Жарсці па вакале

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

II Міжнародны конкурс імя Ларысы Александроўскай Беларуская дзяржаўная філармонія

Вір эмоцый, спартыўны азарт, шквал захапленняў і расчараванняў, парушэнне правілаў, напружанае чаканне вердыкту журы... Якое дачыненне гэта мае да прыгожых людзей у фраках і бальных строях, да напружанай цішыні канцэртнай залы? Перад намі — выканальніцкі конкурс.

На працягу тыдня ў Белдзяржфілармоніі ладзіўся II Міжнародны конкурс вакалістаў імя Ларысы Александроўскай. Заявы на ўдзел падалі каля 80 спевакоў ва ўзросце да 31 года. Прыехалі і прайшлі жараб’ёўку 56 чалавек, з іх 34 прадстаўнікі нашай краіны. Калі дадаць да іх ліку 6 грамадзян Кітая, якія навучаюцца ў Акадэміі музыкі і рэпрэзентуюць нашу вакальную школу, стане зразумела, наколькі важны адзіны ў Беларусі міжнародны вакальны конкурс. Ён дае маладым айчынным вакалістам шанц для паспяховага старту ў прафесіі.

На канцэрце адкрыцця конкурсу выступалі зоркі, сярод іх — выхаванцы нашай кансерваторыі і ў мінулым салісты Беларускай оперы Ірына Гардзей, прыма Марыінскага тэатра, і Іван Шупеніч, саліст тэатра імя Яначэка з чэшскага Брно. На сур’ёзны лад настройвалі і сімфанічныя фрагменты, выкананыя Акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам пецярбургскага дырыжора Міхаіла Сінькевіча — усе як адзін фаталістычнага характару...

Тры туры адкрытых праслухоўванняў ішлі ў залах філармоніі. Іх ацэньвала журы, 9 чалавек з 7 краін. Беларусь прадстаўлялі загадчык кафедры спеваў Акадэміі музыкі Людміла Колас (старшыня) і рэжысёр Маргарыта Ізворска. Не чужымі былі Міхаіл Сінькевіч і спявачка Людміла Шамчук, якія раней працавалі ў нашай оперы.

У выніку напружанай працы былі вылучаны лаўрэаты трох прэмій (асобна ў жаночай і мужчынскай групах) і 5 дыпламантаў. Дыпломамі ганараваліся ўсе, хто прайшоў у другі тур. Думаю, у далейшым на конкурсе з’явяцца Гран-пры і шэраг адрасных прызоў, якімі можна адзначаць, напрыклад, лепшае выкананне беларускага твора, лепшыя артыстычныя здольнасці (для гэтага ў журы і працавалі два рэжысёры), прыз глядацкіх сімпатый і г.д.

Большасці беларускіх меламанаў адным з прэтэндэнтаў на перамогу падаваўся Ілья Сільчукоў. Вопытны канкурсант, за плячыма якога амаль 20 перамог (у тым ліку першыя прэміі конкурсаў Bella Voce і імя Мусліма Магамаева ў Маскве, Vocal Genial у Мюнхене і інш.), Ілья ўжо ўдзельнічаў у конкурсе Александроўскай у 2004-м, калі заняў 2-е месца. У праграму праслухоўванняў ён уключыў самыя выйгрышныя нумары, з якімі годна выступае ў нашым Оперным, — накшталт арыі Раберта і каваціны Фігара. Натуральным быў і выбар у якасці беларускага сачынення арыі Кізгайлы з «Сівой легенды». Але журы выступленне Ільі ацаніла ўсяго трэцім месцам. Нязгоду публіка прадэманстравала «шквалістымі» апладысментамі, якімі вітала Сільчукова на заключным канцэрце лаўрэатаў. І артыст нібы ўзяў рэванш, бліскуча выканаўшы каваціну Фігара і ператварыўшы традыцыйную мізансцэну ў камедыйны спектакль з выкарыстаннем мабільніка.

Трэцюю прэмію і званне лаўрэата атрымаў і адзіны ўдзельнік з Літвы — лаўрэат конкурсаў у Фінляндыі, Польшчы, Італіі, Украіне і Партугаліі 26-гадовы барытон Мантас Гацявічус (каўнаскі Універсітэт Вітаўта Вялікага). Ён паказаў спалучэнне культуры спеваў і выдатнай опернай выпраўкі. Куплеты Эскамільё з «Кармэн» і арыя графа Альмавівы з «Вяселля Фігара» сталі эфектнымі фінальнымі кропкамі яго адметнай конкурснай праграмы.

У жаночай групе трэцяя прэмія прысуджана расіянцы Ганне Ліцвін і беларусцы Марце Данусевіч. Аспірантка ніжненаўгародскай кансерваторыі, 28-гадовая мецца-сапрана Ганна Ліцвін мае мяккі, сакавіты голас, светлы па тэмбры і вельмі пачуццёвы. Ужо на ІІ туры адчувалася, што яе каронны нумар — сцэна і арыя Любашы з оперы «Царская нявеста» (з ёю яна выступіла тройчы, у тым ліку на канцэрце лаўрэатаў). Па двух заключных турах былі размеркаваны арыі Далілы з оперы Сен-Санса — самае лепшае з існуючай музыкі для мецца. Але прыхільнасці публікі Ганна дамаглася не ў апошнюю чаргу невялікім рамансам «Проводила друга до передней» з цыкла «Сумныя песні» Галіны Гарэлавай. Гэта быў запамінальны беларускі нумар, у якім «мала нот», але шмат пачуцця.

Марта Данусевіч — выхаванка 4-га курса класа Людмілы Колас. Спявачка з прыгожым голасам і знешнасцю прынцэсы выступала роўна. Адной з лепшых у яе інтэрпрэтацыі сталася заключная арыя Манон Леско з аднайменнай оперы Пучыні, з якой яна фінішыравала ў ІІІ туры і выступала на канцэрце лаўрэатаў (дарэчы, складаны Пучыні вельмі рэдка гучаў на конкурсе). Праграма пакінула пачуццё, што мы пабачылі спявачку толькі ў вобразе «пакутніцы», увасобленым даволі пераканаўча.

Другое месца сярод жанчын журы прысудзіла Надзеі Кучар, выпускніцы Пецярбургскай кансерваторыі, а цяпер салістцы Пермскай оперы. Для тых, хто памятае яе як навучэнку-музыказнаўцу Мінскага музычнага вучылішча, яна чалавек амаль родны. Маючы вялікі конкурсны вопыт і гэткі ж вялікі спіс перамог у конкурсах у Расіі, Казахстане і Галандыі, Надзея выступала ўпэўнена, паказала тэхнічнасць, віртуознасць, выдатную культуру гукавядзення і ўвесь час знаходзілася ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу. Магчыма, яе выступленне з аркестрам з кавацінай Лючыі дзі Ламермур і сцэнай раставання Снягуркі падалося журы крыху камерным па гуку.

Адзіным тэнарам, які ўзняўся на лаўрэацкія прыступкі і атрымаў ІІ прэмію, стаў студэнт 2-га курса Казахскай кансерваторыі 20-гадовы Балуан Беркенаў. Светлы, адкрыты, палётны голас з віртуознымі верхнімі нотамі не мог застацца незаўважаным. Выдатна ў яго выкананні прагучалі арыі Германа і Каварадосі.

Сур’ёзных сапернікаў казахскаму тэнару не было, але ў недалёкай будучыні імі могуць стаць студэнты-тэнары нашай Акадэміі музыкі, якія гэтым разам скончылі спаборніцтва ў другім туры і атрымалі толькі дыпломы ўдзельнікаў. Трэцякурснік Аляксандр Міхнюк з «лемешаўскай» манерай спеваў паказаў высокую культуру інтанавання. Праз прыгажосць голасу (а для тэнара гэта не апошняя справа) і музыкальнасць варты быць заўважанымі Аляксандр Гелах, Раман Лопес, Сяргей Падавалаў.

Выступаць на пачатку конкурсу — сумніўная справа (існуюць і такія забабоны!), але другі нумар стаў шчаслівым для магістранта Казахскай кансерваторыі барытона Эміля Сакавава. Стабільнасць формы ўладальнік 1-й прэміі паказаў яшчэ ў ІІ туры: выкананая арыя князя Ігара была бездакорнай і, што здараецца досыць рэдка, нясумнай. Выдатная дыкцыя была прадэманстравана як у рамансе Малера на нямецкі тэкст, так і ў песні Юрыя Семянякі «Ты мне вясною прыснілася».

Фаварыткай глядацкіх сімпатый стала пераможца конкурсу ў жаночай групе студэнтка 5-га курса Акадэміі музыкі Людміла Карпук. Нават яе праграма была відавочна разлічана на лаўрэацтва, але амбіцыі — нішто без выканальніцкіх здольнасцей. У другім туры яна бліскуча прадставіла два запар маштабныя і звыштэхнічныя оперныя фрагменты: каваціну Людмілы з «Руслана і Людмілы» і арыю Віялеты з «Травіяты». У апошняй спявачка выкарыстоўвала мелізматыку каларатурнага сапрана, а таксама «аўтарскую» агогіку, дзякуючы чаму шырока вядомы твор гучаў свежа і эфектна. Што найбольш дзейсна магло ўтрымаць дасягнутую ўвагу? І Людміла знайшла такі твор — вакальны маналог Дзмітрыя Смольскага «Знак бяды», які рэзка пераключыў эмоцыі ў плынь сучаснага экспрэсіянізму. Хоць журы прасіла публіку не апладзіраваць між нумарамі, зала не магла ўтрымацца і падчас выступлення Людмілы раз-пораз парушала забарону.

Калі бачыць у такіх спаборніцтвах толькі сродак прафесійнага росту, то можна абысціся і без іх — ёсць жа педагогі, майстар-класы, гуказапісы, жывыя спектаклі... Але як сродак загартоўкі характару, выпрацоўкі імунітэту да перажыванняў, звязаных з уяўнай ці рэальнай недаацэнкай тваіх здольнасцей, конкурсы не маюць сабе аналагу. Аб’ядноўваючы імем вялікай беларускай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай лепшыя маладыя выканальніцкія і сталыя педагагічныя сілы краіны, конкурс павінен расці і развівацца, набываючы сур’ёзны статус і аўтарытэт.