Дзеля дакладнасці варта адзначыць, што праца над 13-хвіліннай анімацыйнай стужкай “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” на кінастудыі “Беларусьфільм” была скончана яшчэ летась — афіцыйна фільм вытворчасці 2020 года. Але такая цяпер рэчаіснасць з пракатам анімацыйных фільмаў, што ледзь не першыя кінапаказы адбываліся менавіта гэтай восенню. На нядаўнім Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” карціна ўдзельнічала ў конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі і побач з сацыяльнымі падлеткавымі драмамі і лялечнымі казкамі выглядала, канешне, трошкі іншародна — ды й не назавеш яе менавіта дзіцячым творам. Але рэжысёр Алена Пяткевіч атрымала пачэсную ўзнагароду “За акварэльную поліфанію душы паэта”. У рамках фестывалю фільм аднойчы і быў паказаны.
І вось прыйшла дата 9 снежня — дзень нараджэння паэта, і ў праграме юбілейных святкаванняў сталічнага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча новы фільм з’явіўся абсалютна натуральна: разам з кінапаказам была зладжана і сустрэча з творчай групай, і нават міні-выстава з малюнкаў — эскізаў і іншых рабочых матэрыялаў фільма. А стужка і стваралася пры ўдзеле супрацоўнікаў музея — яны кансультавалі майстроў кіно па момантах біяграфіі паэта і знешнасці яго бацькоў і блізкіх людзей, бо фільм біяграфічны і выявы рэальных людзей у ім узнаўляліся з амаль фатаграфічнай дакладнасцю.
Так, дакладнасць амаль фатаграфічная, але ж сам фільм — вобразны і метафарычны, і стваральнікі на чале з рэжысёрам Аленай Пяткевіч і сцэнарыстам Рытай Шаграй паставілі перад сабой неверагодна складаную задачу: у 13 з нечым хвілін умясціць усё жыццё Максіма Багдановіча — ад нараджэння ў Мінску да апошняй вандроўкі ў Ялту, адкуль ён ужо не вярнуўся.
Фільм, можна смела сказаць, рабіўся таксама па паэтычным прынцыпе: метафарычнасць, эмацыйнасць, зварот да пачуццяў, а не толькі да розуму гледача — праз прыгожыя маляўнічыя карціны, праз рэжысёрскія хады, праз змены тэмпу і колеравай гамы, праз музыку, якую напісала кампазітар Соф’я Пяткевіч, дачка рэжысёра, праз тэмбр і талент закадравага голасу і паэтычныя радкі самога Максіма Багдановіча. Бо ў арсенале анімацыйнага кіно ёсць мноства сродкаў, якія збліжаюць яго з паэзіяй.
Біяграфічнымі стужкамі рэжысёр Алена Пяткевіч асабліва знакамітая. Увогуле, гэта адзін з найбольш паважаных майстроў у беларускім анімацыйным кіно, што ад самага першага свайго фільма, зробленага яшчэ ў 1986 годзе, і дасюль вядзе ўласную і вельмі пазнавальную лінію: у яе фільмах заўсёды многа паэзіі, многа вобразаў, абавязкова ёсць момант чароўнасці і загадкавасці. Апошнія дзесяцігоддзі прынеслі рэжысёру славу майстра ў расповедзе гісторый выдатных творцаў: героямі Алены Пяткевіч былі і кампазітары — Іаган Себасцьян Бах (за фільм пра яго рэжысёр атрымала галоўную расійскую кінапрэмію “Залаты арол”), Іаган Штраус, Людвіг ван Бетховен, гучным поспехам стала найяскравейшая стужка “Марк Шагал. Пачатак”, тры гады таму з’явіўся фільм пра Францыска Скарыну, цяпер пра Максіма Багдановіча. І ўсіх гэтых герояў Алена Пяткевіч лічыць невыпадковымі ў сваёй творчай біяграфіі, нават калі ініцыятыва стварэння такіх стужак ішла не наўпрост ад яе. Праўда што, гэта лёс, наканаванне. І калі на яе роднай кінастудыі “Беларусьфільм”, на якой яна адпрацавала ўсё жыццё, прапанавалі зрабіць карціну пра Максіма Багдановіча, гэта таксама было ўспрынята як падарунак знекуль вышэй. Бо ягоныя вершы заўсёды былі часткай жыцця, а з ягоным лёсам бачыліся паралелі.
— Я расла ў Гродне, і домік Багдановіча, дзе ён жыў у дзяцінстве, быў побач з маёй школай, — гаворыць Алена Пяткевіч. — Паэзію Максіма я заўсёды са сваімі дочкамі спявала пад гітару. У нашых біяграфіях я бачыла шмат агульнага: яго з Беларусі адвезлі ў Расію, мяне з Расіі прывезлі ў Беларусь… Усё не проста так злучаецца. І каб для стварэння фільма сабраліся ўсе гэтыя людзі са сваімі талентамі і магутнымі энергіямі, таксама патрэбна было нейкае касмічнае супадзенне. Максім быццам усімі намі здырыжыраваў.
Дакладнымі і пазнавальнымі на экране можна ўбачыць не толькі твары, але і мясціны, дзе жыў паэт: Мінск, Гродна, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Ялта… З’яўляецца і Пецярбург, вучыцца ў якім марыў юны Максім. Але бацька выбраў накіраваць на навучанне малодшага сына Льва, у якога добра атрымлівалася з матэматыкай. А літаратурным схільнасцям Максіма ён не надаваў увагі, і паэту давялося пяць гадоў засвойваць уменні юрыста. Выява Пецярбурга, тым не менш, на нейкія імгненні з’яўляецца ў кадры — як вобраз, як сімвал факта з біяграфіі, факта з думак і мараў паэта. На прыведзеным прыкладзе можна і ўявіць прынцып стужкі, як за 13 хвілін прамільгвае 25-гадовае жыццё. “Анімацыя сама па сабе канцэнтруе час і вобразы”, — гаворыць Алена Пяткевіч.
Сапраўды, каб зразумець усё ўбачанае і пачутае, трэба нешта ведаць пра Максіма, а каб нічога не прапусціць і разгадаць усе знакі і вобразы, варта і перагледзець. А вось яскравую, маляўнічую і жывую выяву можна ўспрымаць і на эмацыйным узроўні. Гэта сапраўдны ручны жывапіс, пасля ажыўлены аніматарамі і спалучаны з камп’ютарнымі тэхналогіямі.
Мастаком-пастаноўшчыкам фільма была Алена Туманава, і працавала яна з вялікай камандай мастакоў і мастакоў-аніматараў. Усім ім рэжысёр не проста выказвае ўдзячнасць, а кажа, што стварылі яны месцамі нават нешта ўнікальнае, бо ў камандзе не было ніводнага абыякавага чалавека і ўсе працавалі самааддана і з любоўю да паэта.
На творчай сустрэчы 8 снежня са стваральнікамі фільма “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” была нададзена вялікая ўвага менавіта выяўленчаму боку, бо гледачы маглі паглядзець не толькі гатовую экранную версію, але і невялічкую выставу эскізаў і малюнкаў, з якіх кіно рабілася. А як сказаў Міхаіл Бараноўскі, дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, — паказ у музеі хоць і першы, але не апошні. Я думаю, што ахвотных пазнаёміцца з мультфільмам знойдзецца нямала, а вось іншых магчымасцей яго ўбачыць пакуль што і няма. У вольны доступ, у інтэрнэт стужка не выпускаецца, бо яе яшчэ чакае фестывальная гісторыя. У музея і кінастудыі ёсць планы ладзіць падобныя паказы на рэгулярнай аснове, уключыўшы анімацыйную карціну ў праграму экскурсій і кіналекторыяў. Ёсць ідэя і больш змястоўнай сумеснай праграмы: “Беларусьфільм” можа прадаставіць цэлую падборку анімацыйных фільмаў пра беларускую культуру, якая найперш будзе цікавай юнай і маладой аўдыторыі. А з эскізаў, малюнкаў і кадраў з фільма “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” ёсць ідэя стварыць інтэрактыўную перасоўную выставу. Што маецца на ўвазе: на нейкім планшэце будзе размешчаны кадр з кіно — а ўсе яны, паўтаруся, невыпадковыя, усе звязаныя з фактамі біяграфіі паэта — і гэтая карцінка будзе мець QR-код, які прывядзе да інфармацыі аб правобразе, аб пэўным музейным экспанаце.
Сёлета мы адзначылі 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У наступным годзе будзе адзначацца 140 гадоў з дня нараджэння яшчэ двух нашых песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа. І якраз гэтымі снежаньскімі днямі быў запушчаны ў вытворчасць анімацыйны фільм “Класікі і шахматы”, прысвечаны паэтам. Рэжысёр — Наталля Касцючэнка. Ужо наступнай восенню адбудзецца прэм’ера. Мне здаецца, гэта неблагая тэндэнцыя — злучаць паэзію літаратурную і анімацыйную.