Аўтэнтычная крэпасць
Высветлілася, што фатограф прыпыніў свой маштабны праект "Усе вёскі Беларусі" з-за праблем са здароўем. "Сэрца, - прызнаўся даследчык. - Але як толькі стаў пачуваць сабе лепей - адразу стаў хадзіць і здымаць. І літаральна "патануў" у сутарэннях Бабруйскай крэпасці". Можна сказаць, новае даследаванне Уладзіміра Шарнікава распачалося бадай выпадкова. Але ці будзе выпадковасцю тое, што фатограф, які жыве ў Бабруйску, пачаў здымаць галоўны гістарычны помнік горада? Не пакінем па-за ўвагай і саму асобу Уладзіміра Васільевіча: ягоны дар - гэта няспынны пошук, неабыякавае сэрца і апантанасць пэўнай ідэяй. - Вядома, што Бабруйская крэпасць - гэта, бадай, самая вядомая славутасць нашага горада, - распавядае фатограф. - Сюды жыхары вядуць гасцей: пабачыць веліч гэтых муроў, паблукаць у сутарэннях. Лічу, для кожнага шпацыр па крэпасці панад Бярэзінай - кшталту падарожжа ў мінулае. Захаваць на плёнцы гістарычны помнік ХІХ стагоддзя, да якога час няўмольны, - такую задачу і паставіў сабе няўрымслівы даследчык. "Бачу, што многія аб'екты гэтага помніка рэканструююцца: і пантонны склад, і казематы, - кажа ён, - але час - бязлітасны. Таму вырашыў здымаць усё, што пакуль яшчэ можна зафіксаваць у аўтэнтычным выглядзе".
Ранг для фартэцыі
Па шчырасці, гісторыя Бабруйскай крэпасці - гэта гісторыя ваенных амбіцый. Яна мелася стаць адной з самых буйных і дасканалых фартыфікацыйных пабудоў у Еўропе, а ўжо ў другой палове ХІХ стагоддзя была пераведзена ў клас... крэпасці-склада. За колькі дзесяткаўгадоў артылерыя зрабіла настолькі значны крок наперад, што велічныя муры часцяком аказваліся бяссільнымі перад магутнай удасканаленай зброяй. Бабруйская крэпасць была знята з уліку як стратэгічная адзінка і пераведзена "ў ранг" гаспадарчых пабудоў. Але ўсё гэта здарылася потым. А спачатку... Яшчэ Кацярына ІІ, наведваючы Беларусь у апошнія гады свайго праўлення, адзначыла ўдалае размяшчэнне Бабруйска і загадала стварыць у горадзе перавалачную базу рускай арміі. Згодна з яе рашэннем, на месцы, дзе сёння знаходзіцца помнік, былі пабудаваны казармы, шпіталь і цэйхгауз. Аднак загад аб стварэнні менавіта крэпасці выдаў Аляксандр І. Адбылося гэта 10 жніўня 1810 года.
Цар разумеў, што пазбегнуць вайны з французамі не атрымаецца, трэба рыхтавацца да ваенных дзеянняў, і таму вырашыў будаваць абарончыя муры. З мэтай вызначэння месца для размяшчэння крэпасцей улады яшчэ ў сакавіку 1810 года камандзіруюць у Беларусь афіцэраў-інжынераў. Менавіта ад інжынера Тэадора Нарбута - вядомага гісторыка, археолага, афіцэра расійскай арміі - і зыходзіць прапанова будаўніцтва крэпасці ў Бабруйску, а не ў ваколіцах Рагачова і Новага Быхава, як планавалася першапачаткова. Ідэю Нарбута падтрымлівае інспектар інжынернага корпуса Карл Оперман (які ўжо праз колькі месяцаў будзе прызначаны кіраўніком будаўніцтва), і далей генеральны план зацвярджаецца царом. У Бабруйску распачынаецца будаўніцтва. Для ўзвядзення буйной пабудовы, праўда, не адразу, а з цягам часу, у горадзе былі адкрыты два (!) цагельныя заводы; конным і рачным шляхамі ў горад дастаўляюцца будаўнічыя матэрыялы з Карэліі, Украіны, Каўказа, Урала; работу атрымліваюць амаль усе: рамеснікі, сяляне, гараджане... Але на будаўніцтва зганяюць, разам з тым, і прыгонных сялян з Магілёўскай, Мінскай, Чарнігаўскай губерняў, дасылаюць салдат і рабочых. Яны працуюць і жывуць у непрыстасаваных умовах. У выніку аўральных тэмпаў, цяжкіх нагрузак шмат людзей гіне... Ужо праз два гады асноўныя збудаванні былі ўзведзены. Значна і тое, што за гэты кароткі тэрмін удалося абсталяваць іх па апошнім слове еўрапейскага ваеннага мастацтва. Ужо на трэцім годзе свайго існавання крэпасцьбыла залічана да першага класа абарончых пабудоў Расійскай імперыі.
"Бяльмо на воку" Банапарта
Ці ўдалося цытадэлі прыняць удзел у Айчыннай вайне 1812 года? Так. І яна сыграла сваю ролю на "выдатна". Калі распачалася вайна, фартэцыя ўяўляла з сябе значную пагрозу, "бяльмо на воку" Банапарта. Тут у свой час удалося зрабіць важны перапынак войскам П.Баграціёна; невядома, чым скончылася б перадыслакацыя арміі генерала, каб не надзейныя муры Бабруйска. Тут жа, вакол цытадэлі, Напалеону даводзілася ўвесь час трымаць вялікае асаднае войска. Авалодаць фартэцыяй ворагі не рашаліся - і былі вымушаны проста трымаць крэпасць у асадзе, пакутуючы ад нечаканых і ўдалых вылазак рускіх войскаў. Дзіўным чынам не прымаючы актыўнага ўдзелу ў буйных змаганнях, Бабруйская цытадэль зрабіла тое, што і была павінна зрабіць: спыніла непрыяцеля. Французы дайшлі да Масквы, авалодалі ёю, але ж увесь час былі вымушаны памятаць пра Бабруйск, ля муроў якога бяздзейна стаяў асадны корпус Напалеона. Хто ведае, можа, акурат штыкоў гэтага асаднага войска і не хапіла Банапарту пад час Барадзінскай бітвы? *** - Прызнацца, гледзячы на сцены і столі гэтых муроў, якія сёння размалёўваюць вандалы, я не перастаю дзівіцца таму, як зроблена была гэтая фартэцыя, - прызнаецца Уладзімір Шарнікаў. - Нават не ўтрымаўся і запрасіў артыстаў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча папазіраваць на фоне цытадэлі ў касцюмах розных эпох. І адразу муры "зайгралі". Фатографу ўдалося знайсці і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Пад час акупацыі Бабруйска нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў збудаваннях помніка ХІХ стагоддзя гітлераўцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных. У сутарэннях загінула столькі людзей, што да гэтай пары колькасць іх не вядома... Бабруйская крэпасць утрымлівае ў сабе шмат таямніц і гісторый, якія, магчыма, аднойчы нам наканавана адкрыць. Яна, падобна да іншых помнікаў, яшчэ можа паведаміць нам пра свой час і людзей, якія яе стваралі і абаранялі. Галоўнае - даць гэтую магчымасць: быць пачутай.
Фота Уладзіміра ШАРНІКАВА