28 студзеня ў Астравецкай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”. Творчыя людзі сабраліся, каб падзяліцца поспехамі, пачытаць новыя творы, абмеркаваць план на бягучы год. З уступным словам выступіў кіраўнік аб’яднання Аляксандр Марозаў. Ён павіншаваў прысутных са святамі, падзяліўся творчымі поспехамі. Літаратар стаў фіналістам міжнароднага літаратурнага конкурсу бардаўскай песні ў намінацыі “Паэзія”.
Закранулі члены аб’яднання і сумныя тэмы. Зусім нядаўна наша зямля страціла выбітных асоб — Адама Мальдзіса і Міколу Мятліцкага. Літаратары прыгадалі цёплыя сустрэчы і размовы з гэтымі асобамі.
Не абышлося і без паэзіі. Капіталіна Пятроўская, Таісія Сямёнава і Людміла Кухарэвіч пачыталі свае новыя вершы. Напрыканцы ўдзельнікі аб’яднання абмеркавалі тэматыку наступнага пасяджэння, а таксама паслухалі песню ў выкананні Людмілы Кухарэвіч.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі