Яго ўнёсак у нашае мастацтва сувымерны ролі Юдэля Пэна ў Віцебску, са школы малявання якога пачалося фармаванне слыннае Віцебскае школы. Сёння нават цяжка пералічыць, хто пачынаў сваё творчае сталенне пад крылом Кругера: Азгур і Ахрэмчык, Станюта і Руцай, Фімянтоўскі і Філіповіч — ледзь не палова выбітных майстроў нашага айчыннага мастацтва.
Якаў Кругер нарадзіўся ў Мінску ў рамесніцкай шматдзетнай сям’і Мордуха Кругера і яго жонкі Роды. Гадаваўся як іншыя яўрэйскія хлапчукі, займаўся ў хедары, а затым у рамеснай вучэльні. Дзякуючы настойлівай рэкамендацыі школьнага настаўніка, пачаў вучыцца на мастака, атрымаўшы грунтоўную адукацыю: спачатку — тры гады ў Кіеве ў малявальнай школе Мікалая Мурашкі, якую наведвалі і Вітольд Бялыніцкі-Біруля, і Абрам Маневіч, і Казімір Малевіч, затым — у славутай прыватнай мастацкай школе прафесара Леапольда Горавіца. Сем гадоў пражыў у Парыжы, працягваючы навучанне ў Акадэміі Радольфа Жуліяна, дзе кшталтавалі майстэрства Маціс, Муха, Лежэ, Кольвіц ды яшчэ нашыя з Кругерам землякі — Леў Бакст ды Жак Ліпшыц.
Гэта быў зорны час для Якава Кругера, гадаванца беднае яўрэйскае мешчаноты. Ён расквітнеў у Парыжы, багата працаваў, пісаў усё новыя карціны ды шмат падарожнічаў па розных сталіцах Еўропы. У родны край Якаў вярнуўся ў 1895 годзе як сталы творца. Дзякуючы заступніцтву Іллі Рэпіна, яго, яўрэя, прынялі на вучобу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, у клас Уладзіміра Макоўскага.
Па сканчэнні сваёй адысеі, са статусам мастака, Кругер вярнуўся ў родны Мінск, каб застацца тут назаўжды.
У 1900—1910 гадах Кругер стварыў нізку твораў, што адлюстроўвалі яўрэйскі побыт: «Хедар», «Яўрэйскі духоўны суд», «Перапісчык Торы», «За малітвай», «Талмудыст», «Яўрэй, які моліцца», «Каўказскі яўрэй», «Яўрэй з куфлем». Натуральна, не раз Якаў Кругер выяўляў славутую мінскую Халодную сінагогу.
У 1904-м ён атрымлівае дазвол губернатара адкрыць у Мінску курсы малявання і жывапісу. У 1906-м курсы былі ператвораныя ў мастацкую школу. Імператарскай Акадэміяй мастацтваў у Пецярбурзе быў зацверджаны статут, складзены самім Кругерам.
Першымі вучнямі сталі настаўнікі малявання і адораная моладзь. Пра тое, які характар мела навучанне, можна меркаваць паводле ўспамінаў Суціна, які пісаў: «Калі трэба было намаляваць вугалем нейкага Апалона, Венеру ці Мінерву, якую я атрымліваў асалоду! Я маляваў для іх багоў! Але ўсе яны былі падобныя да старых з мястэчка Смілавічы».
З 1904-га па 1906-ы ў Мінску адначасна існавала тры мастакоўскія школы — Кругера, Кацэнбогена і Яроменкі. Працавалі Земскі музей, Мастацка-прамысловы музей, царкоўны Археалагічна-этнаграфічны музей, дзеілі польскае культурнае Таварыства «Ognisko», Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, былі артыстычна-літаратурныя кавярні «Акварыум» на Юр’еўскай і «Селест» на Захар’еўскай, клубы, кінатэатры.
Школа Якава Кругера размясцілася ў трох пакоях вялікага мураванага гмаху кандытара Венгржэцкага, на рагу вуліц Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай (цяперашнія праспект Незалежнасці і вуліца Энгельса). З арэндаю паспрыяла слынная мінская мастачка і мецэнатка Пальміра Мрачкоўская.
У 1907 годзе сям’я Кругераў таксама пасялілася ў будынку Венгржэцкага, прыкладна ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца дом № 23 з універсамам «Цэнтральны». Выкладчыцкай працы Кругер аддаў багата сілаў. Ужо ў савецкі час мастак згадваў: «У маю школу прыходзілі — за многія кіламетры, пешкі, з мястэчак і вёсак — басаногія падлеткі з гарачым жаданнем развіваць свае здольнасці». Але вучні былі розныя. Бацька Міхаіла Кікоіна — банкаўскі службовец, меў уласную кватэру ў новым доме. А Хаіму Суціну падчас вучобы ў Мінску даводзілася харчавацца булкамі, селядцом і салёнымі агуркамі, якія дасылала са Смілавічаў маці.
Якаў Кругер выкладаў у розных навучальных установах горада да апошніх дзён свайго жыцця. Ён імкнуўся перадаць вучням майстэрства ў валоданні разнастайнымі тэхнікамі жывапісу. «У асобе мастака Кругера школа мае дасведчанага і адданага справе кіраўніка», — такую выснову зрабіла камісія мінскай Гарадской Думы ў 1911 годзе.
Кругер быў аўтарам сотняў карцін, многія з якіх — напрыклад, партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы — сталі нацыянальнай беларускай класікай. Застаўшыся ў савецкай Беларусі, Кругер не ў малой ступені пасадзейнічаў фармаванню сацыялістычнага рэалізму ў 1930-я, ствараючы ўзорныя партрэты Сталіна, Варашылава, Горкага. За гэта ён ва ўзросце сямідзесяці гадоў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР» — за чатыры месяцы да сваёй смерці.
У чэрвені 1941-га частку карцін Кругера адправілі ў Віцебск, дзе павінна была адбыцца яго выстава, адкуль палотны з’ехалі ў эвакуацыю ў Саратаў. Такім чынам ацалела тры тузіны твораў Якава Кругера, якія цяпер захоўваюцца ў музеях Беларусі.
Аднак найвялікшая частка ягонага даробку прапала ў вайну. Але ж магло не застацца наогул нічога! Як не засталося бацькоўскага дома і ягонага ўласнага, што месціўся ў раёне Дома ўрада, не засталося і шыкоўнага дома Венгржэцкага, дзе была ягоная славутая школа. На тым месцы — перад будынкам № 23 — сёння тратуары ля праспекта, у савецкі час па вайне было праўленне Саюза мастакоў БССР і мастацкі салон, дзе цяпер казіно. Не пашкадавалі ў 1970-я і адзін з найстарэйшых мураваных будынкаў нашае сталіцы — гатычную Халодную сінагогу, дзе маліўся Кругер.
Некранутай засталася толькі яго магіла на Вайсковых могілках. А таксама — велізарная слава вучняў, чые зоры ён запаліў, тых, хто стаў настаўнікам цяперашняму пакаленню мастакоў у Беларусі і ў Еўропе.
А можа, яму, выкладчыку-чараўніку, калі-небудзь паўстане помнік у ягоным родным горадзе, якому ён прысвяціў да рэшты ўсё сваё жыццё?.. Ці хоць бы мемарыяльны знак там, дзе была славутая школа Якава Кругера...
Сяргей Харэўскі (тэкст) / Сяргей Ждановіч (фатаграфіі)