Калонія жыве і дагэтуль. Гэта важны цэнтр пейзажнага і жанравага жывапісу Венгрыі. Тут, у мастацкіх майстэрнях, працуюць як пастаянныя чальцы калоніі, так і запрошаныя мастакі. А для студэнтаў Каледжа выяўленчага мастацтва магчымасць папрацаваць у Сольнаку побач са сталымі калегамі — сапраўдны майстар-клас.
Мінчане і госці сталіцы маюць магчымасць пазнаёміцца з гэтай цікавай з’явай. У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстаўка “Венгерская рапсодыя. Мастакі Сольнака”. На ёй больш як 30 твораў 24 мастакоў. Гэта своеасаблівая рэтраспектыва венгерскага мастацтва ад 1900-х да 1970-х гадоў. Па ёй можна прасачыць, як цягам дзесяцігоддзяў змяняліся эстэтычныя арыенціры венгерскага (лічы, еўрапейскага) грамадства.
Гэтая выстаўка з’яўляецца прэзентацыяй аднаго з самых вядомых музеяў Венгрыі — Дзяржаўнага музея імя Янаша Дам’яніча, у калекцыі якога захоўваецца асноўная частка творчай спадчыны мастакоў калоніі Сольнака.