Мой дзед Сцяпан, калі кіраваў пасля вайны раёнам, быў ваяўнічым атэістам і, мякка кажучы, не надта шанаваў Веткаўскую іканапісную школу і нарабіў па гэтай прычыне шмат грахоў. Пры яго жыцці я так і застаўся нехрышчоным (веру прыняў толькі ў Мінску ў 33 гады).
Маці палову жыцця трымала стараверскую ікону, што дасталася ад вясковай сястры, а той — ад цёткі. Ікона — “жаночага” лёсу. Пасля смерці маці дасталася яна пляменніцы.
Для чаго я гэта ўсё? Ікона, як і шчасце, — паняцце асабістае, родавае, нават інтымнае і перадаецца ад бацькоў дзецям. У гэтым, калі хочаце, — таксама нацыянальная пераемнасць. Я бачыў шмат этнапакояў у сельскіх клубах і бібліятэках, але ікон у экспазіцыях пакуль не заўважаў. І гэта добры знак: абразы працуюць па сваёй непасрэднай, так бы мовіць, спецыялізацыі. Нічога не маю супраць, калі ў музеі трапляюць іконы, якія згубілі гаспадароў. Выміраюць вёскі — выміраюць роды. Але ж сітуацыя калісьці павінна змяніцца.
Штосьці не вельмі проста даліся мне гэтыя радкі. Ну ды ладна. Пагаворым пра сённяшнюю пошту. Усё, як і заўжды, страката ды надзённа.
Вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцці турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч любіць сваю радзіму, землякоў і іх культуры. Пастаянна пра гэта піша. Сёння Наталля Іосіфаўна распавяла пра святы Анджэйкі і Катажынкі. Абодва прыпадаюць на канец лістапада і традыцыйна звязаны з варажбой. “На Катажынкі варажылі хлопцы, — піша аўтарка, — На Анджэйкі — дзяўчаты. Як згадвае жыхарка Адэльска Марыя Кандрусевіч (1939 г.н.),сёння ўсё радзей варожаць на будучага мужа або жонку, а раней у гэту ноч былі вясёлыя забавы, танцы, песні, нават дзеці варажылі. Пакуль этнографы будуць высветляць, чаму менавіта Святы Андрэй — апостал, рыбак і паплечнік Хрыста — стаў заступнікам восеньскіх варожбаў, я ўпэўнена, добрая традыцыя адзначаць гэтае свята ў каталікоў будзе працягвацца”.
Наступная сяброўка рэдакцыі — Наталля Білімава, малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў. Падзея, пра якую распавядае аўтарка, не з ліку шараговых. Мяркуйце самі: 19 лістапада ў Прэзідэнцкай бібліятэцы адкрылася выстава “Шэдэўры ганцавіцкіх майстроў”.
Наталля Білімава піша: “Падчас мерапрыемства свае работы прэзентавалі народныя майстры па ткацтве Ніна Казак і Улляна Віннік, па кераміцы — Віталій Шапялевіч, кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” Марыя Муха, майстар па мастацкім роспісе Вольга Івановіч, ткачыха Алена Цялушка і саломапляцельшчыца Валянціна Занька.” Бібліятэкараў з чытачамі вельмі здзівілі і прыгажосць твораў, і спрактыкаванасць майстроў. Лепшай атэстацыі для дома рамёстваў і не ўявіць.
Рэгулярна піша пра дасягненні сваёй установы загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч. Гэтым разам гаворка пра этнаграфічную гадзіну “З народных крыніц: святы восені” ў інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дворышча. Дзеці, будзем спадзявацца, запомняць сэнс Багача, Пакроваў ды Дзядоў.
Не забывае нас і Андрэй Струнчанка. Ён піша пра выставу ручнікоў, вырабленых удзельніцай народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост” Марыяй Зубач з вёскі Суднікі. Мерапрыемства адбылася ў Мазалаўскай сельскай бібліятэцы (Віцебскі раён). У экспазіцыі — ручнікі 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля заканчэння выставы ручнікі будуць перададзены ў фонды этнаграфічнай залы Мазалаўскага сельскага дома культуры.
“Чытаем разам творы Максіма Багдановіча”. Так называецца абласная акцыя, што прайшла ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы. Актыўны ўдзел ў мерапрыемстве бралі навучэнцы мясцовага педагагічнага каледжа. Напісала пра гэта бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына Кароль.
Прайшоў конкурс на лепшы лялечны домік сярод бібліятэкараў Гродзенскага раёна. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Карына Ошва распавядае, што акцыя адбылася на свяце “Лялька ў карагодзе жыцця” ў аграгарадку Індура. Лялечны домік “Нёманскі васілёк” са Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання. Домік мае цагляную печ, каля яе — пячны рыштунак: качарэжнік, вілкі і чапяла. Прадстаўлены таксама работы Луцкаўлянскай, Раціцкай, Азёрскай, Індурскай сельскіх бібліятэк.
З Дзятлава працягваюць паведамляць пра акцыю “Песня ў кожны дом”. Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў аддаленыя вёскі Міроўшчыны, Трухонавічы, Пацоўшчына. Усе разам спявалі песні пад баян.
Тэму абслугоўвання аддаленых і маланаселеных вёсак працягвае бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская. Гаворка пра акцыю “Новыя кнігі хочуць пазнаёміцца”. Яна прайшла ўжо ў вёсках Падольцы, Ліпкі, Шадзюны і Стрыпуны.
Яшчэ адна навіна ад Вольгі Заянчкоўскай. Адбылося чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”. На гэты раз для сустрэчы была асаблівая нагода: сябры аб’яднання Капіталіна Пятроўская і Людміла Кухарэвіч святкавалі дзень народзінаў. Абедзве жанчыны пішуць прачулыя вершы. Гэткімі ж прачулымі былі і віншаванні ад калег.
22 лістапада ў Шчучынскай дзіцячай бібліятэцы інфарм-рэліз “Права маленькага грамадзяніна” пазнаёміў чытачоў з дакументамі, дзе прапісаны правы ўсіх дзяцей. На прыкладах літаратурных герояў дзеці вызначалі, якія канкрэтна правы былі парушаны ці абаронены. Ішла гаворка і пра дзіцячыя абавязкі. Напісала пра гэта бібліятэкар Ганна Карповіч.
І завяршае нашу сённяшнюю падборку ліст ад Тамары Круталевіч, загадчыка аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Менавіта спадарыня Круталевіч прыдумала патрыятычныя суботы. Адна з іх называлася “Гонар маем лічыцца землякамі”. Супрацоўнікі ўстановы “намалявалі” партрэт акадэміка Мікалая Барысевіча — ураджэнца вёскі Лучны Мост, партызана і франтавіка, фізіка, Героя Сацыялістычнай працы, кіраўніка Акадэміі навук БССР, жыццё якога павінна стаць прыкладам для сённяшняй моладзі.
Пішыце пра цікавае!
Сустрэнемся праз тыдзень.