25 мая тэатр адсвяткаваў 89-ы дзень народзінаў, таксама найперш з балетнымі сюрпрызамі. Тым больш што нядаўна ў калектыве з’явіўся новы галоўны харэограф — Ігар Колб, імя якога даўно знаёмае аматарам балета многіх краін. Калісьці ён скончыў наш каледж па класе Аляксандра Калядэнкі, потым стаў вядучым салістам Марыінскага тэатра, шмат гастраляваў, быў запрошанай зоркай шматлікіх фестываляў, саліраваў у Рыме, Вене, Токіа, выкладаў, займаўся прадзюсарскай справай. Дый на радзіму не забываўся: рэгулярна наведваўся з выступленнямі і майстар-класамі. Таму яго цяперашняе прызначэнне можна расцэньваць як вяртанне ў родныя пенаты — у новым амплуа “вялікага начальніка” і “ўсіх балетных камандзіра”.
У тым, што Ігар Колб можа зрабіць артыстаў нават з журналістаў, ён пераканаў у час гэткага элітнага майстар-класа — выключна для пішучай браціі з нагоды дня народзінаў тэатра. Увечары 25 мая спраўдзіўся пазначаны ў афішы вялікі святочны гала-канцэрт, а ўдзень тэатральнае закуліссе “захапілі” журналісты: акурат для іх быў таксама майстар-клас па оперным мастацтве, праведзены салістам Алегам Мельнікавым, а яшчэ — сапраўднае “ўзнясенне” на дах тэатра, аздобленае музычнымі і скульптурна-пластычнымі падарункамі. Пераходам да “Балетнага лета” сталася традыцыйная справаздачная вечарына Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа на сцэне Вялікага тэатра — сёлета асабліва шыкоўная і, пагадзіцеся, вельмі сімвалічная: мы ўбачылі тых, хто зусім хутка, трэба спадзявацца, стане ўпрыгожаннем нашай трупы. Першая дзея складалася з канцэртных нумароў — класічных, характарных, сучасных. Быў нават фрагмент са “Спартака” з харэаграфіяй Валянціна Елізар’ева, што можа лічыцца сапраўднай заяўкай вышэйшага прафесіяналізму. А пасля антракту публіка прыйшла ў захапленне ад маладога, іскрыстага гуллівым гумарам “Прывалу кавалерыі” — паўнавартаснага аднаактовага балета, што калісьці быў у рэпертуары тэатра.
А вось адкрыццё “Балетнага лета” будзе надзвычай сур’ёзным: публіку чакае чарговая сустрэча з харэаграфіяй Барыса Эйфмана, адметнай неверагоднымі ансамблевымі спалучэннямі рук-ног-цел і філасофскімі паглыбленнямі.
Ягоны аўтарскі тэатр, які створаны ў Санкт-Пецярбургу і гастралюе па ўсім свеце, двойчы (!) пакажа ў нас “Эфект Пігмаліёна”: спектакль пройдзе 7 і 8 чэрвеня, з рознымі складамі, таму ісці на яго лепей таксама двойчы. У наступныя дні фестывальную сцэну зоймуць гаспадары, але разам з запрошанымі гасцямі. У “Лебядзіным возеры” цэнтральныя партыі выканаюць Наталля Сомава і Дзмітрый Сабалеўскі з Маскоўскага акадэмічнага Музычнага тэатра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. У “Спячай прыгажуні” паўдзельнічаюць адразу чацвёра расійскіх салістаў. Будзе паказаны і “Канёк-Гарбунок”, створаны былым галоўным харэографам нашага тэатра, народным артыстам Беларусі Юрыем Траянам і ў час фестывалю прымеркаваны да юбілею заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, дырыжора Мікалая Калядкі, пад рукі якога лепей за ўсё скачуць ногі балетных артыстаў.
Гучным завяршальным акордам фестывалю станецца гала-канцэрт сусветных зорак. Сёлета яны прыедуць не толькі з Расіі, але і з... Егіпту, прычым выключна з самых, бадай, выбітных калектываў: з Вялікага тэатра, знакамітага Марыінскага, згаданага Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага Тэатра балета Барыса Эйфмана (дарэчы, гэта будзе дуэт з балета “Яўген Анегін” з удзелам былой нашай Любові Андрэевай), з маскоўскага La Classique — нарэшце, з Каірскай оперы. І, вядома, лепшыя кампазіцыі пакажуць нашы зоркі, пачынаючы з народнай артысткі Беларусі Ірыны Яромкінай, якая нядаўна адсвяткавала свой юбілей — 25-годдзе на сцэне.