УСярэднявеччы менавіта гэтая зямля, заселеная племенем крывічоў, зрабілася калыскай нашай дзяржаўнасці. Тут, у Падзвінні, з’явілася Полацкае княства, якое ў свой час было адной з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы. Межы яго распасціраліся на ўсю тэрыторыю сучаснай Віцебскай і ладную частку Мінскай вобласці, а на паўднёвым усходзе даходзілі ажно да Рагачова. Магутнасць, дабрабыт і надзвычайная роля княства ў рэгіёне звязаныя з тым, што знаходзілася яно на старадаўнім гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”, які злучаў краіны Скандынавіі на поўначы з Візантыяй на поўдні.
Цэнтрам дзяржавы быў Полацк — найстарэйшы з гарадоў Беларусі, першая летапісная згадка аб якім адносіцца да 862 года. Найвялікшай магутнасці княства дасягнула ў другой палове ХІ стагоддзя, у часы ўладарання Усяслава Чарадзея. Надзвычайную ролю Полацка сімвалічна падкрэслівае той факт, што менавіта тады тут быў збудаваны храм, асвечаны ў гонар святой Сафіі, — такія самыя цэрквы былі ў той час узведзеныя таксама ў Кіеве і Ноўгарадзе. У тыя ж часы тут жыла адна з найвыдатнейшых асветніц свайго часу — святая Еўфрасіння Полацкая.
У другой палове ХІІІ стагоддзя полацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага — і, зноў жа, варта адзначыць, што менавіта гэты рэгіён сучаснай Беларусі быў найбольш блізкім да тагачаснай сталіцы новай дзяржавы — Вільні. У часы Рэнесансу менавіта Полацк даў свету беларускага першадрукара — Францыска Скарыну, а ў эпоху Асветніцтва — паэта і багаслова Сімяона Полацкага. А пасля ўваходжання гэтых земляў у склад Расійскай імперыі тут дзейнічала першая і адзіная ў той час вышэйшая навучальная ўстанова на сучаснай тэрыторыі Беларусі — Полацкая езуіцкая акадэмія.
РАДЗІМА НОВАГА МАСТАЦТВА
Вядома, што Полацкае княства было калыскай не толькі нашай дзяржаўнасці, але і мастацтва ды асветы. Тут узводзіліся храмы, выконваліся роспісы, ствараліся летапісы, збіраліся бібліятэкі. Не дзіўна, што, як і цягам усёй сваёй гісторыі, у ХХ стагоддзі гэты край праславіўся сваімі мастакамі ды літаратарамі.
Віцебск пачатку ХХ стагоддзя зрабіўся месцам зараджэння аб’яднання УНОВИС (“Утвердители нового искусства”) і развіцця новага напрамку авангардысцкага мастацтва — супрэматызму. Тут жылі і стваралі Казімір Малевіч, Марк Шагал, Эль Лісіцкі, іх настаўнік Юдаль Пэн і многія іншыя выбітныя творцы.
У 1921 годзе Падзвінне было перарэзана напалам мяжой, якая паўстала паміж Польшчай і СССР у выніку Рыжскага мірнага дагавора. У гэты ж час на захад ад новай мяжы мацнеў і развіваўся талент Язэпа Драздовіча, які сёння шануецца не толькі як самабытны мастак, але і этнограф ды археолаг. Традыцыі інсітнага мастацтва, уласцівыя творчасці Драздовіча, захоўваюцца ў Віцебскай вобласці і сёння, у 2020 годзе яны былі ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
ПЕСНЯРЫ АЗЁРНАГА КРАЮ
Віцебская вобласць славіцца таксама сваімі ўраджэнцамі, якія атрымалі вядомасць як літаратары. Адным з найбольш адметных аўтараў міжваеннага перыяду ў Заходняй Беларусі быў паэт і празаік Міхась Машара, які ўдзельнічаў у дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і знявольваўся польскімі ўладамі.
У міжваеннай БССР адным з найбольш яскравых талентаў, якіх дала свету Віцебшчына, можна назваць народнага паэта Беларусі Петруся Броўку. Тут таксама нарадзіліся такія класікі беларускай літаратуры, як народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, народны пісьменнік Беларусі, майстар ваеннай прозы Васіль Быкаў і стваральнік жанру беларускага гістарычнага раману Уладзімір Караткевіч.
ЗЯМЛЯ БАРАЦЬБІТОЎ
У гады Вялікай Айчыннай вайны Віцебшчына праславілася як партызанскі край. Тут існавалі Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская партызанскія зоны, тэрыторыя якіх кантралявалася народнымі мсціўцамі і была недаступнай для акупантаў. Менавіта ў гэтым краі існавалі цягам сямі месяцаў так званыя Віцебскія, або Суражскія вароты — калідор паміж нямецкімі групамі армій “Поўнач” і “Цэнтр”, які выкарыстоўваўся для сувязі занятай гітлераўцамі Беларусі з неакупаванай тэрыторыяй СССР.
Партызаны Віцебшчыны вытрымалі цэлы шэраг блакад падчас карных акцый акупантаў. На гэтай зямлі засталіся многія незагойныя раны вайны — спаленыя вёскі, месцы расстрэлаў, тэрыторыі яўрэйскіх гета. Нягледзячы на ўсе нягоды, гэты край выстаяў і захаваў свае скарбы культурнай спадчыны. Сёння Віцебская вобласць з усімі сваімі гістарычнымі і культурнымі цэнтрамі і цудоўнымі азёрамі ды лясамі працягвае прывабліваць гасцей як з іншых куткоў Беларусі, так і з-за межаў нашай краіны краіны. ны. Сёння Віцебская вобласць з усімі сваімі гістарычнымі і культурнымі цэнтрамі і цудоўнымі азёрамі ды лясамі працягвае прывабліваць гасцей як з іншых куткоў Беларусі, так і з-за межаў нашай краіны.