Містэрыя паўночнага ветру
Вечар Новай камернай музыкі беларускіх кампазітараў у выкананні першакласных артыстаў, які прадэманстраваў шчаслівае адзінства «аўтар — інтэрпрэтатар», прайшоў пры поўным аншлагу і ў святочным настроі. Гэты канцэрт чакалі з вялікім нецярпеннем па абодва бакі сцэны, і ён апраўдаў спадзяванні. Разнастайнасць жанрава-стылявых вектараў, індывідуальныя шляхі творчых пошукаў кожнага аўтара, арыгінальныя інструментальныя склады. Уся праграма пабудаваная на прынцыпе кантрасту, што часам даходзіла да самых крайніх межаў і разам з тым стварала на дзіва цэласную музычную карціну. Абсалютна дакладна быў знойдзены і вербальна-сэнсавы ключ, які аб’ядноўваў розныя музычныя планеты, — «Трамантана» (паводле аднайменнага опуса Валерыя Воранава). У гэтым гукаспалучэнні з’ядналіся сапраўдныя містэрыяльныя рытма-інтанацыйныя імпульсы: яны пасля канцэрта сталі намінальным пазначэннем Новай камернай музыкі айчынных кампазітараў, дзе існуе формула: ярка — пераканаўча — высокапрафесійна.
Адкрывала вечар тая самая «Трамантана» Валерыя Воранава для ўдарных, баяна і брас-квінтэта. У завыванні трамантаны (пранізлівага паўночнага ветру), што стваралі медныя духавыя, чуліся рэзкія ўдары-абрывы разнастайных відаў перкусіі і халоднае дыханне баяна. Супрацьпастаўленне гэтай нежыццёвай і бязмежнай гукавай прасторы ў сярэднім раздзеле опуса — самотны голас катрынкі. «Трамантана» была выразна інтэрпрэтаваная Міхаілам Канстанцінавым (ударныя) і ансамблем «AMADIS-BRASS». Ды і наогул, канцэрт можна смела назваць «Міхаіл Канстанцінаў і кампанія», бо шмат у чым дзякуючы іх энтузіязму і падзвіжніцтву ў справе прасоўвання твораў беларускіх кампазітараў і паўстала плённая размова з аўтарамі, якія спарадзілі столькі цудоўных прэм’ер.
У шчымліва-развітальных інтанацыях аўтабіяграфічнай п’есы Вячаслава Пяцько «Капрычыа на ад’езд любай сястры», напісанай для цымбалаў сола (Кацярына Юхнова), выбудоўваўся дыялог эпох (барока — сучаснасць) і масты-алюзіі з бахаўскім творам, прысвечаным любімаму брату. Гучалі родныя беларускім прасторам інтанацыі песні «Перапёлачка». «Кронас» для фартэпіяна Уладзіміра Каральчука ў выкананні Дзяніса Лінніка раскрыў вобраз уладарнага, няспыннага, незваротнага Часу.
Велічная планета Юпіцер натхніла Вольгу Падгайскую на стварэнне кампазіцыі, напоўненай лічбавымі знакамі-сімваламі. Опус паўстаў з творчай ініцыятывы піяністкі Дашы Мароз, вядомай папулярызатаркі айчыннай музыкі, і прагучаў у інтэрпрэтацыі яе вучняў — трыа маладых музыкантаў, навучэнцаў Рэспубліканскага каледжа пры Акадэміі музыкі: Любові Глазавай (фартэпіяна), Марыі Трапашка (скрыпка) і Аляксандры Гарбачонак (віяланчэль). Настойлівы заклік Дашы Мароз да папаўнення камернага рэпертуару сачыненнямі сучасных аўтараў быў пачуты і Валерыем Воранавым. Яго Сюіта для фартэпіяннага квартэта з музыкі да фільма «Пра вялікія і маленькія жаданні...» тонкім гукапісаннем матэрыялізавала выразныя зімовыя вобразы-мроі, сляды на снезе і спынены час.
Лірыка-псіхалагічным цэнтрам усяго канцэрта зрабілася «Восеньскае рэха ў пустым садзе» Галіны Гарэлавай у выкананні Аляксея Афанасьева (віяланчэль) і Міхаіла Канстанцінава (ударныя). Музыка пачынае гучаць ужо ў праграмнай назве опуса, прасякнутай асобаснай шчырай інтанацыяй і трагічнай перадвызначанасцю фіналу. Восень чалавечага жыцця, узаемаадносіны паміж людзьмі, неверагодная канцэнтрацыя знакаў і сэнсаў...
«Макаа» для фартэпіяна, аўтарства Вольгі Падгайскай, літаральна ўзарвала прастору. Азартны настрой вельмі папулярнай на пачатку ХХ стагоддзя картачнай гульні макаа, механічныя рухі гульцоў-панцёраў, перакідванне карт з рук у рукі, напал жарсцяў, падманутыя чаканні ператвараюць гэтую інструментальную п’есу ў тэатр аднаго акцёра. З роляй бліскуча справілася піяністка Кацярына Марэцкая. Яна ж літаральна заваражыла сваёй інтэрпрэтацыяй твора Канстанціна Яськова «“Цвіце, цвіце чарамшына” / лайфхак № 1». Па сутнасці, кампазітар прадстаўляе новы музычны жанр — «музыку, якая робіць жыццё больш камфортным», беручы за аснову звышпапулярны слэнг. Музычная тэма — светлая песенна-капежная, звонкая — паступова запаўняе ўсю гукавую сферу звонавым суквеццем акордавых гронак.
Неарамантычны і фальклорны-жанравы акцэнт вечара — два сачыненні Віктара Войціка: «Інтэрмецца» для флейты і фартэпіяна (Алеся Хажавец — Аляксандр Данілаў) і «Чатыры замовы» для габоя і фартэпіяна (Павел Радзевіч — Вераніка Непарожняя).
Містычны «Эхнатон» Вячаслава Кузняцова, сыграны на літаўрах салістам Раманам Ждановічам, сваімі астынатнымі рытмамі, здавалася, адкрываў шлях у іншы свет. А завяршыўся канцэрт эфектна-парадыйным прадстаўленнем. «Перапіс насельніцтва» Уладзіміра Кур’яна выклікаў жывую рэакцыю слухачоў і выглядам выканаўцаў (іх жаночыя парыкі і падцяжкі нагадвалі кадры фільма «У джазе толькі дзяўчаты»), і дасціпнымі музычнымі знаходкамі (гук друкаркі, скрып пяра), і серыяй матываў-цытат папулярных песень і маршаў ад «Лявоніхі», «Яблычка», «Хава нагілы» да паланэза Агінскага «Развітанне з радзімай».
Будзем спадзявацца на новыя сустрэчы з Трамантанай.
«Musica Aeterna»
Праект з такой назвай атрымаўся натхнёным акцэнтам у 330-гадовым ушаноўванні вялікага творцы і адначасова праектам, прысвечаным 80-годдзю Рэспубліканскага музычнага каледжа. Канцэрт у межах «Музычнага братэрства Уінфілд», арганізаванага энтузіястам-падзвіжнікам, таленавітым піяністам Аляксеем Пшанічным, сабраў на адной сцэне выдатных выпускнікоў каледжа розных гадоў і падарыў слухачам незабыўныя хвіліны яднання са спадчынай Іагана Себасцьяна Баха. Імя кожнага выканаўцы (22 музыканты) — свайго роду знак высокага ўзроўню прафесійнага майстэрства. Таму наведнікі атрымалі ўнікальную магчымасць пачуць тыя ўнутраныя імпульсы, якія нараджае ў нас бахаўскі музычны мацярык.
Здавалася, што вялікая сакральная Чакона ў інтэрпрэтацыі скрыпача Арцёма Шышкова адкрывала Музыку вечнасці. А яна акрэслівала шляхі ад адносна простага (двухгалосныя і трохгалосныя Інвенцыі) да складанага (аркестравая сюіта, канцэрты, «Мастацтва фугі»), ад сольнага да ансамблевага выканальніцтва. Творы духоўныя і свецкія, сачыненні, якія падзялілі ўсю гісторыю музыкі на «да» і «пасля»!
Падчас бліскучага выступу Аляксея Кісялёва артыкуляцыйна дакладна, пераканаўча і ўзважана прагучала Прэлюдыя з Шостай віяланчэльнай сюіты. Віртуозна вытанчана і філігранна саліравала флейта Яўгена Віданава ў Другой аркестравай сюіце і Алены Пэрэк у Санаце для флейты мі-мінор. Ігар Алоўнікаў па-філасофску магутна адкрыў арганны свет Баха. Вянчалі праект бахаўскія прынашэнні. Канцэрты: двайны скрыпічны (салісты Арцём Шышкоў і Улада Беражная) і трайны клавірны, які рэдка выконваецца (салісты Аляксей Пшанічны, Даша Мароз і Марына Рамейка). Выдатная атмасфера, дзіўныя эмоцыі, няспынныя апладысменты. Ёсць у музыцы Баха адказ!
Паміж Вітаўтам і Клеапатрай
Юбілей кампазітара Вячаслава Кузняцова адзначыўся манаграфічным канцэртам «Выбранае» ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.
У гэты вечар слухачам была прадстаўлена «Вітаўт-сюіта» (створаная паводле партытуры аднайменнага балета). Яна мела азначэнне «пластычна-візуальная эмацыйна-каларыстычная» і, здаецца, праводзіла меламанаў па таямнічых лабірынтах Часу. Тэатральныя музычныя вобразы ў сцэнах бітвы і ў вязніцы шматкроць узмацнілі ўздзеянне ўзнёслай і філасофскай частак сюіты «Сіла кахання».
Праз усю канцэртную праграму скразной лініяй прайшла ўсёпаглынальная сіла любві і завяршылася выкананнем харэаграфічнай сімфоніі «Клеапатра». Апошні твор — пра жыццё, жарсці, свабодную асобу, сілу духа, смерць і бессмяротнасць. Бліскучая сімфанічная партытура Кузняцова была асэнсавана з дапамогай літаратурнай кампазіцыі (аўтары ідэі Аляксандр Анісімаў і Іна Карпук), якая раскрыла перыпетыі лёсу Клеапатры праз тэксты Ахматавай, Шоу, Плутарха, Брусава (салісты — артысты Купалаўскага тэатра Кацярына Яворская і Андрэй Кавальчук). Думаю, многія слухачы, атрымліваючы асалоду ад пранікнёна шчырай, пачуццёвай музыкі «Клеапатры», задавалі сабе пытанне: «Ці будзе ўвасоблена партытура Кузняцова на тэатральных падмостках?»
А сапраўдным адкрыццём вечара стала адначасткавая Пятая сімфонія для змешанага хору, аргана і сімфанічнага аркестра, якую кампазітар прысвяціў дырыжору Аляксандру Анісімаву (яе прэм’ернае выкананне ў 2013 годзе, на жаль, не было такім выразным). Гэтым разам аркестр выступаў як суцэльны арганізм, выбудоўваючы адзіную драматургічную лінію, а харавыя стогны-малітвы (харавая капэла імя Шырмы) вялі да фінальнага катарсісу-ўзыходжання. Увасобленая ідэя бясконцасці духоўнага жыцця, спавядальная інтанацыя і словы Барыса Пастарнака ў эпіграфе («Смерть можно побороть усильем воскресенья») сапраўды дазваляюць асэнсаваць гэты оpus-symbol як адмысловы знак у культурнай прасторы нашага часу.