Якія яшчэ прыгоды напаткалі беларускага кампазітара ў Францыі — кампазітара, які рызыкнуў пакінуць радзіму, паспяхова ўладкаваўся ў Парыжы і заснаваў франка-беларускую асацыяцыю «Жыццё ў музыцы»? У 2011-м Асацыяцыя займалася арганізацыяй лакальных элітарных канцэртаў і закрытых вечароў класічнай музыкі, планавала прадзюсаваць маладых музыкантаў і выпускаць іх дыскі. Ці ўдалося спраўдзіць гэтыя задумы і чым жыве Асацыяцыя зараз — у новым расповедзе спадара Сасноўскага.
Раней мы абмяжоўваліся двума важнымі напрамкамі: выкладчыцкай дзейнасцю і арганізацыяй канцэртаў маладых музыкаў і сталых прафесіяналаў. Гэта маглі быць беларускія музыканты альбо музыканты, што на сваіх выступленнях выконвалі айчынную музыку. Але з нядаўняга часу я прыняў рашэнне займацца таленавітымі дзецьмі, якія яшчэ не скончылі сваю адукацыю і знаходзяцца на пачатку прафесійнага станаўлення. Мне было цікава дапамагчы развіццю іх замежнай кар’еры. Такім чынам, праца з моладдзю і яе падтрымка сталі самым важным напрамкам дзейнасці Асацыяцыі «Жыццё ў музыцы». У гэтай сувязі нагадаю таксама і пра нашу Прэмію, яна штогод уручаецца лепшаму выпускніку кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі...
Увогуле з 2012 года мы пашырылі кола музыкантаў, якія выступаюць ад імя Асацыяцыі. Напрыклад, у канцэртным сезоне 2012—2013 з намі супрацоўнічалі беларускі піяніст Вячаслаў Спірыдонаў, ён жыве ў Цюрыху, і расійскі скрыпач Аляксандр Кузняцоў, стыпендыят фонду «Новыя імёны». Якраз тады Асацыяцыя была запрошана паўдзельнічаць у адным з канцэртаў цыкла «Бетховен і Напалеон» у Вялікім салоне Музея арміі і ў канцэрце, таксама прымеркаваным да 200-годдзя напалеонаўскіх войнаў, што адбыўся ў Кафедральным саборы святога Луі на тэрыторыі Нацыянальнага атэля Інвалідаў. Канцэрты 2013-га прайшлі пад знакам Вердзі і Вагнера — гэта юбілейны год маіх любімых кампазітараў, таму я палічыў сваім абавязкам арганізаваць канцэрты-прысвячэнні, прычым іх музыка гучала б у незвычайным ракурсе — камерным, так бы мовіць. У праграме «Вердзі і Вагнер: два геніі — два сапернікі» выконваліся ў тым ліку і адмыслова зробленыя мною камерныя пералажэнні з «Аіды». У вечарах удзельнічалі беларускі піяніст Дзмітрый Марозаў і літоўска-нямецкая спявачка Рамінта Бабікайтэ-Глогер.
2014-ты запачаткаваў наша афіцыйнае артыстычнае партнёрства (і сяброўства) з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы. Мы ўзялі ўдзел у Днях беларускай культуры, правялі за той год больш канцэртаў, фармат нашай дзейнасці пашырыўся. Акрамя музыкі французскіх кампазітараў Дэбюсі, Равеля і Сен-Санса на канцэртах Асацыяцыі гучалі творы Мацея Радзівіла, Тадэвуша Касцюшкі, Напалеона Орды, Генрыха Вагнера, Мар’яна Наско і Яўгена Глебава. А ў красавіку 2015-га ўпершыню за гісторыю свайго існавання беларускае пасольства адчыніла дзверы для шырокай публікі: на канцэрце Асацыяцыі, першым у шэрагу культурных акцый, прымеркаваных да 250-х угодак з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, беларускія піяністы выконвалі сачыненні кампазітара для фартэпіяна і акампанавалі французскай спявачцы Эстэль Кек. Адзначу таксама верасеньскі канцэрт у штаб-кватэры ЮНЕСКА, арганізаваны Асацыяцыяй, Пасольствам Беларусі ў Францыі і пры партнёрстве дэлегацый пры ЮНЕСКА Пасольства Літвы і Пасольства Рэспублікі Польшча. У ансамблі з беларускімі музыкантамі квартэт Чурлёніса сыграў пералажэнне паланэза «Развітанне з Радзімай», а польская спявачка Эльжбета Запольска выканала творы Агінскага і Марыі Шыманоўскай. Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, і той факт, што на ім прысутнічала генеральная дырэктарка ЮНЕСКА Ірына Бокава, вельмі паказальны.
Якраз летась мне выпадкова трапіўся запіс выступлення юнага піяніста Уладзіслава Хандогага на конкурсе «Шчаўкунок» у Маскве. Я вельмі ўразіўся і падумаў, што было б цікава зрабіць нейкае мерапрыемства з ягоным удзелам. За 11 год існавання Асацыяцыі я ніколі не адчуваў такога натхнення, як тое, калі ўзяўся за арганізацыю канцэртаў Уладзіслава Хандогага. Што можа быць лепшым і больш цікавым, чым прадставіць публіцы юнага генія? Было вырашана правесці першы, афіцыйны канцэрт у Пасольстве Беларусі на нядаўна падараваным новым раялі (мары збываюцца!), а другі, прыватны, — на Елісейскіх палях, у агенцтве UCN, якое ладзіць розныя мерапрыемствы і забаўляльныя праграмы.
Усё складвалася добра: квіткі на самалёт куплены, візы атрыманы, праграма канцэртаў пацверджана. Мы з нецярплівасцю чакалі прыезду ў Парыж Уладзіслава і ягонага педагога — Ірыну Семяняка. А вечарам 13 лістапада мірнае і ўтульнае жыццё Парыжа расстралялі з аўтаматаў. Вайна была ў двух кроках, зусім побач выбухалі бомбы і забівалі людзей. Не памятаю, ці спаў у тую ноч. Думка пра тое, ці жывыя мае вучні і сябры, не давала спакою. Адно асаблівае пытанне прымусіла канчаткова забыцца на сон: а як жа Уладзік і Ірына Юр’еўна? У мяне не было ніякага спосабу звязацца з імі.
Раніцай 14 лістапада Парыж ахутаў туман. Поўная, абсалютна ненармальная цішыня рэзала вушы, а адсутнасць людзей у метро нагадвала сцэны з фільма жахаў. Нікога, акрамя мяне, у вагоне не было. Суседні таксама быў пусты. На пероне станцыі «Вакзал Манпарнас» — толькі некалькі пасажыраў з насцярожанымі тварамі. Ніхто не выйшаў на станцыі «Бір-Хакем» — там, дзе знаходзіцца Эйфелева вежа.
А ў поўдзень, па ўзгадненні з Паслом, мне давялося адмяніць афіцыйны канцэрт у Пасольстве — праз жалобу і на знак салідарнасці з народам Францыі. Але як быць з Уладзіславам і ягоным педагогам? Хутчэй за ўсё, яны палічаць самым мэтазгодным абмяняць квіткі і вярнуцца ў Мінск. Другі канцэрт адменіцца сам сабой... Але мае асцярогі не пацвердзіліся — Уладзіслаў вырашыў застацца. Я яму вельмі ўдзячны. У такой сітуацыі заўсёды няпроста прыняць правільнае рашэнне, але менавіта дзякуючы ім людзі дазнаюцца, на што яны сапраўды здольныя. Я быў шчаслівы: у Парыжы пачуюць ігру Улада і зноў загавораць пра Беларусь. І не толькі ў сувязі з тым, што гэта радзіма Шагала, Цадкіна і Суціна, але і таму, што яна падарыла свету Уладзіслава Хандогага.
Парыжане паціху вярталіся да нармальнага жыцця, а вечарам 19 лістапада на Елісейскіх палях упершыню ў сезоне заззяла святочная ілюмінацыя. На канцэрце агенцтва UCN Улад іграў выдатна, з такой свежасцю, шчырасцю і гарэзлівасцю — і адначасова сур’ёзна і адказна. Я баяўся ўздыхнуць, слухаючы ягонага Рахманінава. Публіка была ў захапленні...
Гэты канцэрт Уладзіслава стаў прадвесцем, першай ластаўкай «Беларускіх музычных сезонаў у Францыі» — міжнароднага музычнага форуму, запачаткаванага Асацыяцыяй і Пасольствам Беларусі ў Францыі, да ўдзелу ў якім плануецца запрашаць таленавітых музыкантаў з Беларусі і Еўропы. Сёлетнія сезоны адкрыліся ў Парыжы выступленнем віцебскага ансамбля «Талака», працягнуліся напрыканцы мая канцэртам камернай музыкі ў выкананні музыкантаў з Беларусі і Нідэрландаў. А з 12 па 19 кастрычніка ў Парыжы і рэгіёне Іль дэ Франс пройдуць выступленні маладых беларускіх музыкантаў Уладзіслава Хандогага і Кірыла Атрошчанкі.
Падрыхтавала Алена Каваленка.