А песню пра гай і “Забаву” Валянціна Аляксандраўна напісала сама. І дзіва тут няма ніякага, бо яна — выхаванка яшчэ Інстытута культуры, з першага набору рэжысёраў народных святаў, якіх “ставіў на крыло” знакаміты фалькларыст Пётр Гуд.
На настаўнікаў Валянціне Маўчан шанцавала з дзяцінства. Першым быў бацька Аляксандр Паўлавіч. У 1950-х ён — лепшы сват ды першы танцор у Чавусах. Каленаў ведаў незлічоную колькасць, выпісваў іх так, што дзяўчаты гужом за ім хадзілі. Лёгка жыў, лёгка танцаваў, гэтаму ж і дачку навучыў.
Так і з’явілася “Забава”, кожная канцэртная праграма якой заснавана на мясцовым чавускім фальклоры, на песнях, дзе гучыць неўміручым акордам тэма росквіту Чавускай зямлі, на кадрылях і польках, дзе — і любоў, і каханне.
На здымке: народны вакальна-харэаграфічны калектыў “Забава” Чавускага РЦК. Фота аўтара