— Юлія, як з’явіўся “Куточак Беларусі”, што папраўдзе стаў родным для слухачоў і гледачоў?
— Сама я не так часта складаю песні. Часцей пішу толькі словы, прычым на ўжо гатовую мелодыю. Жэня сачыняе музыку, паказвае яе мне, і я прыдумляю, пра што будзе песня, зыходзячы з тых музычных вобразаў, якія я адчула. А гэта песня — “Куточак Беларусі” — узнікла адразу цалкам, і словы і музыка. Я напісала яе ў сябе на лецішчы. Гэты кавалак зямлі на Маладзечаншчыне мой дзядуля атрымаў, як вярнуўся з вайны. І пабудаваў там хатку. Лецішча старэнькае-старэнькае — сапраўднае адчуванне беларускай вёскі. Дый відарысы за вокнамі ўласцівыя нашай сельскай мясцовасці. У дзяцінстве я кожнае лета праводзіла там, у дзядулі з бабуляй. Іх ужо няма, але яны дажылі да 90 гадоў і пакінулі пасля сябе добрую памяць: з тым лецішчам звязаны мае лепшыя дзіцячыя ўспаміны. Мабыць, таму так усё сышлося: я стварыла гэту песню літаральна за паўгадзіны, яна ўзнікла неяк вельмі натуральна, быццам сама. Адразу паклікала Жэню, праспявала яму — і ўсю далейшую прыгажосць і багацце, звязаныя з аранжыроўкай, дадаў ён. Таму лічыць гэтую песню толькі маёй было б несправядліва: без яго цудоўнай аранжыроўкі яна ніколі не атрымала б той папулярнасці і прызнання.
— Наколькі ўвогуле вам дапамагае ў творчасці і ў жыцці такая блізкасць інтарэсаў, што існуе ў вас з мужам? Ці, можа, у чымсьці і перашкаджае?
— Не, толькі дапамагае. Бо творчая праца ў нас адбываецца перманентна, без выхадных. І калі б не сямейны дуэт, дык нават не ведаю, як мы б усё паспявалі зрабіць, бо жыццё і творчасць насамрэч неаддзельныя адно ад аднаго: у творчасці немагчыма “сысці з працы” і цалкам на яе забыцца, пераключыўшыся на іншае.
— А наколькі вам дапамагаюць, зноў-такі ў жыцці і творчасці, тыя першыя адукацыі, якія атрымалі вы з мужам? У вас — медыцына, у яго — эканоміка.
— Гэта і сапраўды былі важныя вехі для кожнага з нас. У жыцці ўвогуле ўсё, што бывае, даецца не дарма, трэба толькі ўмець скарыстоўваць назапашанае. Эканоміка дапамагае нам не запрашаць бухгалтара, самім разбірацца з па-
даткамі, спраўляцца са справаздачамі. А шырэй — сістэматызаваць не толькі фінансавыя пытанні, але і жыццёвыя падзеі. Медыцынскі вопыт — увогуле рэч, лічу, неабходная, бо з гэтымі ведамі прасцей зарыентавацца ў складаных сітуацыях. Першая медыцынская дапамога — заўжды пад рукой.
— У вас абодвух быў перыяд удзелу ў КВЗ — вядома, у розных камандах ад розных ВНУ, але менавіта праз гэта вы і пазнаёміліся. Штосьці яшчэ вам далі тыя гульні?
— КВЗ у забаўляльным сегменце і на той час, і на цяперашні — гульня “нумар адзін”. Гэта скарбонка свежых ідэй, улюбёнае гумарыстычнае шоу для многіх і многіх гледачоў. Я ўжо тады пісала новыя вершы на вядомыя песні — для КВЗ гэта заўсёдная практыка. І ў мяне назбіраўся хай і мінімальны, але досвед у гэтай сферы. А Жэня рабіў аранжыроўкі. Праз гэта мы і пазнаёміліся: мне падказалі звярнуцца да яго, каб ён і нам з аранжыроўкай дапамог.
— Потым была сумесная праца ў Бахрэйне.
— Для гэтай паездкі Жэня складаў ансамбль. Узгадаў пра мяне, запрасіў — я пагадзілася. Ён працягваў там пісаць аранжыроўкі, а для мяне гэта была своеасаблівая школа вакальных прыёмаў. Бо даводзілася спяваць сусветныя хіты, а іх без падрыхтоўкі не асіліць. Для Жэні вельмі значным этапам была далейшая праца ў Кітаі. Яго запрасілі ў адну з вядучых студый, дзе рабіліся магутныя шоу-праекты, над якімі працавалі вядомыя амерыканскія прадзюсары. Ён пісаў ім песні, рабіў аранжыроўкі, што ўжо само па сабе было добрай практыкай. Дый стасункі з замежнымі прафесіяналамі — гэта заўсёды новыя веды, нечаканыя адкрыцці.
— Дарэчы, калі вы пішаце песні для кагосьці з выканаўцаў, як гэта адбываецца? Да вас звяртаюцца, вы самі прапануеце — ёсць нейкая выпрацаваная схема?
— Штораз па-рознаму. Калі артысты самі звяртаюцца з просьбай, некаторыя з іх абсалютна дакладна ведаюць, што ім трэба. Вядома, так працаваць прасцей. Але бывае, хтосьці просіць проста што-небудзь, і мы пачынаем думаць, што менавіта падыдзе гэтаму артысту, каб патрапіць у яго сцэнічны імідж, музычны густ і г.д. А здараецца, артыст гаворыць: не, гэта не маё. Тады мы прапаноўваем гэту песню камусьці іншаму. Ці выконваем самі. Так у свой час і ўзнікла думка зрабіць уласны ансамбль — з’явілася “Аўра”.
— Вы не адразу пачалі спяваць на беларускай мове. Але нацыянальны фальклор, як я разумею, добра засвоілі яшчэ ў школьныя гады. І не на “школьным” узроўні.
— Так, з першага па дзясяты клас я была ўдзельніцай дзіцячага фальклорнага ансамбля “Зорачка”.
— Пэўна, вас бацькі туды адвялі?
— Не, я сама. Гэта было маё ўласнае рашэнне. Я была на канцэрце гэтага калектыву, і мне так спадабалася, што я папрасіла бабулю адвесці мяне туды. Ніколі не пашкадавала, што так адбылося! У нас было многа гастроляў, мы літаральна ўсю Еўропу аб’ездзілі. У нас нават фальклорныя экспедыцыі былі — таксама мора ўражанняў. Так і павінна быць у жыцці: творчы багаж паступова набіраецца, узбагачаецца, сінтэзуецца — і потым абавязкова дае добрыя парасткі, часам зусім нечаканыя.
— Дзеці таксама растуць, выхоўваюцца — і потым раптам становяцца дарослымі. У вас многа песень патрыятычнага характару, а ці ёсць нейкія сакрэты патрыятычнага выхавання ўласных дзяцей? У вас жа двое сыноў.
— Выхоўваем іх найперш уласным прыкладам, каб яны паважалі дзяржаву, любілі культуру. І ў мяне і ў Жэні дзядулі-бабулі прайшлі вайну, многа пра яе расказвалі. Іх аповеды мы зараз перадаём уласным дзецям. Бацькі павінны самі шчыра паважаць гісторыю свайго народа, краіны, дзяржавы, тады і дзеці ўзрастуць сапраўднымі грамадзянамі. Апошнім часам у тым жа інтэрнэце можна знайсці шмат спрэчных момантаў, а то і адкрытай хлусні. У такіх выпадках мы тлумачым, хто, што, як і чаму менавіта так піша ці гаворыць. Дзецям перадаецца бацькоўская шчырасць. І колькі ні гаварылі б пра тое, што выхоўваць і закладаць падмурак ведаў павінна школа, усё пачынаецца з сям’і.
— Я звярнула ўвагу, што вы далі сваім сынам вельмі простыя імёны, распаўсюджаныя ў былыя дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Сёння ў модзе іншыя імёны — больш рэдкія, выкшталцоныя, часцяком замежныя.
— Мне падабаюцца імёны Аляксандр, Уладзімір, таму мы і далі іх сваім дзецям. Я ўвогуле хацела, каб імёны ў іх былі абавязкова славянскімі, напоўненымі добрым сэнсам. Гэта для мяне вельмі важна, бо кожнае імя мае суцэльны шлейф сэнсавых адценняў, сваю энергетыку, і ўсё гэта таксама фарміруе чалавека, уздзейнічае на ягоны характар.
— Ды што казаць, калі ў вас нават котка — Дуся.
— Яе ўжо няма. Затое ёсць іншыя, імёны ім прыдумлялі самі дзеці. Адну клічуць Элеанорай. А другая — Барселона.
— Такая любоў да Іспаніі?
— Усё больш складана. Спачатку яна была Барсікам, бо мы памыліліся з полам. А як зацяжарыла, давялося пераймяноўваць. І з Барсіка атрымалася Барселона — гучыць добра.
— Хатнія жывёліны жывуць з вамі. А дзе жывяце вы? Калісьці даўно, памятаю, будавалі дом, так і не завяршылі, потым яго прадавалі...
— Ой, мы зусім не прадпрымальныя. Прадалі кватэру свякрові — набылі ўчастак. Пачалі там дом будаваць, ды не “пацягнулі”. Прадалі яго недабудаваным — прыдбалі кватэру. Уладкавалі там студыю ў лоджыі, ды аказалася нязручна: узімку студзёна, улетку спякотна, дый гукаізаляцыі аніякай. Спрабавалі ўсё ж неяк разабрацца з гукаізаляцыяй, ды ўсё роўна тыя ж медныя духавыя так і наровяць “прарэзацца”: трамбон — справа сур’ёзная. Таму цяпер жывём у арэндным доме — лічыце, у вёсцы. Студыю зрабілі ў гаражы. Каб там усё ўладкаваць, правесці ў доме рамонт, давялося прадаць кватэру. Але нічога! Галоўнае — ёсць месца для ўсіх нас і нашай творчасці.