Глядач ідзе! Але не на беларускае...
Апошнія гады прынеслі беларускім аматарам кіно шмат прыемных момантаў. Па-першае, паступова змяняецца знешні выгляд кінатэатраў, яны атрымліваюць новае абсталяванне, значна ўзбагаціўся іх рэпертуар. У буйных населеных пунктах паход у кінатэатр цяпер стварае рэальную альтэрнатыву вечару, праведзенаму перад тэлевізарам. І, што важна, квіток на сеанс па кішэні літаральна кожнаму даросламу жыхару краіны. Па-другое, актывізаваліся айчынныя кінатворцы. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” ці не штомесяц радуе новымі мастацкімі стужкамі, не прымушаюць чакаць сябе дакументальныя і анімацыйныя прэм’еры. Прывядзём прыклад: калі тры гады таму на экраны былі выпушчаны толькі дзве мастацкія стужкі, то сёлета можна казаць пра 13 адзінак у год, што набліжаецца да паказчыкаў часоў СССР. Паспяхова асвятляе розныя бакі нашага жыцця РУП “Беларускі відэацэнтр”… Але казаць пра значны росквіт кінагаліны ў Беларусі пакуль зарана. Ні пракат, ні вытворчасць стужак на сённяшні дзень не з’яўляюцца ў нас прыбытковымі. Акрамя таго, на вялікі жаль, сярэднестатыстычны беларус пакуль што аддае перавагу замежнай кінавідэапрадукцыі. Становішча з пракатам беларускага кіно ў айчынных кінатэатрах увесь час знаходзіцца пад пільным кантролем кіраўніцтва Міністэрства культуры рэспублікі, асобным пунктам уносілася ў парадак пасяджэнняў калегіі Міністэрства. На апошнім з іх, дзе ішла гаворка пра вынікі бягучага года ў названай галіне, яшчэ раз гаварылася пра неабходнасць больш дзейснай рэкламы і “прасоўвання” айчыннай кінапрадукцыі на экран. Карэспандэнт “К” вырашыў даведацца, якое месца займаюць беларускія стужкі ў айчынным кінапракаце і якія праблемы стаяць перад тымі, хто прапануе іх гледачу.