Як у Заходняй Беларусі сустракалі савецкіх салдатаў? Менавіта гэтаму сюжэту прысвечана карціна беларускага мастака Монаса Ісакавіча Манасзона. Мастак быў сведкам вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе і ў сваёй працы паспрабаваў адлюстраваць тое, што бачыў сваімі вачыма, — сустрэчу танкістаў на вуліцах Беластока.
Палатно створана па метадзе сацыялістычнага рэалізму і ўвасабляе сабой асноўныя прынцыпы гэтага напрамку — сюжэт даступны для разумення кожнаму чалавеку.
На палатне адлюстраваны момант, калі праз ранішнюю смугу праходзіць танк, — так ствараецца цэнтр кампазіцыі, яе асноўны пункт. Гэты цэнтр прыцягвае да сябе розных людзей, якія не хаваюць сваёй узрушанай цікавасці да тагачасных падзей. Дэталёва створаны сюжэт, амаль што “жывая”перадача подыху таго часу адлюстроўваюць майстэрства маладога мастака, а таксама ўменне данесці да гледача патрэбную эмоцыю. Як бы там ні было, але ўвасобленая ў фарбе падзея — уваход савецкіх танкістаў у Заходнюю Беларусь — дазволіла нашаму народу канчаткова атрымаць адзінства, жыць у адзінай краіне, выбудоўваць сваю будучыню.
— Дадзеная экспазіцыя — не першая выстава Нацыянальнага мастацкага музея, прысвечаная 17 верасня, — падкрэслівае Вольга Архіпава, куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. — У 2009 годзе быў арганізаваны буйны праект, звязаны з сямідзесяцігоддзем аб’яднання заходняй і ўсходняй частак Беларусі. У праекце бралі ўдзел шмат якія музеі, уключаючы музей Літвы, бо ў Вільнюсе жылі і вучыліся беларускія мастакі таго часу. Сёлета на выставе, апроч карціны Монаса Манасзона, пададзены таксама дзве маляўнічыя працы Фёдара Мадорава: «Піянеры вітаюць народны сход у Заходняй Беларусі» і “Народны сход у Заходняй Беларусі”. Гэтак жа на нашым сайце змешчана віртуальная выстава “Заходняя Беларусь у мастацтве”, даступная да прагляду.
Цэнтрам навукі і культуры ў Заходняй Беларусі быў горад Вільня (сучасны Вільнюс). Найболей вядомыя мастакі Заходняй Беларусі: Язэп Драздовіч, Пётра Сергіевіч, Міхаіл Сеўрук, Павел Южык, Бер Залкінд, Сяргей Вішнеўскі і Зміцер Крачкоўскі. Усе яны былі злучаны з Віленскай мастацкай школай, якая прынесла ў іх мастацтва акадэмічнасць і рысы неарэалістычнасці. Мастакі, якія сфармаваліся ў беларускім асяроддзі, афарбавалі свае творы традыцыйнымі матывамі. Яны адрозніваліся індывідуальным поглядам на свет, разуменнем прыроды і чалавека. Віртуальная галерэя палотнаў “Заходняя Беларусь у мастацтве”, створаная Нацыянальным мастацкім музеем, дакладна перадае атмасферу таго часу, таму што творчасць заходнебеларускіх мастакоў адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі развіцця рэалістычнага мастацтва 1920–1930-х гадоў. Зразумець асаблівасці адчування прыгожага можна анлайн на афіцыйным сайце музея.
Не прайшла міма Дня народнага адзінства і Нацыянальная бібліятэка. З 20 жніўня па 20 верасня ў зале прававой інфармацыі працуе тэматычная выстава “17 верасня 1939 года ў лёсе беларускага народа”.
Нацыянальная бібліятэка дае наведвальнікам выставы магчымасць прасачыць ход падзей, звязаных з аб’яднаннем заходняй і ўсходняй частак краіны. Агляд і вывучэнне прадстаўленых кніг, аўтарэфератаў, дысертацый, прысвечаных гэтай тэме, дапаможа сучаснаму беларусу ўзнавіць у сваім уяўленні карціну мінулага, асэнсаваць падзеі, зразумець умовы і вынікі, зрабіць пэўныя высновы. Каб ажыццявіць гэты ўмоўны зварот да мінулага, можна выкарыстаць “машыну часу” — сапраўдныя дакументы, якіх у экспазіцыі налічваецца больш за трыццаць.
Выстава мае тэматычныя раздзелы: аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР — этап на шляху рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі; значэнне акта ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР для развіцця беларускай дзяржаўнасці; міжнародныя адносіны ў прызме падзей 17 верасня 1939 года; 17 верасня ў гісторыі краіны: дакументы, матэрыялы.
Экспазіцыя разлічана на шырокае кола навуковых супрацоўнікаў — юрыстаў, гісторыкаў, палітолагаў, а таксама выкладчыкаў, студэнтаў, краязнаўцаў і ўсіх, каго цікавіць гісторыя Радзімы.
Са спісам літаратуры, якая ўвайшла ў кніжную выставу, можна азнаёміцца на афіцыйным сайце бібліятэкі, але яшчэ лепш прыйсці і пабачыць усё сваімі вачыма.
Ганна БАРАНОК