Прагадаў той, хто спрабаваў купіць білет на спектакль у дзень яго паказу. Квіткі на любімую многімі гледачамі пастаноўку былі раскуплены яшчэ за некалькі дзён — у зале аншлаг.
П’есу Аляксея Дударава “Вечар” на сцэне драмтэатра ў Маладзечне мала паглядзець адзін раз. Яе адкрываеш для сябе зноў і зноў. І паплачаш, і пасмяешся, і ўспомніш сваё дзяцінства, калі ўсё лета бавіў час у бабулі з дзядулем у вёсцы (шчаслівая пара!), і спраецыруеш дзеянне на сцэне на ўзаемаадносіны ў сям’і, са сваімі дзецьмі. На кожным этапе жыцця свае клопаты, свае перажыванні...
Здаецца, гісторыя п’есы простая. У апусцелай вёсцы засталіся трое адзінокіх старых — Ганна, Мікіта і Васіль. Яны сварацца, мірацца, спрабуюць дамовіцца і наладзіць адносіны... Нялёгкі лёс кожнага з іх склаўся па-рознаму, неадназначна і няпроста. У вечар свайго жыцця пажылыя людзі задаюць сабе вечныя пытанні: навошта, для чаго жылі, што магло б быць, калі... І кожную хвіліну чакаюць навін ад дзяцей, тужліва глядзяць у даль з надзеяй убачыць сілуэт роднага і любімага чалавека.
Гадоў пятнаццаць таму, калі ўпершыню ўбачыла майстэрства артыстаў спектакля “Вечар” на сцэне МАДТ, цяжка было паверыць, што яны амаль у два з паловай разы маладзейшыя за Ганну, Мікіту, Васіля. І справа не толькі ў прафесійным грыме. Да таленавітай ігры артыстаў далучаюцца і працы мастака па касцюмах Таццяны Дзямідавай, мастака-пастаноўшчыка Максіма Дударава. Здаецца, усё проста, але ад убачанага чамусьці перахоплівае дыханне. Па ўсім відаць, што рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Мазынскі падчас рэпетыцый пабудаваў дыялог з акцёрамі так, што яны не іграюць — адведзены на спектакль час яны пражываюць. На жаль, ужо няма сярод нас кампазітара Алега Залётнева. Але памяць пра яго жыве ў музыцы, якая гучыць у спектаклі.
Час няўмольна бяжыць. А гук апладысментаў удзячных гледачоў застаецца нязменным. Няхай жа не сціхае ён у адрас творчага акцёрскага складу Рахмангулава-Чэчанеў-Багушэвіч яшчэ гадоў дваццаць. І гэта як мінімум.
Таццяна КНЯЗЕВА