Калі прыйдуць дзяды

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

«Дзяды. Вялікая імправізацыя» паводле паэмы Адама Міцкевіча

/i/content/pi/mast/69/1161/14.jpg 
 
Паэму Адама Міцкевіча «Дзяды» марылі інсцэнізаваць многія беларускія пастаноўшчыкі. Прынамсі, намеры агучваліся неаднаразова, але... да справы так і не даходзіла. Пры больш пільным разглядзе звышпрыцягальны паэтычны матэрыял уяўляўся звышскладаным для сцэнічнага ўвасаблення. Ментальна блізкі тэкст безумоўна пасаваў да цягам дзесяцігоддзяў выпрацаванага агульнабеларускага тэатральнага стылю — рамантычнага і ўзвышанага, але... Відаць, якраз у гэтым і заключалася закавыка. Была неабходна актуалізацыя тэксту: класіка, як вядома, набывае новы сэнс у новую эпоху.

Сёлета прэм’еры «Дзядоў» адбываліся двойчы. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек рэжысёр Аляксандр Янушкевіч годна і ўдумліва разгарнуў перад гледачамі рытуальна-абрадавую сцэнічную плынь, уводзячы гістарычныя падзеі ў агульны пазачасавы і духоўны кантэкст. Неўзабаве «Дзядоў» паказаў і Тэатр Ч.

Пра стварэнне новага тэатра і ягоную прэм’еру было абвешчана адначасова. Мастацкі кіраўнік Тэатра Ч вядомы драматург Андрэй Курэйчык заявіў пра неабходнасць абнаўлення мінскага культурнага ландшафту і патрэбу ў свежым дыханні, пра тое, што проста ставіць спектаклі, якія прыносяць прыбытак, нецікава, важна шукаць «новыя формы».

Такую адкрытую адсылку да Чэхава можна палічыць дэкларацыяй аб намерах. Ды толькі першая прэм’ера Тэатра Ч сапраўды атрымалася рэзананснай.

«Дзяды» са сваёй зорнай камандай насамрэч зваліліся на галовы мінскіх гледачоў, як снег. Узрадавала незапланаваная сустрэча з улюбёнымі артыстамі, найперш з купалаўцамі Раманам Падалякам, Зояй Белахвосцік, актрысай Рускага тэатра Юліяй Кадушкевіч, тюгаўцам Генадзем Гаранскім, і зусім нечаканая — з літоўскай пастановачнай групай: рэжысёрам Румане Кудзманайтэ, сцэнографам Марыюсам Яцоўскісам, мастаком па касцюмах Надзеяй Гульцяевай, кампазітарам Фаўстасам Латэнасам. Практыка «праектнага тэатра», калі для кожнай пастаноўкі набіраецца новая творчая каманда, зусім нязвыклая для Беларусі; тэатральная капрадукцыя ў нас таксама пакуль не распаўсюджаная.

Апрача таго, «Дзяды» адразу былі далучаныя да твораў, прэзентаваных літоўскім бокам падчас Дзён культуры Літвы ў Беларусі. Атрымалася плённае творчае супрацоўніцтва, паводле агульнага пераканання — склаўся калектыў аднадумцаў.

Літоўская рэжысура на беларускай глебе ўкараняецца не ўпершыню. Гэта натуральна. Калі побач існуе такі магутны, прызнаны ва ўсім свеце «пастановачны рэзервуар», цяжка ўнікнуць ягонага ўплыву. Без перабольшання, спектаклі Някрошуса, Тумінаса, Латэнаса, Каршуноваса пастаянна знаходзяцца ў зоне ўвагі, выклікаюць захапленне. А само паняцце «літоўская рэжысура» набыло ў нас ледзь не сімвалічнае значэнне. Працаваць разам для беларускіх акцёраў — значыць здабываць карысную тэатральную руду. Гэта і сталася галоўным апірышчам для безумоўнага творчага паразумення. А паняцце «аўтарскае выказванне» ў гэтым спектаклі датычыцца ўсяго творчага калектыву.

Сказаць, да якой менавіта нацыянальнай культуры належыць гэты ўражальны тэатральны прадукт, даволі цяжка. На сцэне ўсё адмыслова пераплецена. Само паняцце «літоўская рэжысура» пэўным чынам матэрыялізавана. Хоць рэчаіснасць набывае ўмоўныя, універсальныя абрысы, галоўныя зместавыя кропкі — беларускія.

У спектаклях, якія абапіраюцца на нацыянальную аўтэнтычнасць, вялікае значэнне маюць праўдзівыя артэфакты, абрады, рытуалы. Рэжысёр удала пазбягае ўсялякага кшталту падмены. Апрача таго, да вывучэння літаратурнага матэрыялу, жыцця і творчасці Адама Міцкевіча творчая група падышла вельмі грунтоўна, усе разам ездзілі на гістарычную радзіму паэта — у Навагрудак і Завоссе. Працавалі з кансультантамі, даследуючы беларускі фальклор, этнаграфію, паглыбляючыся ў абрадную сімволіку Дзядоў. Далей адбылося абагульненне, ягоная перадумова — асабістая ахвяра Густава-Конрада дзеля шчасця і незалежнасці Радзімы. У фінале на першы план выходзіць сакральны сэнс.

«Паэма зусім па-іншаму магла быць увасоблена ў Літве. Але ж, працуючы ў Беларусі, я не магла ставіць спектакль пра рэчаіснасць іншай краіны. Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Беларусі, тут ягоная радзіма, вялікі працэнт верагоднасці, што ён бачыў менавіта беларускія Дзяды, і песні слухаў таксама беларускія, хоць у Літве ўсе лічаць, што Адам Міцкевіч літовец, які пісаў на польскай мове. Я паглыблялася менавіта ў беларускую этнаграфію і фальклор, і абрады Дзядоў у аснове спектакля таксама беларускія, — распавядае Рамуне Кудзманайтэ. — Галоўнымі для мяне сталіся словы анёлаў пра тое, што за кожнай думкай, за кожным рухам чалавека сочаць анёлы і чэрці. Я ставіла спектакль пра людзей, пра дух, пра штохвілінны стан нашай душы. Пра тое, што нашы словы і думкі матэрыялізуюцца. І важна не толькі тое, як ты жывеш, што робіш і гаворыш, вельмі важна, пра што думаеш».

Хочацца спадзявацца, што гэтым спектаклем Тэатр Ч прадвызначыў свой лёс. Паглядзім, як ён будзе складацца.