Фестываль атрымаўся. Амаль тыднёвая праграма ўключала не толькі дарослыя, але і дзіцячыя паказы, а таксама майстар-класы. Ці былі ў гэтым сумневы. Па шчырасці, так. Міжнародны фармат фэсту забяспечваў хіба адзін госць, які прарваўся ажно з Лівану, а таксама трансляцыі аўстрыйскіх спектакляў. Ды і беларуская праграма была прадстаўленая куды больш сціпла, ніж раней.
Але ж гэтая акалічнасць адлюстроўвае хутчэй час, чым творчы патэнцыял. Такія раскошныя пастаноўкі, як пазалеташні Exit Сяргея Паяркава — мультымедыйнае шоу з сотняй удзельнікаў, якое адбывалася ў вялізным завадскім ангары — маглі б скласці гонар любому фэсту. Але час цяпер зусім неспрыяльны для буйных і затратных тэатральных праектаў: каб сяк-так акупіцца, ім трэба збіраць натоўпы гледачоў, што ў кавідную пару амаль нерэальна.
Вось і традыцыйны хэдлайнер фэсту, пластычны тэатр InZhest, прапанаваў куды больш сціплую, чым бывала раней, пастаноўку. Калі звычайна іх перформансы з серыі “Х-традыцыя” з’яўляюцца site-specific (акцёры засвойваюць пэўнае адмысловае месца, і “танчаць” ужо ад яго), гэтым разам дзея атрымалася time-specific — залежнай ад часу. На пачатку з нагоды юбілею лідара тэатра Вячаслава Іназемцава планавалася куды больш маштабная і відовішчная дзея, але тыя планы давялося адкласці на далёкую будучыню.
А паколькі пляцоўка на пэўную дату была ўжо зарэзерваваная, імпрэзу вырашылі не адмяняць. Так з’явіўся досыць камерны (па маштабах “ІнЖэста”) і медытатыўны перформанс “Да дна нараджэння”. За год гэтая дзея прайшла абкатку ды пераўтварылася ў паўнавартасны спектакль, які адбываецца адразу ў дзвюх плоскасцях — гарызантальнай і вертыкальнай (дзякуючы выкшталцонаму акрабатычнаму майстэрству Дзмітрыя Скачкова). Герой нібы пагружаецца дагары нагамі на марское дно, дзе бруіць нейкая дзіўная форма жыцця, якая часам набывае антрапаморфныя рысы. У спектаклі досыць цяжка знайсці канфлікт, там наўмысна няма структуры… Мала руху, і часта ён запаволены. Але ўсё гэта спараджае папраўдзе гіпнатычнае ўздзеянне на гледача. Нібы цябе самога акунаюць у тое асяроддзе, якое ствараюць акцёры.
Калі гэтая пастаноўка была названая камернай, дык тры астатнія беларускія — і пагатоў. Амаль усе астатнія ўдзельнікі, па сутнасці, задаволіліся фарматам “акцёр на пустой сцэне”. Плюс гукавое аздабленне (часам вельмі ўдалае, як у выпадку са спектаклем SomeBody`s Home Яўгеніі Нікалайчук), нейкія мінімальныя дэкарацыі і часам праекцыя. І ўсё гэта не “ад беднасці”… За спінай у акцёраў была цёмная і пустая глядзельная зала Палаца чыгуначнікаў (і публіка, і гледачы размясціліся на сцэне). Нават няўцям, чаму ніхто гэтай прасторавай асаблівасцю не скарыстаўся, не абыграў яе драматургічна — як гэта калісьці бліскуча зрабіў усё той жа Іназемцаў.
Такая наўмысная мінімалізацыя сродкаў выяўлення значна ўскладняла задачу стваральнікаў спектакляў. Пры ўсёй рознасці беларускіх удзельнікаў, я б акрэсліў яе агулам — з дапамогай адных целаў выявіць складаныя душэўныя калізіі. Прыкладам, спектакль тэатра Quadro так і называўся — “Душа”.
Душа ў кожнага свая, а вось ход мыслення... Таму харэаграфічная лексіка часам паўтаралася, і танцоры раптоўна пераходзілі на бег адразу ў двух спектаклях з трох — увасабляючы ці то даведзеныя да шалу ўнутраныя эмоцыі, ці то механістычнасць чалавечых стасункаў. Зразумела, інтэрпрэтацыя тут суб’ектыўная, ды і наўрад ці яна заўсёды патрэбная.
З такім герметычным падыходам выразна кантраставала дзея ліванца BassamAbouDiab. Ён абраў метад дыялогу з публікай у форме стэндапу. Пры гэтым, не зашыфроўваючы “мэсэдж”, але прамаўляючы яго наўпрост. Пастаноўка “Пад плоццю” адлюстроўвае асабісты досвед стваральніка, які за свій не надта пакуль доўгі век паспеў перажыць мноства войнаў. Танец для яго мае практычную карысць — гэта спосаб уратавацца ад бомбы. Рух пачынаецца з інстынктыўнай спробы ўхіліцца — і пераўтвараецца ў зухаватыя скокі. У гэты момант ты не ведаеш, што табе рабіць: плакаць або ў такт пляскаць у ладкі. Гэты кранальны спектакль, поўны чорнага гумару ды з’едлівай сатыры, і сапраўды “парваў” залу.
На тле спектакляў з іх адрэпетаванымі і выверанымі рухамі досыць выгодна глядзелася перфарматыўная імправізацыя. І перадусім па прычыне сваёй спантаннасці, незавучанасці, натуральнасці. Фэст прапанаваў досыць новы і рызыкоўны фармат такіх дзеяў — хараэграфічны батл. Падзяліўшыся на дзве каманды, яго ўдзельнікі навыперадкі выконвалі досыць вынаходлівыя і вычварныя заданні вядоўцаў — у якасці натхнення прапаноўвалася музыка, рэчы, кіно, літаратура… Пры гэтым танцоры старанна ўдавалі той напал жарсцяў, якія ўласцівы хутчэй рэп-батлам.
Здавалася б, такі фармат занадта легкадумны, каб з гэтага нешта магло атрымацца. Ды і наогул ён нагадвае студэнцкія экзерсісы кшталту “станцуй крэсла”. Тым не менш скепсіс быў неапраўданы. Як выявілася, дай целу волю — і яно само будзе ствараць сваю мову ды наўпрост, амаль мінаючы галаву, выказвацца на самыя розныя тэмы. Асабліва калі гэтае цела непарыўна спалучанае з глыбокай і чулай душою.
А яшчэ фэст меў такі важны атрыбут, як цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Вядома, без дывановай дарожкі ды іншага пафасу. Быў хіба што звычайны дыван, на які ўдзельнікі харэаграфічнага перформансу палявалі з пластмасавымі выбівалкамі.
Кароткія прамовы арганізатараў былі ўплеценыя ў пластычныя імправізацыі групы Structurers пад гукі Minsk Improvisers Orchestra. Калі ўсе паверхі фае Палаца культуры чыгуначнікаў запоўнілі вычварныя постаці, якія літаральна расцякаліся па паверхнях пад шалёныя гукі тузіна самых розных інструментаў, стала адразу зразумела: творчае свята атрымалася.
І хаця галоўныя арганізатары Марыя Фаменка і Іна Асламава запэўнілі, што яно ладзіцца ў апошні раз, хочацца верыць: яны перадумаюць. Такі форум, безумоўна, патрэбны: прычым не толькі самім удзельнікам, але і публіцы. Яе амаль заўсёды набівалася поўная зала.