Калядны карагод
№ 2 (299) 01.02.2008 - 29.02.2008 г
Сёлетні год багаты на юбілеі. І не толькі пяцідзесяцігадовых творцаў, але і нашмат старэйшых за іх -- мэтраў. З нагоды гэтага ў планах Нацыянальнага мастацкага музея пазначаны буйныя экспазіцыі народных мастакоў Беларусі Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі. Рэтраспектыўнай можна назваць выставу акварэлей «Па гарадах і краінах» народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка, прысвечаную 80-годдзю майстра і 50-годдзю яго творчай дзейнасці, якая і распачала юбілейныя мерапрыемствы. Усе 40 пейзажаў, нацюрмортаў і партрэтаў, створаных у розныя гады падчас падарожжаў па Беларусі, саюзных рэспубліках, Еўропе і Амерыцы, аўтар падарыў музею.
| В.Барабанцаў. Партрэт А.Мілаванава. Алей. 2005. | Гучна пра творчасць У.Стальмашонка загаварылі, калі ён у 1967 г. напісаў алейны партрэт Якуба Коласа. Сёння гэтая работа стала ўжо хрэстаматыйнай. А тады манументалізаваны вобраз, пазбаўлены бытавых падрабязнасцей, дарога за спіной песняра, пададзеная як сімвал шляху паэта і яго продкаў, моцна ўразілі гледачоў. Дарэчы, У.Стальмашонак аддаваў перавагу ў сваёй творчасці менавіта партрэту -- дакладна перадаваў характары, міміку, жэсты, позы. Але дыяпазон яго інтарэсаў заўжды быў вельмі шырокі: сцэнаграфія, дэкаратыўна-афарміцельскае мастацтва, графіка, станковы і манументальны жывапіс. З канца 2006 г. 24 жывапісныя палотны і 36 акварэлей экспануюцца на радзіме майстра -- у яго персанальнай галерэі пры Асіповіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Яшчэ адзін важны штрых да творчай натуры мастака: У.Стальмашонак шмат падарожнічаў, яго рэдка можна было ўбачыць без алоўка або фламастэра ў руках. Ён занатоўваў навакольныя мясціны нават з аўтамабіля, з борта цеплахода, на прагулках, рабочых пасяджэннях, афіцыйных прыёмах. За гэтую асаблівасць яго называлі «майстрам рэпартажу». Частка тых хуткіх, віртуозных мастацкіх замалёвак легла ў аснову выставы. Гэта пейзажы, сцэнкі, пададзеныя з добрым гумарам, напісаныя за адзін сеанс. Тут ярка выяўляецца назіральнасць мастака, лёгкасць, упэўненасць і тэмпераментнасць выканання. Варта сказаць, што ў майстэрні У.Стальмашонка захоўваецца мноства блакнотаў з вялізным фальклорным матэрыялам, які яшчэ чакае даследавання. Юбілейнай экспазіцыяй распачаўся год і ў Палацы мастацтва. Мастак-манументаліст Віктар Барабанцаў прадставіў свае станковыя работы: шэраг партрэтаў выдатных дзеячаў культуры, пейзажы, карціны на духоўную і чарнобыльскую тэматыку. Магчыма, пейзаж -- не самы характэрны для аўтара жанр. Абагульненасць успрымання рэчаіснасці не | В.Пяшкун. Мінскія будні. Алей. 2008. | дазваляе мастаку засяродзіцца на камерных прыродных відарысах, але напісаны яны з асаблівай шчырасцю, якая вылучае ўсе творы майстра. Асабліва прыемна ўбачыць у экспазіцыі вобразы знакамітых у Беларусі людзей -- А.Мдывані, В.Роўды, А.Дударава, Я.Пархуты... Як і ў партрэтах Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, тут акрэсліваецца пазіцыя творцы, яго гонар за спадчыну і сённяшні дзень сваёй краіны. А вось «Калядны фэст» у Палацы мастацтва расчараваў. Павіншаваць гледачоў з надыходзячымі святамі мастакі вырашылі з дапамогай аксамітных катоў, касмічных жанчын і кубічных людзей. Якасць графічных, скульптурных твораў не выклікала сумненняў, але будова экспазіцыі не спрыяла адчуванню свята. Работ было надзвычай мала, галоўнымі аказаліся не мастацкія творы, а вялізныя шкляныя вокны. Халоднасць першай залы не перайшла ў другую, аддадзеную творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, габелены і батыкі -- гэта заўжды выйгрышна. Але і тут адчуваецца пэўная неахайнасць і кічавасць у падборы экспанатаў -- магчыма, вынік паспешлівасці ў падрыхтоўцы выставы. Праўда, кіраўніцтва саюза абяцае ўсе хібы выправіць і ў наступным годзе прадставіць гледачу на чарговым «Калядным фэсце» сапраўднае чарадзейнае відовішча.
| Г.Сілівончык. Самая зорная ноч. Змешаная тэхніка. 2008. | Самыя цікавыя творы паказала ў навагоднія святы моладзь. Маю на ўвазе не толькі батыкі навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, у нечым нават больш сакавітыя і фантазійныя, чым у іх выкладчыцы Алы Свірыдэнка. У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» быў прадстаўлены яркі творчы тандэм маладых мастакоў -- Васіля Пешкуна і Ганны Сілівончык. Яны, здаецца, памяняліся ролямі. Васіль, манументаліст па прафесіі, захапіўся гарадскімі краявідамі, якія піша з натуры буйнымі мазкамі і з амаль імпрэсіяністычнай разняволенасцю. А вось Ганна, мінулагодняя выпускніца аддзялення станковага жывапісу БДАМ, стварае дэкаратыўныя калажныя кампазіцыі на падставе вобразаў народнай культуры. Прафесійны інсіт -- такі накірунак становіцца ўсё больш папулярным сярод моладзі, бо ён дазваляе спалучаць шчыры народны гумар і акадэмічную вытанчанасць.
Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:
|
|