...Мае бацькі прыехалі ў Мінск у 1944 годзе пасля яго вызвалення ад фашыстаў, каб працаваць у хоры Беларускага тэатра оперы і балета. Адбылося гэта дзякуючы вядомаму барытону, народнаму артысту БССР Міхаілу Дзянісаву. Самі бацькі з Яраслаўля, падчас Вялікай Айчыннай апынуліся ў Ерэване, дзе працавалі артыстамі хору опернага тэатра імя Аляксандра Спендзіярава. Там яны пазнаёміліся і пасябравалі з Міхаілам Іванавічам. Нагадаю, што Міхаіл Дзянісаў, вядучы барытон беларускай трупы, стаяў ля яе вытокаў, дэбютаваў у 1932 годзе ў оперы Бізэ «Кармэн» і да пачатку вайны быў ужо прызнаным майстрам, улюбёнцам публікі. Ваеннае ліхалецце раскідала артыстаў Беларускага опернага па розных мясцінах, большая частка трупы знайшла прытулак спярша ў Горкім, потым у Каўрове, а Дзянісава лёс закінуў у Ерэванскі тэатр оперы і балета, дзе ён таксама стаў барытонам-прэм’ерам. Там жа ён знайшоў каханне і ажаніўся з галоўным канцэртмайстрам Ерэванскай оперы Тамарай Міянсаравай (не блытаць з вядомай эстраднай спявачкай, якая была яе нявесткай).
Калі Дзянісаў даведаўся, што Мінск вызвалены, то пачаў ірвацца ў родны тэатр і ўгаварыў майго бацьку ехаць разам з ім. Натуральна, спявак узяў з сабой таксама жонку Тамару Вартанаўну. Так у Мінску з’явілася выдатная піяністка, канцэртмайстар Тамара Міянсарава. Усе яны з 1944 года пачалі працаваць у Беларускім тэатры оперы і балета.
Па сведчанні тых, хто яго ведаў, Павел Мільто быў не толькі добрым артыстам хору, але і выдатным прафсаюзным дзеячам. У Ерэванскім оперным тэатры ў цяжкія ваенныя гады ён арганізоўваў канцэрты ў шпіталях, звязваўся з калгасамі, каб здабыць прадукты для артыстаў. Усё гэта ведаў Дзянісаў, і, калі прыйшоў час вяртацца ў Беларусь, ён паклікаў Паўла Мільто з сабой. Напэўна, не памыліўся ў выбары, бо літаральна з першых дзён знаходжання ў Мінску і залічэння ў трупу опернага тэатра бацька заняўся арганізацыйнай працай. Будынак тэатра быў разбураны, разрабаваны немцамі, не хапала дэкарацый, касцюмаў — і тата ездзіў па Беларусі, шукаючы тканіны, матэрыялы для рэквізіту, узначальваў ваенна-шэфскую работу.
Разам з іншымі артыстамі хору выступаў у розных канцэртных брыгадах. У нашым сямейным архіве захоўваецца афіша такога выступу, які адбыўся ў 1946-м у адным з мінскіх Дамоў культуры. Яго праграма ўключала як арыі, дуэты з опер, папулярныя песні, так і мастацкае чытанне. У гэтым канцэрце ўдзельнічаў яшчэ адзін артыст опернага хору — Павел Ліпніцкі. Здавалася, адпачынку яны не ведалі: то саджалі дрэвы вакол тэатра — цяпер мы бачым гэты ўтульны парк, то ўлетку падчас вакацыяў выпраўляліся невялікай канцэртнай брыгадай па Крыме. Прычым усё рабілася не па загадах кіраўніцтва, а па асабістай ініцыятыве, пераважна бясплатна.
Усё гэта я ведаю са слоў маці, якая таксама прыехала ў Мінск у 1944 годзе, але пачала спяваць у хоры Беларускага тэатра оперы і балета крыху пазней. Увогуле іх пакаленне было ўнікальнае: актыўнае, няўрымслівае, нястомнае. Здзіўляешся, як ім на ўсё хапала моцы і часу. Помню, як мая мама ў свой адзіны выхадны, напрацаваўшыся на дачным агародзе, 5 кіламетраў ішла на аўтобус, каб паспець на рэпетыцыю эстраднага квартэта. Тады, на пачатку 1960-х, у СССР эстрадны рух толькі набіраў сілу, і артысткі хору Тэатра оперы і балета Фрыда Смялкоўская, Аксана Бучкоўская, Валянціна Мільто (прозвішча чацвёртай удзельніцы, на жаль, не помню), зацікавіўшыся новай з’явай, арганізавалі эстрадны вакальны квартэт. На прыведзеным здымку яны размяшчаюцца справа налева, за фартэпіяна — канцэртмайстар тэатра, заслужаная артыстка рэспублікі Ніна Ражнова.
Яны выконвалі папулярныя тагачасныя шлягеры: «Ландышы» з рэпертуару Гелены Веліканавай, «Чырвоны аўтобус», што спявала Эдзіта П’еха. Эстрадныя аранжыроўкі для іх рабіў вядомы беларускі музыкант, кіраўнік камерна-інструментальнага ансамбля Беларускага радыё і тэлебачання, заслужаны артыст рэспублікі Леанід Смялкоўскі. Паколькі ў той час падобных груп было мала, згаданы квартэт артыстак хору Опернага меў поспех у публікі, іх запрашалі выступаць у розных канцэртах, нават урадавых, запісвалі на тэлебачанні. Адна з такіх праграм зафіксавана на апублікаваным фотаздымку. Але большасць картак нашага сямейнага архіва звязана, паўтаруся, з 50-мі гадамі мінулага стагоддзя, таму прапаную перанесціся ў тыя далёкія часы...
Мой бацька вельмі любіў Беларускі тэатр оперы і балета, праводзіў там амаль увесь час, быў пастаянным членам цэхкама хору, мясцовага камітэта ўсяго тэатра, рупіўся пра яго лёс, збіраў і захоўваў фотаздымкі, звязаныя з яго гісторыяй, акуратна падпісваў іх, дзякуючы чаму мы цяпер можам дакладна, па датах згадваць тыя ці іншыя значныя падзеі мастацкага жыцця хору опернай трупы і тэатра ўвогуле. Напрыклад, некалькі фота выдатнага беларускага барытона, народнага артыста БССР Мікалая Ворвулева выклікалі ў маёй памяці сітуацыю далёкага 1957 года, калі спявак пакідаў Мінск і пераязджаў працаваць у Кіеўскую оперу. Мае бацькі моцна перажывалі праз гэта, бо вельмі сімпатызавалі Ворвулеву і як чалавеку, і як артысту, што быў упрыгожаннем беларускай опернай сцэны. Лічылі яго ад’езд стратай для нашага тэатральнага мастацтва.
Перад развітаннем Мікалай Дзмітрыевіч падараваў ім сваё фота з надпісам: «Дорогим друзьям и коллегам по работе в театре оперы и балета г.Минска». Гэты даволі вядомы парадны здымак спевака надрукаваны на паштоўцы — у тыя часы такія партрэты зорак не толькі кіно, але і оперы былі вельмі папулярныя. Мінула нямала часу — і ў 1964-м Ворвулеў прыехаў у Мінск, каб выступіць у оперы Рымскага-Корсакава «Царская нявеста». Тады адбылася радасная сустрэча з сябрамі і калегамі, тады ж ён падараваў майму бацьку сваё фота зусім іншага характару — не артыстычнае параднае, а сумнаватае і чалавечнае, як і надпіс, што ён пакінуў: «На добрую память другу Павлуше от Н.Ворвулева, 29.ІХ.64 г.».
І яшчэ адзін здымак звязаны з тагачасным выступам спевака на беларускай сцэне ў оперы «Царская нявеста» — ён сфатаграфаваўся за кулісамі з артыстамі хору Генадзем Пятровічам і Паўлам Мільто. Ворвулеў у касцюме Гразнога, а харысты ў касцюмах апрычнікаў.
Цяпер звернемся да ўласна харавых фота. Першы шматфігурны здымак 1950-х, які прапануецца вашай увазе, зроблены 24 верасня 1952 года пасля выступлення славутага тэнара Вялікага тэатра Саюза ССР Сяргея Якаўлевіча Лемешава ў беларускім спектаклі «Яўген Анегін». Яго абаяльнае аблічча ў цэнтры трэцяга рада пазнаецца адразу, а вось астатніх, напэўна, трэба назваць — гэта адметныя асобы нашага опернага мастацтва. Ніжэй пад Сяргеем Якаўлевічам сядзіць вядомы беларускі тэнар Ісідар Балоцін, справа ад Лемешава — славутая спявачка Ларыса Александроўская, злева — тагачасны галоўны дырыжор Беларускага тэатра оперы і балета Леў Любімаў. Магутная яскравая фігура справа (на фоне пано) — выдатны беларускі бас Міхаіл Зюванаў, што выконваў партыю Грэміна. Вакол артысты хору, іншыя персанажы. Памятаю, у якім захапленні была мая мама, усе артысткі хору ад Сяргея Лемешава — не толькі як спевака і кранальнага Ленскага, але і як чалавека. Ён усіх узяў у палон шчырасцю, адкрытасцю, прастатой. Спявак не шкадаваў сябе, свой голас на рэпетыцыі і, натуральна, на спектаклі, увесь аддаваўся музыцы. Дарэчы, у нашым сямейным альбоме ёсць картка, на якой бацькі сфатаграфаныя ў касцюмах з таго «Яўгена Анегіна».
Два фотаздымкі звязаныя з прыездам у Мінск унікальнага рускага баса, саліста Вялікага тэатра Саюза ССР Максіма Дармідонтавіча Міхайлава. Яму тады споўнілася 60 гадоў, і ён выканаў ролю Івана Сусаніна ў аднайменнай оперы Глінкі. Першае фота зафіксавала фрагмент спектакля. Як напісана на адваротным баку, гэта сцэна з першага акта, у якой удзельнічалі Міхайлаў — Сусанін, Мікалай Лазараў — Сабінін, Тамара Пастуніна — Антаніда, народ — артысты хору Павел Мільто, Ісідар Баброў, Аксана Бучкоўская, Аляўціна Урбановіч ды іншыя. Пастаноўка адбылася на сцэне тэатра 8 красавіка 1953 года. Другі здымак з удзелам Міхайлава зроблены, відаць, за кулісамі — з маскоўскім госцем пазіруюць салісткі беларускай оперы Тамара Пастуніна ў ролі Антаніды і Раіса Асіпенка ў ролі Вані.
Увогуле ў савецкія часы творчыя сувязі выдатных дзеячаў музычна-тэатральнага мастацтва з Масквы і Беларускага опернага былі цесныя і трывалыя. У нашым тэатры працавалі такія майстры, як дырыжоры Мікалай Галаванаў, Уладзімір Пірадаў, Анісім Брон, рэжысёр Барыс Пакроўскі, на беларускай сцэне рэгулярна выступалі лепшыя салісты Вялікага тэатра Савецкага Саюза. 16 чэрвеня 1953 года ў нашым Тэатры оперы і балета адбыўся канцэрт яшчэ аднаго славутага тэнара Вялікага тэатра Саюза ССР Івана Сямёнавіча Казлоўскага. З ім тады дзялілі сцэну выдатныя савецкія музыканты, піяніст Навум Вальтэр і гітарыст Аляксандр Іваноў-Крамской. Мяркуючы па здымку, у тым канцэрце таксама бралі ўдзел аркестр і мужчынская група хору нашага Опернага. Апошняя, відаць, выступіла няблага, бо вялікі букет кветак ляжыць на каленах нават не Казлоўскага, а тагачаснага галоўнага хормайстра тэатра Мікалая Прысёлкава.
Прызнаюся, менавіта яго асоба падштурхнула мяне напісаць дадзеныя ўспаміны, каб аддаць належнае гэтаму незаслужана забытаму музыканту і дзеячу. Яго прозвішча вы не знойдзеце ў энцыклапедыях, бо ён не меў ганаровага звання — Прысёлкаў нейкі час быў рэгентам царкоўнага хору. (Дарэчы, маю маці ледзь не звольнілі за тое, што яна спявала ў царкоўным хоры, бо не хапала грошай на жыццё). У савецкія часы такая акалічнасць успрымалася як чорная пляма ў біяграфіі. А між тым у даследаваннях, прысвечаных гісторыі Беларускага тэатра оперы і балета, Мікалай Прысёлкаў згадваецца неаднойчы, і яго творчая дзейнасць мае высокія ацэнкі. Напрыклад, у зборніку «Музычны тэатр Беларусі. 1917—1959 гг.» чытаем: «...У пачатку 50-х гадоў вялікае значэнне для тэатра мела дзейнасць Л.Александроўскай як пастаноўшчыка і мастацкага кіраўніка тэатра. Адначасова на пасадзе галоўнага дырыжора пачынае сваю работу Л.Любімаў, хормайстар М.Прысёлкаў. Іх дзейнасць у тэатры адрозніваецца сапраўднай творчай садружнасцю. У 50-я гады на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імі створаны шэраг спектакляў, якія ўзбагацілі рэпертуар тэатра». Такой была, у прыватнасці, пастаноўка оперы Мусаргскага «Барыс Гадуноў» (1954). У тым жа зборніку пра яе напісана: «Гэты шэдэўр рускай класікі, які ўяўляе сабой найбольш дасканалы ўзор народнай музычнай драмы, патрабаваў ад пастаноўшчыкаў максімальнага ўзаемадзеяння ўсіх кампанентаў опернага сінтэзу... Калектыў тэатра оперы і балета з гэтай задачай справіўся». І далей: «Спектакль прадэманстраваў значна ўзросшую харавую культуру выканання (хормайстар М.Прысёлкаў). Творчай удачай пастаноўшчыкаў з’явілася сцэна каля сабора Васіля Блажэннага. Харавая маса як бы “дыхала” ўнутраным жыццём і прыцягвала ўвагу гледачоў».
Прывяду яшчэ адну цытату, у якой даецца ацэнка дзейнасці Прысёлкава. Яна тычыцца пастаноўкі на сцэне тэатра оперы «Садко» Рымскага-Корсакава (1957): «Складаную задачу як у мастацкіх, так і ў тэхнічных адносінах ўяўляла сабой дырыжорскае выкананне гэтага маштабнага эпічнага твора з мноствам масавых харавых сцэн і танцавальна-ігравых эпізодаў. Дырыжор Л.Любімаў і хормайстар М.Прысёлкаў па-майстэрску справіліся са сваёй задачай. Спектакль адрозніваўся высокай аркестрава-харавой культурай».
Адзначана была праца галоўнага хормайстра і пасля адказных выступленняў калектыву на Другой дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва ў 1955 годзе ў Маскве, дзе хор спяваў на сцэне Вялікага тэатра Саюза ССР не толькі ў оперных спектаклях «Яўген Анегін», «Страшны двор», «Дзяўчына з Палесся», але і ў заключным канцэрце. Фотаздымак апошняга захаваўся ў нашым сямейным альбоме. Ён цікавы і тытульным, і адваротным бакамі. Там рукой бацькі напісана: «Выступление сводного хора в Большом театре Союза ССР на заключительном концерте Декады белорусской литературы и искусства в Москве 21 февраля 1955 года. Хор состоял из 500 человек: хор оперного театра, хор Ширмы, хор Цитовича, хор БВО, хор Молодечно, Туровский хор, детский хор Специальной музыкальной школы-десятилетки».
У той Дэкадзе ўдзельнічала ўся наша сям’я: мама і тата ў складзе опернага хору, а мой старэйшы брат Саша — у хоры школы-дзесяцігодкі. Усіх іх узнагародзілі: бацькам далі грашовую прэмію, на якую яны набылі радыёпрыёмнік «Рэкорд», а школьнікам падаравалі грунтоўныя фаліянты «Оружейная палата Московского Кремля», такі дагэтуль захоўваецца ў бібліятэцы брата.
Неўзабаве пасля Дэкады ў Мінску адбылася прэм’ера оперы «Міхась Падгорны» беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага. Фотаздымак зафіксаваў удзельнікаў прэм’еры. У цэнтры бачым самога кампазітара, рэжысёра Ларысу Александроўскую, дырыжора Анісіма Брона, выканаўцаў галоўных роляў Тамару Шымко, Барыса Нікольскага, а таксама артыстаў хору. Як звычайна, недзе збоку, на другім плане, галоўны хормайстар Мікалай Прысёлкаў — у акулярах, са строгім, непрыступным тварам.
Насамрэч гэта быў абаяльны, усмешлівы, добры чалавек. Мае бацькі сябравалі з Мікалаем Дзмітрыевічам і яго жонкай Вольгай Іванаўнай Братчавай — таксама артысткай опернага хору, часта бывалі ў іх у гасцях, куды бралі і нас, дзяцей. Памятаю іх утульны, хлебасольны дом, дзе мы ўпершыню пакаштавалі сапраўдны ўзбекскі плоў, іншыя экзатычныя прысмакі (Прысёлкавы прыехалі ў Мінск з Ташкента, адтуль атрымлівалі невядомыя нам тады спецыі).
Мікалай Дзмітрыевіч вельмі сур’ёзна, адказна ставіўся да сваёй справы, захоплена займаўся з оперным хорам, моцна любіў музыку ўвогуле. На жаль, з-за свайго юнага ўзросту тады я не магла ацаніць гэтага ў поўнай меры, але помню, як бацькі пасля рэпетыцый і спектакляў горача, зацікаўлена абмяркоўвалі працу хору, з павагай і сімпатыяй гаварылі пра дзейнасць свайго галоўнага хормайстра, аддавалі належнае яго высокаму прафесіяналізму, патрабавальнасці, адданаму служэнню музыцы. Адно з невялікіх дакументальных сведчанняў сказанага — яго рабочы клавір оперы Вердзі «Аіда». Шаноўны Мікалай Дзмітрыевіч падараваў яго мне, калі я вучылася ў кансерваторыі. Ён ведаў, што я таксама вельмі люблю музыку, люблю іграць оперныя клавіры, і на дзень нараджэння зрабіў мне такі каштоўны падарунак з цёплым надпісам. Гэты клавір хоць бы крыху раскрывае «кухню» яго ўдумлівай працы над оперным творам. Усе старонкі маюць пазнакі дырыжора, яны сведчаць, што падчас рэпетыцый ён думаў не толькі пра хор, але і пра ўсю складаную партытуру твора. Прысёлкаў удзельнічаў у пастаноўцы «Аіды» на пачатку 1950-х, па ацэнцы крытыкі пастаноўка была ўдалая, вызначалася высокай сцэнічнай культурай і яркай тэатральнай формай. А ў 1973-м, калі Мікалай Дзмітрыевіч падарыў мне гэты клавір, ён быў ужо на пенсіі. Пра яго хутка забылі, жыццё пайшло далей...
Цяпер хор Нацыянальнага тэатра оперы і балета — вядомы калектыў, яго высокі выканаўчы ўзровень адзначаны і ў нашай краіне, і за яе межамі, узначальвае яго народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. Але такі ўзлёт узнік не на пустым месцы: грунтоўны падмурак для яго заклалі выдатныя музыканты, якія працавалі ў хоры пасля Вялікай Айчыннай вайны, — Георгій Пятроў (1944—1950 гг.), якога змяніў Мікалай Прысёлкаў, потым Аляксей Кагадзееў. Хочацца пажадаць, каб іх імёны ўспаміналіся з вялікай удзячнасцю за тое, што яны зрабілі для беларускага опернага мастацтва.
Ірына МІЛЬТО