Уладзімір Тоўсцік валодае рэдкім талентам напаўняць гарадскі матыў глыбокім пачуццём і зместам, амаль аповедам. Яго творчасці ўласцівы тонкае каларыстычнае майстэрства, свабоднае валоданне рознымі жанрамі і тэхнікамі выяўленчага мастацтва. Удала знойдзеныя колеравыя суадносіны, якія або тонка спалучаюцца, або дадзены ў кантрастных проціпастаўленнях, ствараюць праўдзівы і разам з тым абагульнены вобраз горада. Кампазіцыйныя прыёмы, якія выкарыстоўвае мастак, досыць неадназначныя. Хтосьці лічыць, што яны пабудаваны выключна па тэатральных прыёмах з падначаленымі неабходнай дынаміцы гарызанталямі. Хтосьці знаходзіць непасрэдную пераемнасць прынцыпаў жывапісу ХІХ ст. -- з абавязковым уваходам у плоскасць палатна. Мне думаецца, што на самай справе як каларыстычнае, так і кампазіцыйнае рашэнне кожны раз дыктуецца аўтару аб’ектам выяўлення, натурай, да якой мастак па той або іншай прычыне робіцца неабыякавым і якую, праламляючы праз ўяўленне, імкнецца паказаць нам найбольш ярка.
Наталля Шаранговіч