Тут самы час павесці гаворку пра гурткі пры ўстановах культуры, якія і павінны шукаць тыя крупінкі золата, якія з часам заблішчаць на радасць усім. Аднак я спачатку пра майстра — пра свайго дзядзьку Піліпа. Матчын родны брат меў жорсткі нораў і жалезную волю. У Вялікую Айчынную вайну хутка прызвычаіўся ваяваць і з радавога дарос да капітана. Нідзе не вучыўся, але з поспехам працаваў банкаўскім служачым. Віртуозна граў на гітары-семіструнцы, стварыў аматарскае музычнае трыа. Быў дасведчаным шаўцом. Рабіў з лазы зграбныя кошыкі. Адкуль усё гэта? Ад шырыні душы і ад улюблёнасці ў жыццё. Якім я быў абыякавым да ўсяго гэтага! І цяпер выразна бачу: сядзіць дзядзька ў аблоках “Прымы” на сваім ганку, задаволена плюшчыць вочы, потым нечакана кідае мне адрамантаваны жаночы бот: “Знайдзі!” Я шукаю лапік і не знаходжу, рамонт — ідэальны. Хіба ж я думаў, што гэта мастацтва! Што бліскуча зашыты бот і дыхтоўна “пабудаваны” раман — рэчы аднаго кшталту. Пазнакі шчаслівага творчага жыцця! Халтуршчык адбывае павіннасць, майстар размаўляе на роўных з небам. А мне быў дадзены шанец, які я не выкарыстаў. А трэба было вучыцца. Мужчына павінен добра валодаць і розумам, і рукамі.
А чаго вартыя дзядзькавы кошыкі? Яны не толькі прыгожыя, яны — функцыянальныя. Пляценне не шчыльнае, кошык добра прадзімаецца паветрам. Нават у дажджлівы дзень восеньскага капання бульбы бруд з яе хутка пераўтвараецца ў пясок і прасыпаецца праз шчыліны пляцення. Дызайнерская аксіёма: прыгажосць і практычнасць — сінонімы…
Вось для чаго патрэбныя нашы майстры з раённых дамоў рамёстваў. Адшукваць вучняў і перадаваць ім сваё мастацтва. Каб не спынялася тое, што называецца пераемнасцю, без якой не бывае любові да Радзімы. Дзядзька Піліп быў непаўторным і адзіным. Нашы народныя майстры — магутныя сваімі вучнямі. З іх, старанных чаляднікаў, таксама вырастаюць майстры. Інакш і быць не можа.
Менавіта пра пераемнасць нацыянальных традыцый ішла гаворка на семінары дырэктараў клубных сістэм і кіраўнікоў цэнтраў культуры Магілёўскай вобласці. Вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава піша: “Разглядаліся пытанні выхавання падрастаючага пакалення, культурнага абслугоўвання насельніцтва. Было прааналізавана фармаванне рэгіянальных культурных брэндаў”. Ішла на семінары і гаворка пра арганізацыю дзейнасці майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, эфектыўнасць працы якіх вызначаецца колькасцю вучняў.
“Цяжка стаць майстрам, калі не вывучыш тое, што стварылі да цябе”, — сцвярджаюць у лісце супрацоўнікі Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Гаворка вядзецца пра майстра па вышыўцы і ткацтве паясоў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага РЦК Алену Міхед. Кабета асвоіла працэс мясцовага ткацтва, улічыла ўсе традыцыі і цяпер актыўна папулярызуе ткацтва Слонімшчыны. І робіць гэта так, што справай цікавяцца нават дзеці. Адзін з такіх неабыякавых — трэцякласнік Слонімскай гімназіі Мікіта Зелянкоўскі. Яму Алена Мікалаеўна дапамагла саткаць першыя радкі будучага пояса. І як гэта заўжды бывае, чарадзейства ператварэння матэрыяла ў бытавую рэч уражвае і зачароўвае.
Пра Ірыну Смірнову — майстра саламяных цудаў з Іўя — распавяла загадчык аддзела метадычнай работы мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель: “Працуе Ірына Рэгінальдаўна загадчыкам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Па выніках штогадовага абласнога конкурсу імя Аляксандра Дубко перамагла ў намінацыі “Народны майстар года”. Кіруе Ірына Смірнова клубам майстроў “Спадчына”. Тэхналогію саломапляцення пераняла ад дзядулі Фелікса Ластоўскага, які рабіў вельмі адмысловыя капелюшы. Унучка пайшла далей: у яе калекцыі не толькі галаўныя ўборы, але і саламяная пластыка (конікі, анёлы, бараны птушкі), рэчы бытавога прызначэння (кошыкі, цукерніцы, хлебніцы, сумкі), кветкавыя кампазіцыі і касцюмы з элементамі саламянага дэкору”. Жанравы дыяпазон, пагадзіцеся, больш чым шырокі. І майстар-класы спадарыня Ірына ладзіць з вялікай ахвотай, таму і паслядоўнікаў мае шмат.
Сапраўды, майстры нашы — чарадзеі. Метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК Валянціна Марчанка напісала пра творчасць, якая… шамаціць. Гэта яна пра пляценне з талашу (лістоў, якімі абгорнуты кукурузныя пачаткі). Менавіта з гэтым матэрыялам працуе Людміла Крапіўніцкая, кіраўнік клубнага фармавання Яноўскага сельскага дома культуры. “У кожнай рабоце Людмілы Віктараўны, — распавядае аўтарка, — вобразы і кампазіцыі, што адлюстроўваюць сельскае жыццё мінулых гадоў ды вякоў. Па іх лёгка пазнаёміцца са знешнім выглядам сялян, родам іх заняткаў”.
Свой ліст Лілія Рэзкіна, начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, назвала “Захавальнікі народных рамёстваў”. Так называецца арт-праект, у рамках якога ладзяцца выставы супрацоўнікаў раённых дамоў рамёстваў Віцебшчыны. Рэалізацыя распачалася ў Дубровенскім доме рамёстваў. На выставе прадстаўлены ўвесь жанравы спектр традыцыйнага народнага мастацтва.
Тэму працягвае наша пастаянная аўтарка Вольга Заянчкоўская з Астравецкай раённай бібліятэкі. “Ірына Баршчэўская стварае работы са скуры, — піша спадарыня Вольга. — З’яўляецца супрацоўніцай аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Астравецкага РЦК… Ва ўмелых руках Ірыны Іосіфаўны скура ажывае, набывае абрысы адмысловага мастацкага твора. Гэта завушніцы, карціны, каралі, дэкаратыўныя пано”.
Сёння ў нас цэлая галерэя майстроў вымалёўваецца! Пра чарговага неардынарнага творцу зноў распавядае бібліятэкар Вольга Заянчкоўская. Гэтым разам яе герой — Віктар Вайцюль. “27 лютага ў Рытанскай сельскай бібліятэцы, — піша аўтарка, — на ўроку радзімазнаўства ладзілася выстава яго работ “Свет захапленняў”. На выставе экспанаваліся кошыкі розных памераў і прызначэнняў. Школьнікі вельмі зацікавіліся працэсам стварэння плеценых шэдэўраў. Летам Віктар Іванавіч нарыхтоўвае лазу, зімнімі вечарамі — стварае цуды. Ды яшчэ і трактарыстам паспявае працаваць”. Вось Віктар Іванавіч у юнацтве варон не лавіў, а вывучаў азы кошыкапляцення. Цяпер ён — карыфей лазовай справы са сталымі вучнямі. Паважаю бясконца.
І напрыканцы варта згадаць аднаго са знакамітых нашых народных майстроў. Гэта — Мар’ян Скрамблевіч з Адэльска Гродзенскага раёна, які доўгі час займаецца вырабам беларускіх народных музычных інструментаў. Пра самародка ў чарговы раз згадала вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч. Мар’ян Антонавіч цягам мінулага года працягваў працу па зберажэнні традыцыйных спосабаў вырабу інструментаў. Працаваў, як заўжды, годна і якасна. Ягоная майстэрня — і музей, і аркестр, якія пастаянна пашыраюць свае маштабы.