Я так і раблю ўсё жыццё. Без грыбоў не застаюся. Як і мае сыны. А лясны досвед і ў горадзе патрэбны. Неяк спяшаліся, прыпаркавалі легкавік невядома дзе, потым шукалі доўга. Прыйшлося ўключыць палешука. Інстынкт хуценька вывеў да аўто. Метафізіка?.. Мо і так. Урэшце, калі сутыкаемся з нечаканасцю, часам кажам: “Нешта ў лесе здарылася”. І гэта не проста словы.
Штосьці я пра грыбное шчасце не пісаў. Выпраўляю сітуацыю. Мы ў грыбы з кошыкамі, а вясковы дзядзька Ілля — заўжды на калёсах. Маўляў, буду я вам на дробязі разменьвацца. Падаецца, конь Васька сам ужо цудоўна ведаў, дзе жывуць баравікі. Вось аднойчы і прывезлі грыб, шляпка была памерам з саламяны брыль. “Цар-грыб, — сказаў дзядзька. — Усім нам на шчасце!” Ён свайго не дачакаўся. Чакаю за яго я.
Мы шмат пісалі пра грыбныя акцыі. І ў клубах, і ў бібліятэках. Чарговая — з аддзела метадычнай работы Свіслацкага раёна. 12 верасня ў аграгарадку Новы Двор прайшло свята грыбоў. Вы частаваліся грыбным супам, прыгатаваным на вогнішчы? Майце на ўвазе, што на Свіслаччыне такім пастаянна частуюць, і ніхто ад пахучай смакаты не адмаўляецца. Аднак на мінулым свяце не толькі елі, але і фотавыставу разглядалі, канцэрт глядзелі ды слухалі. Выступіў вакальны гурт “Спадчына” Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы, а таксама артысты раённага цэнтра культуры. “А ў Навадворскім сельскім клубе, — напісала загадчык аддзела метадычнай работы Таццяна Вярбіцкая, — у рамках свята адкрыўся музейны пакой “Рамёствы і народная творчасць”. Адна з яго экспазіцый прысвечана народнаму майстру Беларусі Ніне Боцвіч”. Таццяна Вярбіцкая, да слова, таксама адкрыла сёлета свой баравіковы рахунак: прынесла з лесу амаль два дзясяткі белых. І гэта не лічачы лісічак, курачак ды сінякоў з абабкамі. Пра грыбы я гатовы бясконца. Але ёсць і іншыя неадкладныя тэмы.
Асобная гаворка — пра бібліяночы. У грыбоў храм — лес, у кніг — бібліятэка. Гэта словы Вольгі Заянчкоўскай — бібліятэкара па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі. Спадарыня Вольга паведаміла пра акцыю “Бібліятэка — тэрыторыя без межаў: “Нават пра дзіцячых чытачоў падумалі. Для чытачак была падрыхтавана незвычайная фотазона. Кожная наведвальніца бібліятэкі магла перанесціся ў сярэднія вякі, адчуць сябе гераіняй іншай эпохі. Дэкарацыі зрабіў бібліятэчны мастак.”
Гелена Гардзей, загадчык аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача Ашмянскай раённай бібліятэкі, распавядае: “Наша бібліяноч называлася “Магія кніг”. Для дзяцей падрыхтавалі тэатралізаваную праграму “Чароўная феерыя”. Дзею аформілі ў стылі фэнтэзі. Для самых маленькіх працаваў “Мультсалон”.
Надзвычай крэатыўнае мерапрыемства прайшло ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Тут падвялі вынікі раённага конкурсу “Бібліятэку сваю намалюю”. Сапернічалі 83 чытачы (ад 6 да 15 гадоў) з 16 устаноў. У сацыяльных сетках правялі галасаванне. Лепшымі ў трох узроставых групах прызнаны чытачы: са Столінскай раённай дзіцячай бібліятэкі — Жэня Ляшкевіч, з Альшанскай сельскай — Алена Кажаноўская, з Гараднянскай СБ — Ліза Ласіцкая. Пра гэта напісала метадыст Столінскай райбібліятэкі Ірына Грэчка.
У Шчучынскай дзіцячай бібліятэцы не ноч была, а бібліязмярканні. Вось што напісала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Красінская: “Мерапрыемства называлася “Кніга — шлях да зорак”. Пастараліся зрабіць для дзяцей казку. Да слова, чытачы, што мелі запазычанасць па бібліятэчных кнігах, мелі магчымасць вярнуць затрыманыя звыш тэрміну выданні”.
А ў Шчучынскай раённай бібліятэцы, па словах бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірыны Гудач, прайшоў бібліядзень “Нам з кнігай прызначана сустрэча”. Акцэнт быў зроблены на падрабязным аналізе сёлетніх кніжных навінак.
Аналагічныя інфармацыі прыйшлі з Ваўкавыскай, Жабінкаўскай, Слонімскай раённых бібліятэк і Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі. Дай Бог, каб нешта падобнае на бібліяноч адбывалася ў бібліятэках хаця б раз у месяц. Тады, напэўна, і з колькасцю чытачоў асаблівых праблем не будзе.
Фальклорны гурт з Граўжышак (Ашмяншчына) стаў пераможцам абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Вацлаў Сідаровіч, Эдвард Булкевіч, Аляксандр Пашкоўскі, Ірына Асмольская і Канстанцін Яраш выканалі дзве песні: “У зялёным, у гаёчку” і “Граўжанская весялуха”.
Працягваем гаворку пра культурнае жыццё Ашмяншчыны. У аграгарадку Кракоўка клубнікі, бібліятэкары і супрацоўнікі музея імя Францішка Багушэвіча арганізавалі музычна-паэтычны нон-стоп “Родны мой горад — зямля мая”.
Яшчэ адна навіна з Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі. У рамках штогадовай акцыі “Дні еўрапейскай спадчыны” тут адбылася вандроўка ў гісторыю “Спадчына малой радзімы”. Краязнаўчая выстава знаёміла з гісторыяй архітэктурных помнікаў: царквы імя Святога вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага (1866), касцёл Святога Антонія Падуанскага (1851 — 1863), сядзібна-паркавы ансамбль Ваўкавіцкіх (1795), маёнтак Бераствіца Муравана (1750) і іншыя.
І на фінішы агляду — навіна пра цікавую знаходку ў Гальшанскім замку. Як піша Аліна Санюк, падчас кансервацыйных і супрацьаварыйных работ на паўночна-ўсходнім корпусе замка знойдзены фрагменты арыгінальнай пліткі XVII стагоддзя. Менавіта на гэты перыяд прыпадае будаўніцтва на іншых землях рэзідэнцый роду Сапегаў. Разам з фрагментамі пліткі выкапаны і элементы цэглы-пальчаткі. Такім чынам, унікальны замак пакрысе выдае свае ўнікальныя сакрэты.
Як казалі героі “Пінскай шляхты”: бывайце здаровы, як рыжык баровы!
Сустрэнемся праз тыдзень.