Спрычыніцца да аўтэнтычнага Шэкспіра ўдаецца не ўсім. Да Лондана і Стратфарда далёка і дорага. Хоць убачыць штосьці падобнае да сапраўднага вельмі хочацца. Гэтай вясной у Мінск завітала трупа лонданскага тэатра «Глобус» са спектаклем «Гамлет». Выступілі адзін раз і паехалі далей. Нам жа пакінулі неадназначныя ўражанні, стос пытанняў і сумненняў.
Якім менавіта быў пры Шэкспіры тэатр «Глобус», не ведае ніхто. Усе звесткі пра яго абапіраюцца на сучасныя даследаванні і гістарычную рэканструкцыю. Падазраю, што на тэрыторыі былога СССР толькі выдатны расійскі шэкспіразнаўца Аляксей Барташэвіч валодае найбольш дакладнай інфармацыяй. З уладкаваннем памяшкання шэкспіраўскага тэатра прасцей. З характарам тэатральных паказаў больш складана.
Публічны тэатр Лондана часоў Шэкспіра «Глобус» (1599) праіснаваў каля 45 гадоў. З драўлянага ператварыўся ў мураваны і быў закрыты пурытанамі. Цяперашні будынак — навабуд. З мінулага вядома, што сярод тэатраў эпохі Адраджэння, якія былі круглай формы і без даху, «Глобус» вылучаўся. Ён быў пабудаваны як васьміграннік, абнесены высокай сцяной, і ўмяшчаў каля 2000 гледачоў. Граўндлінгі (непатрабавальныя гледачы) маглі пабачыць прадстаўленні стоячы. Візуальная карцінка практычна адсутнічала. Драматург (ён жа рэжысёр) разлічваў на ўяўленне публікі. Сам Шэкспір заклікаў: «Папоўніце ўсе недахопы нашы фантазіяй сваёй».
Англічане пабудавалі «Глобус» нанава (1997), каб зрабіць яго важнейшым цэнтрам культурнага жыцця краіны і, перш за ўсё, помнікам Шэкспіру. Мне не давялося пабываць у Лондане, але я старанна абышла ўсе паверхі мудрагелістага «ілжэглобуса» ў Маскве — будынка, зробленага па ўзоры шэкспіраўскага для тэатральнай трупы рэжысёра Анатоля Васільева. Васільеву гэтае памяшканне не спадабалася. Ён у яго так і не ўехаў. Але спектаклі іншых тэатраў і рэжысёраў там іграюць.
Як сцвярджае першы біёграф Шэкспіра Нікалас Роў, у эпоху, якая недалёка адышла ад варварства, на сцэне было магчыма ўсё. Елізавецінская публіка наўрад ці магла адчуць і зразумець загадкавыя стварэнні Шэкспіра, над тлумачэннем якіх чатыры стагоддзі б’юцца лепшыя гуманітарныя розумы чалавецтва. Узяць хоць бы трагедыю «Гамлет», у якой мы сёння знаходзім другое «я» драматурга Шэкспіра.
Вясёлыя елізавецінцы ставіліся да гэтай «п’ескі» без піетэту, як да дэтыктыва, напоўненага забаўнымі падзеямі. Яе ігралі ў матроскай і рамесніцкай самадзейнасці. Яна стала любімым творам просталюдзінаў і прыносіла поспех не дзякуючы сваёй філасофскай глыбіні, як, зрэшты, і ўсе тэксты Шэкспіра, а магчымасці свабодна, нават па-хуліганску выкласці сюжэт. Нездарма лонданскія тэатралы склалі ў тыя часы такую песеньку:
Каб публіку ў тэатр зазваць,
Гані Шэкспіра з Джонсанам!
Калі пачнуць сланы скакаць,
Прыбытку будзе болей.
Уся гэтая доўгая прадмова спатрэбілася для таго, каб паспрабаваць растлумачыць недаўменне і шокавы стан беларускай публікі на спектаклі тэатра «Глобус» з Лондана. Ігралі на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Кошт квіткоў быў завоблачны і для знаўцаў, і для аматараў сцэнічнага мастацтва, але прапусціць такое відовішча было б недаравальна. З самога Лондана. З тэатра «Глобус». Ды яшчэ «Гамлет». Цяперашняя трупа са спектаклем «Гамлет» пайшла на рэкорд, калі вырашыла аб’ехаць мноства краін і гарадоў. У Беларусі быў адзіны паказ. І мы яго ўбачылі.
Лонданцы не вельмі добра ведаюць нашу сістэму рэпертуарнага тэатра. Яны працуюць па брадвейскай сістэме. Сабраліся, дамовіліся, выпусцілі спектакль, іграюць да знямогі.
Ведаючы будні і святы беларускіх калектываў, лёгка ўявіць, што і як яны вязуць на гастролі. Бо згадваюцца нашы вандроўкі не надта высокага палёту — з мінімумам артыстаў, дэкарацый і бутафорыі. У «Гамлеце» было так. Скрыні-чамаданы для касцюмаў выкарыстоўваюцца як дэталі афармлення. Нясвежая анучка на вяроўцы азначае заслону. Некалькі дошак агароджваюць прастору. Акцёры выконваюць па некалькі роляў і з’яўляюцца адначасова рабочымі сцэны. Усе граюць на музычных інструментах (аркестр везці з сабой не трэба). Касцюмы сучасныя, зручныя для падарожжаў і заняткаў спортам. Зрэдку наапашкі з’яўляецца адзенне шэкспіраўскай эпохі.
У елізавецінскія часы і раней на сцэне ўсе ролі выконвалі толькі мужчыны. Падлеткі ігралі жанчын. Цяпер часцей наадварот: жанчыны выходзяць у мужчынскіх ролях. Выклікае пэўнае неразуменне негр Гамлет. Як у беласкурых Гертруды і Гамлета-бацькі мог з’явіцца цемнаскуры сынок? Ох, саграшыла некалі каралева. Легкадумная. Здрадлівая. Ці варта наракаць на яе за тое, што «чаравікоў яшчэ не стаптала», а ўжо ўзяла шлюб з Клаўдзіем?
Малады Гамлет пачынае спектакль з інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з глядзельнай залай. Публіка рэагуе добра — усё ж здалёк прыехаў, з самога Лондана, хоць ні кропелькі не падобны афраамерыканец да прынца Дацкага, прынца Уэльскага або яшчэ да якой-небудзь царскай асобы. Свой хлопец у дошку. І пакуты яго нейкія дзелавыя, механічныя. Мабыць, там, у іх Лондане, менавіта так трэба іграць.
Адольваюць нетактоўныя і неэстэтычныя параўнанні. Закрадаюцца небяспечныя і крамольныя думкі. Накшталт таго, ці сапраўды гэта тэатр з Вялікабрытаніі, дзе ў шэкспіраўскім рэпертуары вызначаліся Гардон Крэг, Лорэнс Аліўе, Джон Гілгуд, Генры Ірвінг, Фрэнк Бэнсан, Пол Скофілд, Майкл Рэдгрэйў. Адкуль гэтым англічанам вядомыя падрабязнасці гастрольнага абслугоўвання нашых тэатраў, якія выязджаюць у Палацы культуры і сельскія клубы? Там на сцэне ўсё па мінімуме, а глядзельная зала набітая пад завязку. Радасць. Артысты прыехалі. Прадстаўляюць. Весяляць. Можна ўсё апраўдаць і дараваць.
У аксамітавым залачоным інтэр’еры лепшага тэатра нашай краіны — Купалаўскага — гэткая ж (або падобная) атмасфера здзіўлення заморскім прадуктам, які надта нагадвае мастацкую самадзейнасць. А можа быць, так і трэба? Не разумеем мы штосьці ў гэтым постмадэрнізме або не хочам разумець. Падавай нам глыбіню, філасофію, загадкі душы. Зрэшты, каму яны сёння патрэбныя...
Можна за адзін вечар сыграць усе 37 п’ес Шэкспіра. Можна на сцэне ўявіць Гамлета нападаючым на футбольным полі. Можна ўсё дзеянне п’есы змясціць на адным велізарным ложку, дзе прынц Дацкі гвалціць усіх запар, у тым ліку і родную маці. Сёння літаральна ўсё пабачыў шэкспіраўскі Гамлет. Ён можа быць бандытам і пачварай, як у нашым РТБД. Гэтыя брутальныя прыёмы пазбаўлены эстэтычнага зместу. Яны нагадваюць пра тое, што некалі сучаснікі не бачылі ў «Гамлеце» асаблівай складанасці. Рух гістарычнага часу прымусіў нас думаць пра п’есу як пра вобраз Сусвету, што знішчаецца катастрофамі. У трагедыі прынца Дацкага мы шукаем адказы на вечныя пытанні. І маюць рацыю спецыялісты, гаворачы, што «Гамлет» не пусты сасуд, які кожны можа напоўніць на свой густ. Хоць сэнс твора змяняецца ў часе, але так не хочацца спаўзаць у варварства.
Можна адкінуць снабізм ХХ і ХХІ стагоддзяў, успомніць, з чаго пачынаўся тэатр Шэкспіра, што азначалі ў тыя часы пошукі і пакуты душы ў тэатральнай прасторы любой краіны. Нельга забывацца: геніяльныя Леанарда да Вінчы і Шэкспір стваралі ў атмасферы варварскіх нораваў і марылі з імі расквітацца. Але нас сёння крыўдзіць і шакуе прымітывізм пры цывілізацыйных заявах і магчымасцях нашай эпохі. Дый ці быў сам Шэкспір, у рэшце рэшт? Вернемся да ягонай загадкі.
Таццяна АРЛОВА
Паміж Лонданам і Мінскам
Чаму мы ходзім у тэатр?.. Лепшыя спектаклі дазваляюць нам «адпусціць» свае эмоцыі, фантазію, адчуць рэзананс з тым, што адбываецца на сцэне. Такія пачуцці ахапілі мяне, калі глядзела «Ціт Андронік».
Няма ніводнага тэатра ў свеце, дзе б не ставілі Шэкспіра, але ёсць адзіны тэатр у свеце, дзе ставяць толькі Шэкспіра — гэта «Глобус» у Лондане. Я не магла абмінуць яго. Як толькі зайшла ў «глядзельную залу» — так, менавіта ў двукоссі, бо ніякай глядзельнай залы насамрэч няма, — апынулася на рымскім форуме і стала адным з «вольных жыхароў Рыма». Справа ў тым, што сцэна ў «Глобусе» не мае заслоны і літарай «П» выходзіць у партэр, якога таксама няма, бо няма крэслаў. Публіка глядзіць прадстаўленне, стоячы на адкрытым паветры. Для больш заможных гледачоў ёсць тры паверхі ложаў з лаўкамі, якія знаходзяцца пад дахам.
На сцэне ніводнай дэкарацыі, па кутках сядзяць жаўнеры, якія пільна сочаць за кожным, хто ўваходзіць ва ўмоўную глядзельную залу. Нездарма, бо хутка з’явіцца сам палкаводзец Ціт. У паветры адчуваецца нешта страшнае. Мастак Уільям Дадлі ахінуў сцэну ў чорнае, нібыта ў жалобу, пах ладану лунае ў паветры, а жудасныя гукі ад вастрэння мячоў прымушаюць нервавацца.
Двор паціху напаўняецца гледачамі, няма вольных месцаў і ў ложах. Усе адчуваюць сябе даволі некамфортна, запытальна пазіраюць адзін на аднаго. Рэжысёр Люсі Бэйлі таленавіта выкарыстоўвае прастору «Глобуса», эфектна пачынае і задае тон усяму спектаклю. Праз гледачоў, расціскваючы і раскідваючы іх, у «Рым» трыумфальна ўваходзіць Ціт Андронік са сваім войскам і палоннымі.
Дзеянне пераносіцца на сцэну. Ціт Андронік прыводзіць у якасці трафеяў каралеву готаў Тамору і трох яе сыноў. Забівае старэйшага з дзяцей, а саму Тамору бярэ ў жонкі. Тамора клянецца адпомсціць.
Пачынаюцца забойствы. Гратэскна, жорстка гінуць героі адзін за адным. Відовішча не для слабанервовых. Цягам спектакля некаторых людзей выносілі з залы, бо яны страчвалі прытомнасць. Дзяжурылі медыкі, пераапранутыя ў супрацоўнікаў тэатра. Некаторыя гледачы, убачыўшы шмат крыві і жахлівыя сцэны згвалтавання, самі, хістаючыся, пакідалі залу. Спектакль быў інтэрактыўным. Дзеянне адбывалася не толькі на сцэне, але і па-за яе межамі. Нехта мог схапіць цябе за руку ці за плячо, папрасіць пасунуцца і саступіць дарогу, бо едзе важная асоба. Уся прастора «Глобуса» была задзейнічана, паўсюль нешта адбывалася, як адбывалася ў бурным жыцці старажытнага Рыма.
Самыя моцныя і жахлівыя сцэны былі з Лавініяй (Флора Спэнсер), дачкой Ціта (Уільям Ньюстан), якую спачатку згвалцілі, потым адсяклі рукі і выразалі язык. Яна, звар’яцелая, нагадвала крывавы пень. «Ціт Андронік» — самая брутальная трагедыя Шэкспіра, выклікае ліхаманкавы настрой. Кожная сцэна — канфлікт, сутыкненне інтарэсаў. Сюжэт развіваецца імкліва. Псіхалагічныя дэталі спалучаны з шалёнай энергіяй. Гледачам здаецца, што яны апынуліся ў жудасным грамадстве, ахопленым дзікай помстаю. Чатырнаццаць забойстваў, трыццаць чатыры трупы, тры адсечаныя рукі, адзін выразаны язык — вось пералік жахаў, што напаўняюць гэтую «крывавую трагедыю», якая мае гістарычныя вытокі ў жыцці і ў культуры эпохі.
Увогуле тэатр «Глобус» — гэта тэатр відовішча, які патрабуе, каб гледачы «зліліся» з дзеяннем, што адбываецца перад вачыма. Усё гіпербалізавана, падкрэслена. Акцёры іграюць дзёрзка, ярка, эмацыйна насычана. Тут няма паўтаноў і метафар. Усё адкрыта, зразумела, геніяльна проста, таму кранае надзвычайна. Вельмі лёгка ўявіць сябе жыхаром Лондана ХVI стагоддзя, які прыйшоў паглядзець на відовішча. Ігра артыстаў магічна захапляе і прымушае задумацца над сапраўднымі чалавечымі каштоўнасцямі — каханнем, адданасцю, сумленнасцю.
Наталля СЦЯЖКО