“Я памятаю часы, калі школа размяшчалася яшчэ ў драўляным будынку, — распавядае Алена Міралевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. — Тады тут былі толькі музычнае і харавое аддзяленні. Выкладчыкаў у новую школу запрашалі з вядомага сваім узроўнем падрыхтоўкі маладзечанскага музычнага вучылішча. Потым школа пераехала ў падвальныя памяшканні гарадской бібліятэкі, але і там месца ўсё роўна не хапала. І ў 2001 годзе нам перадалі цяперашні будынак. Зараз тут паўнавартасная школа мастацтваў, бо акрамя музычнага аддзялення тут ёсць яшчэ аддзяленні жывапісу і харэаграфіі. Апошні напрамак выкладае таленавіты педагог Алена Бабашава, рэжысёр па першай адукацыі, што дазваляе ёй таленавіта ставіць сур’ёзныя танцы. Таксама яна часткова вядзе заняткі ў студыі развіцця для малечы “Смайлікі”, з дапамогай якой школа зарабляе пазабюджэтныя сродкі. А ў гэтым годзе ў нас адкрыюцца яшчэ і падрыхтоўчыя класы для малышоў па маляванні “Акварэлька”.
Акрамя гэтага школа зарабляе пазабюджэтныя сродкі канцэртамі. Нашы традыцыйныя мерапрыемствы гэта “Снежная мелодыя” ў канцы зімы, справаздачны канцэрт дзяцей у канцы мая і выступленні ансамбля педагогаў “Арт-нюанс”. Дарэчы, ён нядаўна абараняўся на званне народнага, і мы вельмі спадзяемся, што нам прысвояць яго.
Канцэрты гэта яшчэ і спосаб зацікавіць новых дзяцей вучыцца граць на музычных інструментах.
Зараз гарадскую школу мастацтваў наведваюць 326 вучняў, і філіял у вёсцы Паплавы — яшчэ 47. Нашы педагогі зацікаўлены набіраць вялікую колькасць дзяцей, бо ад гэтага залежыць іх зарплата. Мы даем магчымасць настаўнікам браць вучняў на паўтары і нават дзве стаўкі. Таму заробак у нашай школе вышэй, чым у сярэднім па галіне культуры ў раёне.
У нашай школе дзеці ўжо восем гадоў могуць навучыцца граць нават на барабанах. Вельмі таленавітая дзяўчынка, якая вучыцца валодаць імі, Ефрасіння Цыркуновіч. Бацькі адразу купілі ёй устаноўку. Уяўляю, які ў іх дома шум! А яе старэйшая сястра Ева, наша выпускніца, вучылася іграць на фартэпіяна. Бацькам юных музыкаў, вядома, пажадана адразу купіць дзецям інструмент. Піяніна можа быць і электронным, гітара таксама цяпер даступная. А вось новыя акардэоны і баяны сёння каштуюць каля 2000 рублёў.
Наша школа ў дастатковай меры абсталявана музычнымі інструментамі. У мінулым годзе мы купілі і ксілафон, які праходзяць у школе па праграме, і дзеці ўжо граюць на ім.
У 2019 годзе за бюджэтныя сродкі ў фае першага паверха і ў актавай зале быў праведзены рамонт. Заменены вокны на двух паверхах. Асноўная праблема школы ў тым, што мы знаходзімся на ўскраіне горада. Але паступова і гэты квартал асвойваецца, тут нядаўна здалі ў эксплуатацыю пяціпавярховы дом.
У апошнія гады ідзе папаўненне маладымі спецыялістамі, толькі сёлета іх прыехала сем чалавек. Але большасць з іх у Беразіно, на жаль, не затрымліваецца. Адыгрывае ролю фактар, што яны не маюць свайго жытла, а можа, кагосьці не зусім задавальняе і тое, што наш горад хоць і побач, але знаходзіцца на пэўнай адлегласці ад сталіцы. З іншага боку не магу не сказаць пра тое, што наш мясцовы былы малады спецыяліст гітарыстка Настасся Барысёнак застаецца працаваць менавіта тут”.
Пакуль мы размаўлялі з Аленай Міхайлаўнай, школа паступова напаўнялася гукамі. Прыходзілі настаўнікі разыгрывацца перад сустрэчай з вучнямі. Як жа я быў рады, калі ў дзвярах настаўніцкай з’явіўся мой рэпетытар Іван Надумовіч! У Беразіно яго ведаюць як майстра гітары. Але я нават не мог уявіць, што першапачаткова ён вучыўся валодаць баянам. Іван Іванавіч распавёў, што пасля заканчэння бярэзінскай музычнай школы і мінскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці харавое дырыжыраванне ён, пасля непрацяглых курсаў гітары, завочна скончыў мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі па класе гэтага інструмента, адначасова працуючы ў бярэзінскай музычнай школе. Што і казаць, чалавек з дзяцінства валодаў музычным слыхам, разумеў музыку. Іван Іванавіч служыць сваёй прафесіі вось ужо 43 гады.
У гэтым годзе ў яго абнавіўся склад вучняў, прыйшлі 4 першаклашкі. Сем чалавек выпусціліся, сярод іх былі і вельмі здольныя. Адна з яго даўніх выпускніц Святлана Вітушка цяпер кампазітар і выкладчык музыкі ў 12-й мінскай гімназіі.
“Сёння дзеці сталі вельмі ранімыя, могуць заплакаць падчас урока, калі ў іх нешта не атрымліваецца, — кажа Іван Надумовіч. - Таму трэба быць трохі псіхолагам, знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Галоўнае, каб дзеці не кідалі займацца музыкай, бо нават калі і няма асаблівых здольнасцяў, але ёсць старанне, чалавек будзе граць. Цяпер набіраюць дзяцей у музычную школу больш малодшых, чым раней.
Так, гітара вельмі папулярны інструмент, але ж за некалькі ўрокаў добраму валоданню не навучышся. Таму дзецям патрэбна падтрымка бацькоў, добры педагог. І нават калі ў дарослым узросце закінуць інструмент, выдаткаваны час не пройдзе дарма. Чалавек, у якога развівалася пачуццё прыгожага, як правіла, мае добры позірк на гэты свет.
Калі мой вучань асабліва таленавіты, удзельнічае ў конкурсах і ў яго ёсць жаданне, я накіроўваю яго на кансультацыі ў мінскі каледж мастацтваў да педагога Мікалая Трусава, які шырока супрацоўнічае з нашай школай. А юным музыкантам я б параіў не кідаць інструмент, асабліва калі здаецца, што прайшла іскра любові да музыкі. Бо музыка заўсёды вяртаецца”.
Падзякаваўшы Івану Іванавічу, вяртаюся ў настаўніцкую, каб пазнаёміцца з маладым спецыялістам Ангелінай Трыпута. Дзяўчына працуе ў Бярэзінскай школе мастацтваў са жніўня, але ёй ужо даручылі заняткі з 14 дзецьмі. Ангеліна Дзмітрыеўна — мінчанка, скончыла гімназію №15, затым мінскі каледж мастацтваў. Акрамя таго, у агульнай складанасці 12 гадоў наведвала студыю па эстрадным вакале. Ангеліна — прызёр шматлікіх конкурсаў, у тым ліку міжнародных. Цяпер жа ёй самой выпала рыхтаваць будучых зорачак. Працу ў правінцыі дзяўчына ўспрымае добра, бо хоча набрацца вопыту і пасталець на новым месцы.
Сярод работнікаў школы мне параілі пазнаёміцца з Генадзем Дайнекам. Чытач, вядома ж, ведае яго малодшага брата Валерыя, музыку гурта “Песняры”. Генадзь Сяргеевіч з братам па прыкладзе бацькі прысвяціў жыццё музыцы. Скончыўшы Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, Генадзь Дайнека сем гадоў працаваў выканаўцам у цырку. А пасля адной з паездак у Адэсу уладкаваўся на чарнаморскі флот, стварыў свой аркестр, і ў розных круізах здзіўляў майстэрствам замежных пасажыраў. Па словах Генадзя Дайнекі, ён пабываў амаль ва ўсіх партах свету, нават на Антарктыдзе бываў 7 сезонаў. А пасля пенсіі пасяліўся на малой радзіме, Бярэзіншчыне, у вёсцы з файнай назвай — Божына. І каб не сумаваць і заставацца з любімай справай, уладкаваўся канцэртмайстрам у школу мастацтваў. Музыка кажа, што калектыў тут цудоўны, і працаваць з дзецьмі яму падабаецца.
На развітанне са школай я папрасіў свайго былога настаўніка Івана Надумовіча сыграць мне што-небудзь. Ён выканаў раманс Гомеса, адзін з першых твораў, які я ў свой час асвоіў. Было прыемна наведаць бярэзінскую дзіцячую школу мастацтваў, усведамляючы, што наступныя пакаленні таксама будуць вучыцца тут творчасці.