У сваёй творчасці мастачка ўзнімае глыбінныя пласты нацыянальнай свядомасці, што ляжаць ля вытокаў нашага існавання. Гэта тыя “першасныя сэнсы”, на фундаменце якіх будуюцца царствы і гістарычныя эпохі, культура вялікіх этнічных груп. Яна звяртаецца да тых спрадвечных сэнсаў, што нясуць у сабе ідэю адзінства ўсяго існага, неўвядальнага жыцця і яго абнаўлення.
Наталля востра рэагуе на сучасныя тэндэнцыі ў мастацтве ды навакольным асяроддзі. У той жа час, захоўвае вернасць нацыі, сакральнае ядро сэнсаў і сімвалаў народнага самаспазнання. Аўтар пераасэнсоўвае сівую даўніну, падвяргае яе мадэрнізацыі, тым самым актуалізуючы спадчыну продкаў. Свяшчэнныя рытуалы і абрады стараславянскіх народаў мелі сваю асаблівую відовішчнасць, якая трансфармавана мастачкай у спецыфічныя візуальныя вобразы. Яна вольна аперыруе метафарай, асацыяцыяй, сімвалам, тактоўна ўключае ў вобразны сэнс неабходную меру абстракцыі, ніколі не страчваючы пры гэтым сувязі з глебай і рэальнасцю.
Тэкстыль Наталлі Лісоўскай — вельмі разнастайны і яркі свет, які ўключае ў сабе як традыцыйную ніць, так і абсалютна нечаканыя матэрыялы: кераміку і шкло, драўляныя палачкі і метал, сізаль, лыка і г.д. Дзякуючы спалучэнню розных па структуры валокнаў і пляценняў паверхня габелена ажывае, набывае рэльеф, а часам і прасторавую глыбіню.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі работы могуць даволі актыўна фарміраваць архітэктурнае ды інтэр’ернае, выставачнае асяроддзе. Але гэтая ўтылітарная функцыя габеленаў — другасная. Галоўнае перш за ўсё тое, што работы разгорнуты ў прастору нашай культуры, іх вектар — фарміраванне эмацыйна-сэнсавага асяродка, у якім існуе чалавек.
Вадзім ОСІПАЎ, мастацтвазнаўца, мастак, член Беларускага саюза мастакоў