Ростані і прыстанкі

№ 3 (372) 01.03.2014 - 31.03.2014 г

Персанальная выстава Валерыя Ляшкевіча Нацыянальны мастацкі музей
Што значыць умелы піяр! Больш за сотню чалавек ледзь размясціліся ў невялікай арт-кавярні Нацыянальнага мастацкага музея. Чаканне адкрыцця (не столькі выставы, як імя), далучэнне да таямніцы загадкавых твораў і дакументальнае кіно пра бяздомнага мастака (здымалася на працягу года пад кіраўніцтвам рэжысёра Анастасіі Мірашнічэнка) — усё гэта дадавала флёру экспазіцыі. У галоўным музеі краіны былі паказаны карціны гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча, які ўжо дваццаць гадоў жыве на вуліцы.

Калі ўлічыць, што фільм заканчваўся словамі пра генія, які існуе сярод нас, то варта было чакаць знаёмства не менш як з мясцовым Пірасмані. Тым больш, што прагучала такое моднае слова — маргінал. Вось сарваны газеты з карцін, і публіка ўзіраецца ў працы. Глабальныя тэмы, сімвалічнае напаўненне вобразаў, складаная архітэктоніка твораў (калаж) — усё паказвае на мастака самабытнага і арыгінальнага. Аднак не генія. І ці маргінала? Бо Валерый Ляшкевіч мае мастацкую адукацыю, а калажнаму метаду гадоў са сто: творца відавочна ідзе следам за мэйнстрымам, а не збочвае з яго. Але паслухаем самога аўтара, які распавядае пра сваё жыццё ў Піцеры (куды ён звычайна ездзіць летам): «З паловы шостай да паловы дзясятай прыбіраўся, а пасля да цемры на Неўскім маляваў людзей і, у адрозненне ад іншых, увасабляў не носікі і вочкі, а закладаў грамадскі змест праз сімволіку». З узроўню гэтай цытаты адразу становіцца зразумелым, чаму адзін з улюбёных герояў Ляшкевіча — Дон Кіхот. У нейкай ступені яго аlter ego. Добрыя намеры, шчырае сэрца. Выбрана зброя — мастацтва. Для барацьбы з несправядлівасцю. Для крыку (тым больш, што ў рэальнасці яго голас ціхі і сціплы). Па ўзроўні філасофскага мыслення ён маргінал: сам да ўсяго дайшоў. Тут і ўзнікае блытаніна і ажыятаж вакол гэтай персоны. Паняцце «маргінала» даўно страціла вартасную характарыстыку, гэта той, хто не даганяе, ці той, хто апярэджвае час. Так лёгка памыліцца... Сімвалічная мова твораў Ляшкевіча таксама ўскладняе ацэнку гледача. Формы выяўлення сімвалічнага ў мастацтве бязмежныя — ад фотарэалізму да чыстай абстракцыі і іх спалучэнняў. Тут як ніколі важны вербальны кантэкст. Камусьці тое, што спрабуе данесці мастак, здаецца заштампаваным, банальным, для некага гэта адкрыццё. Для мяне асабіста на выставе знайшоўся толькі адзін твор, якому паверыла цалкам. Паверыла — значыць убачыла арганічнасць формы і яе адпаведнасць зместу. Гэта аўтапартрэт, зроблены на аснове фатаграфіі, рэалістычная перспектыва ператасоўваецца з пластамі абстракцыі: рука дзейсная і бяздзейсная, сімвалічна белы колер простай майкі і рамкі твора, што паказваюць замкнёнасць, цеснату прасторы — як сімвал жыццёвых абставін. Сюжэтам гэтага твора аўтар нібы прыпячатаны, ён адчувае яго сімволіку не абстрактным чынам — таму праца пераконвае. На яе падставе можна будаваць уяўленне пра шараговага гомельскага мастака (як творца ён, аднак, сфарміраваўся ў Піцеры) з нешараговымі якасцямі: шчырай рэфлексіяй пра «глабальныя праблемы чалавецтва», пра тое ўнікальнае, што бачна са стану яго бесхаціннасці — рэальнай і... культурнай.

Самае ж цікавае ў гэтай нефарматнай постаці — тыя ўрокі, якія ён наўмысна ці ненаўмысна прапанаваў. Найперш пра духоўнае і матэрыяльнае. «Дзень мой праходзіць у працы, а калі не ў працы, то ў мары пра яе. Але перашкоды не заўсёды даюць мне працаваць. Неспакойна заўсёды. Турбота вялікая ад таго, што ў мяне варыкоз вен на назе. Мне даводзіцца седзячы спаць, а седзячы нельга, бо патрэбны раўнамерны кровазварот. А я на вакзале ў зале чакання ў крэсле седзячы сплю. Дый праз рэпрадуктар аб’явы. І пасажыры ходзяць. Усё гэта — перашкоды. Практычна я не высыпаюся. Днём магу ў тралейбусе стоячы задрамаць. Ці вось тут ля камер захоўвання, прыхінуўшыся да сцяны, задрамаць — ад таго, што хранічна не высыпаюся. Але я магу, перахрысціўшыся перад Богам, сказаць, што прачынаюся з адной думкаю: над чым я ўчора працаваў, што атрымалася, а што — не. І што я павінен сёння зрабіць». Камеры захоўвання — гэта, фактычна, майстэрня Ляшкевіча. Там ён трымае свае творы і матэрыялы для працы. Марыць пра вялікую карціну, але для яе патрэбна большая камера захоўвання, якой на вакзале няма.

Гісторыя Валерыя Ляшкевіча выявіла хібы нашай арт-сістэмы. Старыя механізмы падтрымкі мастака трансфармаваліся тут нязначна, новыя не стварыліся. Працы творцы някепска прадаюцца — у галерэях Санкт-Пецярбурга (там стварылася нават суполка яго падтрымкі), на выставах, на імправізаваных вулічных паказах у Гомелі. Аднак гэта нефарматная постаць проста не ўпісваецца ў нягнуткую арт-структуру. Дадаць недахоп галерэй, адсутнасць арт-рынку, менеджараў і да т.п.

Інтарэс да твораў Ляшкевіча сведчыць, што гледачу неабыякавая як актуальная праблематыка, так і складаная вобразная мова. Прыгожыя карцінкі дарэчныя ў салоне, а не на выставе: «Усё зіхаціць, а ідэі няма. У кожнай маёй рабоце ёсць ідэя, змест, а не хараство формы. Ці шмат таленту трэба, каб ільва намаляваць? Ды не патрэбны талент, каб дурань сказаў: прыгожа».

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва