Не сакрэт, што надаць сцэнічнае жыццё празаічнаму твору - задача, складаная для любога рэжысёра. І ўдвая няпростай яна становіцца тады, калі аўтар - такі класік, як Васіль Быкаў, - фігура сусветнай велічыні. Пастаноўка магіляўчан - не проста даніна памяці тым, хто вызваліў нашу краіну ад страшэннай навалы фашызму, але і размова з гледачамі, у першую чаргу - з маладым пакаленнем беларусаў, пра тое, што сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці і душэўная чысціня маюць значэнне не толькі на вайне. Яны - вышэй за ўсё, бо толькі дзякуючы ім працягваецца жыццё на гэтай планеце, а ў нас жыве вера ў Чалавека, сцвярджае рэжысёр спектакля. У новай рабоце Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, поруч з маладымі акцёрамі, заняты і такія мэтры сцэны, як заслужаны артыст Расіі Аляксандр Палкін і заслужаная артыстка Беларусі Зоя Бурцава.