Наколькі я яго ведаю, ён ніколі не імкнуўся далучыцца да нейкай плыні ці да раскручанага брэнда — інакш кажучы, стаць такім, як усе. Ён з тых, каго цяжка, а мо і ўвогуле немагчыма паставіць у шыхт і прымусіць ісці з кімсьці ці з чымсьці нага ў нагу. Неяк спадар Леанід расказваў, што калі служыў у войску, дык спецыяльна прыдбаў сабе, фактычна выцыганіў у інтэнданта на складзе, такую гімнасцёрку, якая толькі фармальна адпавядала салдацкай уніформе. Яму проста вельмі хацелася вылучыцца з шыхта!
Беручы да ўвагі ягоны творчы менталітэт, можна лічыць, што спадару Леаніду пашчасціла самасцвярджацца ў 80-я гады, на якія прыпадае так званая перабудова — то-бок спантанны пошук выйсця з тупіка, у якім на той момант цалкам заканамерна аказалася савецкае грамадства і дзяржава. Леанід Хобатаў і такія, як ён, атрымалі магчымасць фармаваць уласны стыль, не азіраючыся на ідэалагічныя каноны і эстэтычныя стэрэатыпы.
Адным з яскравых сімвалаў перамен, справакаваных перабудовай на культурніцкім абшары, стала ўтварэнне творчай суполкі “Няміга-17”. Леанід Хобатаў быў сярод ініцыятараў гэтай справы. Фармальна ўсё выглядала так, нібыта група мастакоў, што мелі майстэрні ў новым гмаху на Нямізе, аб’ядналіся, каб было зручней ладзіць выставы ды вырашаць іншыя практычныя пытанні, датычныя прафесійнай дзейнасці. Але па збегу абставін гэтыя мастакі аказаліся яшчэ і аднадумцамі. Спалучэнне “мастакі-аднадумцы” патрабуе тлумачэння: як ужо адзначалася вышэй, не ходзяць мастакі шыхтамі. Сутнасць аднадумства ў дадзеным выпадку зводзілася да разумення, што яднае творцаў не ідэалагічны канон ці адзінства стылістыкі, а прага самасцвярджэння, павага да такога ж памкнення калегі і пэўныя маральна-этычныя прынцыпы. Усё гэта ў “Нямігі-17” было. Кожны творца ўнікальны, а разам яны — з’ява, плынь, мо нават школа.
Рэтраспектыва, прадстаўленая на выставе, дазваляе прасачыць стылёвую і сэнсавую эвалюцыю творчасці Леаніда. Напачатку ён, выхаванец кафедры манументальнага мастацтва, прыўнёс у станковыя карціны ўласцівую сценапісу абагульненасць формы і своеасаблівую брутальнасць. Пазней усё далей адыходзіць ад фігуратыўнасці і набліжаецца да негеаметрычнага абстракцыянізму, хоць і захоўвае рысы фігуратыўнасці.
У ягоных творах, пабудаваных збольшага паводле прынцыпаў асацыятыўнага мыслення, пры пэўнай фантазіі можна ўбачыць і пейзажы, і нацюрморты, і нават партрэты стану душы — і зямлю, і Космас. У залежнасці ад настрою гледача. А зрэшты, гэта проста вельмі прыгожыя рэчы. Прычым гэта тая прыгажосць, што не толькі спрыяе станоўчаму настрою, але і прымушае думаць.
Фота аўтара