «Unlimited». Так «Таматавая галава» 1994 года Пола Маккарці сышла за $ 4 750 000 у рукі прыватнага калекцыянера з Амерыкі.
Такім чынам, «Арт-Базель» — гэта не толькі месца набыцця твораў вышэйшага гатунку. Найперш гэта — падзея. Апошнім часам людзі занадта шмат размаўляюць пра рынак. Варта прыпыніцца і падумаць пра мастацтва.
Вольга КЛІП