Я цвёрда перакананы, што ў гэтым прыярытэтным, сацыяльным кірунку і павінны развівацца нашы ўстановы культуры. Чым яны аб’яднаюць грамаду? Мовай нашай, гісторыяй, культурнымі традыцыямі, без якіх няма нацыянальнага мастацтва. Выхоўваць на сваім і аберагаць сваё. Цудоўны прыклад мацавання нацыянальнай бяспекі — фэст “Берагіня”, свой, дамарослы, які не можа на-
дакучыць, бо сталее і ўдасканальваецца разам з тымі, спявае ды танцуе ад душы.
Якімі стануць нашы клубы праз 5-10 гадоў? І па форме, і па змесце? Форма вымагае аднаго даху, а змест — глыбіні. Як, да прыкладу працуюць нашы філарманічныя пляцоўкі? Як развіваецца сетка раённых дамоў рамёстваў, што не мае аналагаў на постсавецкай прасторы? Як па мне, у аграгарадоцкім СДК павінны быць філіялы РДР. Мы адшукалі сотні рамеснікаў, якія атрымалі статус народных майстроў і займелі сталых паслядоўнікаў. Дык мо час ужо займець у кожным аграгарадку клубныя класы па спевах і музыцы, па асваенні мясцовага брэндавага рамяства? Нацыянальная адукацыя, як падаецца, не можа не супадаць па сваіх інтарэсах з нацыянальнай культурай.
Аднойчы з Косцем Антановічам патрапілі ў вёску, якая пераўтварылася ў лецішча для гараджан. Мы спыніліся ля былога клубіка, ад якога засталіся толькі сцены, стаялі і думалі: вось яна, апошняя цытадэль (даруйце за пафас!) тутэйшай культуры.
Але і існуючых “цытадэляў”, мяркуючы па нашай штотыднёвай пошце з розных рэгіёнаў краіны, у нас, дзякаваць Богу і работнікам культуры, яшчэ шмат. На іх і трымаецца традыцыйнае мастацтва.
Агляд-конкурс аматарскага тэатральнага мастацтва ў Ваўкавыскім раёне — даўняя традыцыя. Мясцовыя метадысты распавядаюць, што днямі ён прайшоў сярод філіялаў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Бралі ўдзел у конкурсе восем тэатральных калектываў. Самадзейныя артысты з Шылавіцкага дома культуры перастварылі на новы лад казку “Калабок”. Увогуле інтэрпрэтацый было шмат, больш выразным стала мастацкае афармленне пастановак, вырасла акцёрскае майстэрства. Гэта тычыцца тэатральных калектываў дома культуры аграгарадка Юбілейны, Субацкага, Ізабелінскага, Рэплеўскага, Вярэйкаўскага, Роскага ДК. Сваю інтэрпрэтацыю вядомай казкі падрыхтавалі і ў Мацвееўскім доме культуры. Гэта музычная казка “Тры парасяці і вірусы”. Вясёлыя сябры перамаглі хваробу, бо выконвалі ўсе меры перасцярогі. Вынікі агляду будуць падведзены ў красавіку на фэсце “Чароўная рампа”.
Навіны з Ашмянскага раёна. На прыклубнай тэрыторыі аграгарадка Станцыя Ашмяны прайшлі зімовыя гульні для дзяцей і дарослых. Актыўны сямейны рух вітаўся ва ўсіх праявах. Забаў было шмат, а паміж імі можна было пачаставацца юшкай і гарбатай.
Настаўніца харавых дысцыплін Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Буйко распавядае: “Мы прымалі гасцей з аддзялення дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны пазнаёміліся з выставай вучнёўскіх малюнкаў, паслухалі расповед пра асаблівасці музычных інструментаў, паслухалі канцэрт”.
У бібліятэках Ашмянскага раёна прайшоў цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. У сельскай бібліятэцы аграгарадка Кальчуны адбыўся шок-урок “Трагічныя месцы смутку і вечнай памяці”, у сельскай бібліятэцы вёскі Будзёнаўка — акцыя “Халакост. Мы памятаем”, у чытальнай зале раённай бібліятэкі — кніжная выстава “Халакост: гісторыя, памяць, лёсы”. Тут месцілася не толькі літаратура, але і дакументы, матэрыялы з перыядычных выданняў. Гадзіна-рэквіем прайшла і ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка.
У працяг тэмы — навіна з Астравецкай раённай бібліятэкі. “Сумныя падзеі Халакосту прыгадалі вучні сёмых класаў Астравецкай школы № 3, — распавядае бібліятэкар Вольга Заянчкоўская. — Гадзіна памяці называлася “Свет не павінен на такое забыцца”. Гэта частка нашага праекта “Сэрцам адданыя роднай зямлі”.
У палацы мастацтваў Бабруйска ладзілі канцэрт для людзей з інваліднасцю. Культарганізатар аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Ірына Аўсянікава паведаміла, што праграма называлася “Рэцэпт добрага настрою” і прызначалася для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Бабруйска. “Перад прысутнымі выступілі, — распавядае аўтарка, — салісты заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага тэатра песні “Шына-най” Арына Андрэева, Данііл Сінкевіч, Таісія Аляксеева, Арына Дурандзіна; салістка народнага хору ветэранаў працы Вераніка Варанцова; салістка палаца мастацтваў Вікторыя Гіндзіна; народны ансамбль танца “Прыгажосць”; узор-
ная харэаграфічная студыя “Бабраня”; узорны харэаграфічны калектыў “Крынічка”.
Чарговая навіна з Бабруйскага палаца мастацтваў — пра здаровы лад жыцця. Метадыст сектара па рабоце з дзецьмі Вікторыя Рубец распавядае пра гульнявую праграму “Пагасіце цыгарэту”. Да ўдзелу быў запрошаны інструктар-валеолаг цэнтральнай бальніцы. Мерапрыемства, неаспрэчна надзвычай патрэбнае, бо, як нагадвае аўтарка допісу, штогод у свеце ад хвароб, выкліканых паленнем, памірае 1,5 мільёна чалавек. Я сваю цыгарэту пагасіў тры гады таму. Дагэтуль і не ведаў, што на Зямлі існуе так шмат цудоўных пахаў.
Метадыст цэнтралізаванай клубнай сістэмы Магілёўскага раёна Караліна Зубкова напісала пра канцэрт “Вечары на Палыкавіцкіх хутарах”, які прайшоў у Палыкавіцкім сельскім доме культуры. Сюжэт мерапрыемства будаваўся паводле твора Антуана Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”. Дырэктар СДК Таццяна Жыгаліна і культарганізатар Алена Мікалаева вырашылі, што “Вечары…” вартыя стаць традыцыйнымі.
Напрыканцы некалькі слушных парад ад спецыяліста Савецкага раённага аддзялення надзвычайных сітуацый Таццяны Бычанок. Будзьце асцярожнымі пры галалёдзе. Гэта тычыцца не толькі сталых людзей. Старайцеся ісці павольна, ногі высока не ўзнімайце, згібайце іх у каленях і крыху нахіляйце корпус наперад, каб цэнтр цяжару вашага цела быў перад нагамі. Не трымайце рукі ў кішэнях. Пры падзенні мышцы павінны быць максімальна напружанымі, а найлепшая прафілактыка ад магчымых траўмаў — заняткі фізкультурай.
Беражыце сябе, шаноўныя, і паведамляйце пра цікавае.
Сустрэнемся праз тыдзень.