А.Краўчанка (Спартак), Л.Кудраўцава (Фрыгія). «Спартак» А.Хачатурана. |
Напрыканцы студзеня 2008 года ў гістарычным будынку Хофбурга ў Вене адбыўся Рускі баль, які ладзіцца пры падтрымцы і асабістым удзеле славутага маэстра В.Гергіева. (Цікава, у якой краіне свету мог бы адбыцца Беларускі баль?). Заўважу, што два альбомы, запісаныя пры ўдзеле аркестра Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам усё таго ж В.Гергіева, вылучаны на прэстыжную прэмію «Грэмі». Адзін з іх -- «Рускі альбом» з Ганнай Нятрэбка -- у катэгорыі «Лепшае выкананне вакальнай класічнай музыкі».
Зорка Марыінскага тэатра знакамітая балерына Дзіяна Вішнева задоўга наперад ведае расклад спектакляў, у якіх танцуе вядучыя партыі і якія адбываюцца ў розных краінах і на розных кантынентах. Напрыканцы мінулага года, у снежні, яна тройчы станцавала балет «Шчаўкунок» у Токіо. Гэтая харэаграфічная казка карыстаецца незвычайнай папулярнасцю ў дарослых і дзяцей падчас Калядаў. У студзені 2008-га Д.Вішнева танцавала «Баядэрку» на сцэне Кенэдзі-Цэнтра ў Вашынгтоне, а 12 лютага ў Лос-Анжэлесе ўдзельнічала ў прэм’еры балета «Beauty in Motion».
А цяпер -- пра навіны айчыннага балетнага мастацтва. Падчас свайго візіту ў Беларусь у снежні 2007-га Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.Пуцін уручыў мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага тэатра балета В.Елізар’еву медаль Пушкіна. Ганаровая ўзнагарода Расіі прысуджана «за заслугі ў галіне культуры і вялікі ўнёсак у захаванне культурнай
Ю.Дзятко (Жызэль), К.Кузняцоў (Альберт). «Жызэль» А.Адана. |
Напрыканцы снежня ў цікавую творчую вандроўку выправіліся Людміла Кудраўцава і Антон Краўчанка. Па запрашэнні ўрада Масквы і Маскоўскай гарадской думы В.Елізар’еў і гэтыя салісты прымалі ўдзел у канцэрце «Народныя артысты СССР -- ветэранам вайны і працы». Канцэрт ладзіўся ў Калоннай зале Дома Саюзаў, а выконвалі нашы артысты фрагменты са «Спартака» ў харэаграфіі В.Елізар’ева.Не менш цікавае падарожжа чакала творчы дуэт Вольгі Гайко і Мікалая Радзюша. Яны надзвычай паспяхова выступілі на XXI фестывалі «Болдзінская восень», які ладзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе на сцэне Тэатра оперы і балета імя А.Пушкіна. Танцавалі партыі Адэты-Адыліі і прынца Зігфрыда ў «Лебядзіным возеры» і прымалі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю, дзе выконвалі адажыо з «Кармэн-сюіты» ў харэаграфіі В. Елізар’ева.
Першая палова бягучага тэатральнага сезона была надзвычай багатай на дэбюты і ўводы. Так, партыю Уладзіміра ў «Страсцях» упершыню станцаваў эфектны і выразны А.Краўчанка, які мае выключныя фізічныя даныя і пераканаўча выконвае ролі як герояў (Адам, Спартак), так і нягоднікаў -- у апошняй якасці нярэдка паўстае Уладзімір. Партыю Ганны, якая прыязджае з Візантыі з місіянерскай мэтай ахрысціць Русь, упершыню выканала маладая Алена Шкатула.
Паступова засвойваюць усё новыя вядучыя партыі салісты І. і А.Яромкіны. Ірына паспяхова станцавала Джульету ў харэаграфічнай версіі шэкспіраўскай трагедыі, Алег -- графа Альберта ў рамантычнай «Жызэлі», а раней -- Зігфрыда ў «Лебядзіным возеры».
На пачатку студзеня ў галоўных партыях балета «Шчаўкунок» дэбютавалі Юлія Дзятко (Маша) і Канстанцін Кузняцоў (Прынц). Салісты, якія перайшлі ў Нацыянальны балет з Дзяржаўнага музычнага тэатра, паслядоўна і мэтанакіравана авалодваюць новым для сябе рэпертуарам. Лірычна-казачная атмасфера «Шчаўкунка» надзіва ўдала адпавядала індывідуальнасці артыстаў. Імя Ю.Кавалёва ўсё часцей згадваюць беларускія аматары балета. Юрый з вялікім імпэтам і цікавасцю паглыбляецца ў стылістыку самых розных вобразаў. Асабліва натуральна і пераканаўча выглядаюць у яго камедыйныя і лірыка-камедыйныя героі. Менавіта такім -- гарэзным, жыццярадасным, схільным да самых розных і нечаканых жарцікаў і розыгрышаў -- выглядаў ягоны Базіль у «Дон-Кіхоце».
Якія ж новыя прэм’еры і дэбюты рыхтуе нам працяг тэатральнага сезона?..