Парад планет

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

І Мінскае трыенале сучаснага мастацтва

У самой назве форуму — «І Мінскае трыенале сучаснага мастацтва БелЭкспаАрт-2012» — утрымліваецца заяўка на пэўны фармат прэзентацыі. «Трыенале»: як мяркуецца, выстава з перыядычнасцю раз у тры гады, і лагічна, што менавіта гэты адмежак часу выбіраецца для разгляду і даследавання. Словаспалучэнне «сучаснае мастацтва» мае на ўвазе аналіз найноўшых тэндэнцый, іх выяўленне і нават — пры ўдалым раскладзе — фарміраванне. «БелЭкспа»: часта месца правядзення такога кшталту мегашоу становіцца прадметам куратарскай і мастакоўскіх рэфлексій.

Кіруючыся на падобнае мерапрыемства, дасведчаны глядач мяркуе спраўдзіць чаканні адносна ўсяго прадэклараванага. У гэтым сэнсе І Мінскае трыенале сталася поўным сюрпрызам. Яно прапанавала не столькі новы фармат, колькі кангламерат розных форм прэзентацый. Якая ў экспазіцыі была логіка, наколькі прадуманы экспазіцыйныя хады — усё гэта варта разгледзець падрабязней.

Галоўная выстава форуму была заяўлена як агляд мастацтва апошніх дваццаці гадоў. Аднак пэўны час таму прайшла серыя прэзентацый — праект «Зямля пад белымі крыламі» — з гэткай жа задачай. Верагодна, нам хацелі паказаць не проста мастацтва, створанае ў гэты перыяд, а самыя найноўшыя кірункі развіцця. І сапраўды, менавіта так акрэслена мэта праекта яго арганізатарамі: «прадэманстраваць грамадскасці актуальныя і прагрэсіўныя тэндэнцыі беларускага мастацтва за апошнія дваццаць год». Трыенале, такім чынам, — «дыялог ва ўмовах новай эстэтыкі, жаданне і рэальная магчымасць узнавіць цэласную карціну культурнага жыцця нашай краіны». У гэтым разе не былі прадстаўлены аўтары, якія якраз і вызначалі сваёй творчасцю самыя актуальныя і прагрэсіўныя тэндэнцыі: Ігар Цішын і Наталля Залозная, Людміла Русава і Ігар Кашкурэвіч, Артур Клінаў, Вольга Сазыкіна, Людміла Кальмаева, Сяргей Кірушчанка, а таксама цэлае кола маладых людзей, што гуртуецца каля галерэі «Ў», якая імкнецца паказаць усё тыя ж тэндэнцыі. Што спрабавалі знайсці арганізатары ў гэтым дваццацігадовым перыядзе? Рысы мастацтва гадоў незалежнасці прасочаны не былі. І патрэба ў акрэсленні гэтых часавых межаў пасля прагляду экспазіцыі засталася незразумелай. Відавочна толькі тое, што ў арганізатараў выставы сваё ўласнае бачанне «актуальных і прагрэсіўных тэндэнцый развіцця беларускага мастацтва».

...Як і фармату такога кшталту выстаў. У каталозе, выдадзеным да трыенале, прысутнічае глава «Біенале (трыенале) у культурнай сусветнай прасторы», дзе разглядаюцца чатыры знакавыя сусветныя мегашоу. Наша краіна, сведчыць артыкул, прымала ўдзел у Венецыянскім біенале ў 2005 і 2011 гадах, і гэта стварае перадумовы для станаўлення біенале і трыенале на беларускай зямлі. Правядзенне мінскага форуму дае магчымасць «стаць адной з культурных краін свету, цэнтрам прыцягнення мастацкай грамадскасці Усходняй Еўропы, краін былога Савецкага Саюза, Далёкага Усходу і Цэнтральнай Азіі і ўвайсці ў адзіную сетку сусветных мастацкіх форумаў: біенале ў Венецыі (Італія), Сан-Паўлу (Бразілія), Берліне (Германія), Кванджоу (Паўднёвая Карэя), Стамбуле (Турцыя), агульнаеўрапейская “Маніфеста”, дакумента ў Касэлі (Германія), а таксама маладыя Шанхайскае біенале (Кітай) і трыенале ў Іакагаме (Японія)». Менавіта такім чынам акрэслены культурна-прасторавыя арыенціры. Калі мінскае трыенале спрабуе ўпісаць сябе ў гэты шэраг, варта спрабаваць адпавядаць міжнароднаму фармату і быць дасведчаным у галоўных экспазіцыйных стратэгіях.

Асаблівасць сусветных мегашоу, у кола якіх імкнецца ўступіць і наша трыенале, — куратарскі погляд, канцэпцыя, што прасочваецца ў слогане, у назве, у суправаджальным тэксце, а галоўнае — у падборы твораў, якія гэту куратарскую гісторыю ў рознай меры «прапісваюць».

Слоган мінскага форуму — «Глядзі шырэй!». І гэта не проста яскравая фраза, а выразнік закладзенага ў трыенале сэнсу. Адна з мэтаў дзеі — рассунуць межы мастацтва і разбурыць стэрэатыпы глядацкага ўспрымання. Куратар выставы, мастак і кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі пашырае слоган: «Крыніца гармоніі — у адзінстве шматстайнасці», пазначаючы глыбінную сувязь «візуальных, музыкальных і архітэктурна-прасторавых інсталяцый, у якіх мастацтва і рэальнасць, свядомасць і падсвядомасць, інтуіцыя і імпульс змушаюць гледача прымаць актыўны ўдзел і быць суаўтарам таго, што адбываецца». Яго тэкст — пра трансфармацыю традыцыйнага пад уплывамі змен, пра існаванне побач з класічнымі відамі відэа-прасторавай праекцыі, прасторавага дызайну новых паняццяў — прамысловая эстэтыка, архітэктоніка прасторы, інсталяцыя падсвядомасці, пра перапляценне мастацтва з матэматыкай, фізікай, астраноміяй, біялогіяй.

Такім чынам, сучасныя медыя і новыя формы прэзентацыі і стварэння мастацкага сэнсу прыярытэтныя ў канцэпцыі трыенале. Як і праца на мяжы мастацтва і навукі. Асаблівы акцэнт пастаўлены на віртуальнай рэальнасці, якая «здольна адкрыць творчай асобе новы шлях да спасціжэння сябе і тых, хто побач, усведамлення бясконцай сілы думкі чалавека. Яна можа прадставіць тайныя веды мовы сімвалаў і знакаў і ўзбагаціць аўтара ідэямі ў развіцці свайго творчага інтэлекту».

Пошук адпаведнасці твораў нашаму зменліваму часу відавочна і стаў урэшце крытэрыем адбору работ. Меркавалася, што выстава будзе «адбіткам інтэнсіўных працэсаў індустрыялізацыі, развіцця інтэрнэт-тэхналогій і тэхнічнага бляску сучасных косма-тэхналогій». Сапраўды, інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі значна паўплывалі на развіццё арта, паспрыялі шматстайнасці яго форм і практык, з’яўленню новых відаў: медыяарт, лічбавае мастацтва, электронная музыка, камп’ютарная графіка і анімацыя, ТВ-арт, відэаарт.

Паводле сваёй прыроды сучаснае мастацтва імкнецца пашырыць уласную тэрыторыю, адаптаваць прадметы і з’явы навакольнага свету. Уласна кажучы, любыя рэчы свету могуць быць выстаўлены, тым ці іншым спосабам прэзентаваны. Але як адрозніць, скажам, вогнетушыцель, што прымацаваны ў куце пакоя, ад арт-аб’екта? Здараюцца, канешне, і казусы, аднак прадметы — мастацкія і немастацкія — уключаюцца ў выставу логікай куратарскай канцэпцыі.

Прасочым, як наконт вогнетушыцеляў (тут яны выступаюць як сімвалы выпадковых/няўпісаных аб’ектаў) на нашым трыенале.

Мне падалося, іх было зашмат.

Поруч з выставай трыенале прапанавала багатую відовішчную праграму. Існаваў асобны тэатральны праект, у рамках якога былі запланаваны паказы эксперыментальных, пластычных, танцавальных і авангардных тэатраў, сярод іх, у прыватнасці, T(e)=Art, Тэатр светлавых і вогненных прадстаўленняў «Элементаль», Адэкватны тэатр «вКубе», тэатр «EYE», Фрык-шоу тэатр «БАРМАГЛОТ», тэатры танца «Каракулі», «Skvo-s dance company» і «Отражения». Была прадстаўлена творчасць маладых авангардных дызайнераў адзення і фэшн-мастакоў. Цэнтрам выставы сталі сцэна і канструкцыя, на якой прэзентавалася фэшн-фатаграфія. Вось тут і знайшоўся першы «вогнетушыцель»: мастацкі і прафесійны ўзровень гэтых прэзентацый быў надзвычай няроўным (а шкада, таму што некаторыя праекты былі па-сапраўднаму цікавымі). Ды і на адкрыцці бракавала добрага густу, адпаведнага маштабу падзеі.

Каб паглядзець асноўную экспазіцыю, варта было прыйсці не ў дзень адкрыцця. Залы не пуставалі. У пачатку экспазіцыі лагічна было скіравацца на гук — направа. У асобным адсеку размясціўся прэс-рум радыёканала «Культура» з асацыятыўным відэашэрагам, закальцаваным тэкстам (музычна-акустычнай кампазіцыяй). У тым жа адсеку — тонкі, лірычны фотапраект Марыны Бацюковай пра старыя фатаграфіі, а таксама экспазіцыя скульптуры Віктара Борздага і Андрэя Вараб’ёва. Якая логіка трымала разам гук, фота і скульптуру, засталося загадкай. Прынамсі, рэкламная прэзентацыя не давала магчымасці «прачытаць» вобразы, больш таго, калі словы «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці» наганялі цябе ля суседняй экспазіцыі робатаў, уражанне складвалася парадаксальнае. Урэшце падумалася, што можа так і трэба: хіба давядзенне гледача да стану кагнітыўнага дысанансу не ёсць адной з мэт сучаснага мастацтва? Скульптурна-фатаграфічна-«культурны» закутак патрабавалася неяк прывязаць да робатаў. Рашэнне знайшлося: гледача трэба ўразіць... Чароўнай прыгажосці «Канёк» Юрыя Кандрашова і стаў такім аб’ектам. Менавіта тут канчаткова разумееш, што выстава будзе неадназначнай.

Экспазіцыя робатаў складалася з дзвюх асобных частак — прац Аляксандра Гадуна і Сяргея Парцянкова. Аб’екты апошняга відавочна прэтэндавалі на статус мастацкіх — гэта выявы розных жывёл і істот, выкананыя з металічных запчастак. Залатая рама вакол аднаго з персанажаў выглядала іранічнай рэфлексіяй на ўяўную артыстычнасць. Рэтра-аб’екты Аляксандра Гадуна нагадвалі рэчы з навуковага музея, аднак былі інтэрактыўныя. Цяжка сказаць, што тут прэзентавала нашу сучаснасць у больш поўнай меры — па-мастацку выразныя металічныя імітацыі ці тэхналагічная інтэрактыўная брутальнасць. Падобна, што ні тое, ні другое.

Чаго на выставе аказалася няшмат, дык гэта сапраўды найноўшых тэхналогій (шырока была прадстаўлена толькі электронная музыка, адзначым і цікавы праект лічбавай графікі «Рaint Мapping»). Калі вярнуцца да куратарскага тэксту, аб’екты з жалезнага ламачча (на выставе яны сустракаліся не толькі ў экспазіцыі робатаў) відавочна з’яўляліся сведчаннем «інтэнсіўных працэсаў індустрыялізацыі».

Наступны праект — «Kaleidosсope» аўтарства Кацярыны Лісіцынай — аб’яднаў кола ўдзельнікаў: мастака-дызайнера Алену Шэпціцкую са Львова, мінскіх відэаартыста Аляксея Дэ Бранхэ і кампазітара і музыканта Андрэя Шарашаўца. Праект уяўляў сабой лабірынт з трох калідораў і пакой для відэаінсталяцый. Візуальна эфектны і амаль псіхадэлічны па ўздзеянні, ён быў падрыхтаваны адмыслова пад канцэпцыю, і логіка яго цалкам зразумелая.

Агляд апошніх тэндэнцый уключыў у сябе і віцебскую школу. Мінскі глядач мае магчымасць на сталічных пляцоўках знаёміцца з рэгулярным праектам віцяблян — выставай «Абстракт», але ў гэтай экспазіцыі былі прадстаўлены творы і апошніх гадоў. Побач — таксама ў адным з лабірынтаў выставы — размясціўся праект Канстанціна Селіханава, складзены з дзвюх частак («Рамонт» і «Адзін і многія»). Паводле аўтара, першая з іх з’яўляецца спробай прааналізаваць прычыны некаторых трагічных падзей, якія адбыліся ў Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя (у якасці ілюстрацыі выбрана персона Фрыдрыха Ніцшэ), другая — роздум пра архетып, сугучны кантэксту і часу. Не так даўно выстава Канстанціна Селіханава, што ўключала гэтыя два складнікі, праходзіла ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура сярод скульптур класіка, аднак у трыенале праект упісаўся цалкам па-іншаму, выявіўшы новыя аспекты. Мастак удала абыграў сваю экспазіцыю, праставіўшы акцэнты і стварыўшы патрэбныя апорныя пункты для глядацкага погляду.

Некаторыя экспазіцыі існавалі на трыенале паводле сваіх уласных вымярэнняў — як рэчы ў сабе ці асобныя планеты. Гэта і прэзентацыя Акадэміі мастацтваў — пісьменна выбудаваная, тонка прадуманая, але больш лагічная ў іншым кантэксце. І фотапраект «Героі свайго часу» з уласнымі мэтамі, звязаны з выставай толькі часавымі рамкамі — аглядам дваццацігоддзя. За аснову аналізу куратар праекта Таццяна Стрыга ўзяла Мінскую школу фатаграфіі, прадстаўленую Уладзімірам Парфянком, Сяргеем Кажамякіным, Ігарам Саўчанкам, і паспрабавала звязаць творчыя пошукі таго пакалення з матывамі, што кіруюць фатографамі сёння: гэта праца з уласнымі фотаархівамі, роздум над сваім мінулым і сённяшнім днём, вывучэнне людзей, блізкіх паводле светаадчування.

У праекце «intra» Руслана Вашкевіча, названым ім візуальным спектаклем, унутраныя гледачы назіралі ўнутраную ж мастацкую прастору, а праз маленькае акно ў сцяне мелі магчымасць бачыць «сцэнічную» прастору з акцёрамі (унутранымі гледачамі) і дэкарацыямі (арт-аб’ектамі). У якасці арт-аб’ектаў аўтар прадставіў свае апошнія праекты. Парадаксальна, але ў логіцы ўсёй астатняй экспазіцыі праект падаўся мне гэткім лішнім «вогнетушыцелем», дзіўна было натрапіць на яго паміж стэндам з фэшн-фатаграфіяй і тымі самымі ўжо згаданымі робатамі… Але ён быў сугучны экспазіцыі сербскіх мастакоў, якіх прадстаўляла Міжнародная студыя мастацтваў «Radovan Trnavac Mica». У студыі, якая размяшчаецца ў сербскім горадзе Валева, пастаянна гасцююць замежныя мастакі, вясной мінулага года гэта былі беларускія творцы — Вікторыя Ільіна, Віктар Ціханаў, Ганна Ціханава, Віктар Шылко і Уладзімір Кожух. Заснавальнік і кіраўнік студыі Радаван Трнавац Міча прадставіў два праекты — «Гэта здарылася на Балканах» і «Каханне не ведае межаў». Першы, ёмістае мастакоўскае выказванне (з асэнсаваннем прычын і вынікаў) з нагоды распаду Югаславіі, складаецца з карціны — імітацыі рабочага стала камп’ютара і пяці аб’ектаў — крэслаў, распісаных пад дзяржаўныя сцягі краін, якія паўплывалі на стварэнне шасці рэспублік; апошняе крэсла сімвалізуе Сербію. Іншы мастак, Душан Астасевіч, вядзе творчы дыялог з Казімірам Малевічам, а Уладзімір Дуніч разважае пра існаванне чалавека ў соцыуме. У творах сербаў актуаліі жыцця і рэфлексіі з нагоды мастацтва, надзённыя праблемы, востра пастаўленыя пытанні — усё гэта задавала пэўную планку прэзентацыі сучаснага мастацтва. Каб падобны падыход лёг у аснову фарміравання экспазіцыі, вынікі, напэўна, атрымаліся б інакшымі.

І яшчэ адзін аспект. Ёсць некалькі акалічнасцей, якія пацвярджаюць той факт, што не варта арганізоўваць трыенале ў спешцы. Пісьменнасць суправаджальных тэкстаў, верагодна, падасца не самай галоўнай. Аднак калі агульнай увазе прапануецца праграма, дзе маецца «беларускі дзень» і асобна акрэсленая экспазіцыя «мастакоў з Беларусі», то з’яўляецца пытанне: «Астатнія адкуль?» Ці можна паставіць яго іначай: «Каго тут выдзяляюць у якасці абарыгенаў?» Гэта той выпадак, калі моўныя канструкцыі выдаюць адсутнасць лагічных абгрунтаванняў.

Прастора трыенале здавалася ірэальнай, і важна было знайсці правільны пункт погляду. Скажам, стаць у цэнтры экспазіцыі і павярнуць галаву такім чынам, каб словы «Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва» ўжо не чыталіся (патрапіўшы, напрыклад, на «сляпую пляму» вока), а надпіс «БелЭкспаАрт» выразна праглядаўся. Цудоўны кірмаш мастацтва ўдалося правесці ў Мінску пры канцы восені — на пачатку зімы. Праўда, творы не прадаваліся і не рэкламаваліся — так што вызначым гэты фармат як свята беларускага арта. Зрэшты, усе мэты дасягнуты. На закрыцці мінскага форуму намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі паведаміў, што імпрэза карысталася вялікай папулярнасцю: «Мы завяршаем першае Мінскае трыенале. З самой назвы вынікае, што раз у тры гады мы будзем праводзіць такія выдатныя святы сучаснага мастацтва. Нам ёсць што паказаць, што сказаць, нам ёсць чым здзівіць. Мне здаецца, што першы блін у нас не атрымаўся камяком. Трыенале наведалі каля чатырнаццаці тысяч мінчан і гасцей беларускай сталіцы. Я думаю, гэта выдатна. Значыць, гэта камусьці было трэба».

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва