Праект “Су-Тварэнне” — гэта творчая тэатральная пляцоўка для дзяцей ад 4 да 10 гадоў, на якой удзельнікі змогуць паглядзець на казку як на творчы матэрыял для стварэння свайго тэатральнага свету. Дзіцячае мысленне: асаблівае і непаўторнае адчуванне рэальнасці, вера ў прапанаваныя абставіны і непасрэднасць у поглядзе на звыклыя і нецікавыя для дарослых рэчы — галоўная каштоўнасць для стваральнікаў праекта. “Су-Тварэнне” — гэта працэс, у якім ніхто нікога не вучыць, не выпраўляе, а ўзаемазахапляецца, дзеліцца вопытам, слухае адно аднаго і спрабуе думаць вольна і бязмежна.
Першым этапам праекта стане шэраг сустрэч, якія правядуць актрыса РТБД Анастасія Баброва, рэжысёр Яўгенія Давідзенка і мастак Алена Ігруша, дзе праз гульні, размовы і імправізацыю дзеці пазнаёмяцца са светам тэатра знутры. Апынуўшыся ў ролях практыкаў тэатра: мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, — удзельнікі на працягу восені ўвасобяць фрагменты казкі і створаць свае вобразы да будучай сцэнаграфіі спектакля.
Аўтар ідэі — мастак Алена Ігруша: “Сіла дзіцячага малюнка ідзе ад непасрэднасці ўспрымання свету дзіцем, таму любы такі малюнак бездакорны і правільны. Большасць людзей разглядае малюнкі дзяцей паблажліва і нядбайна. Мы ж першапачаткова ставімся да маленькага чалавека як да аўтара. Гэта азначае немагчымасць “выправіць”, “зрабіць крыху лепш” або замяніць хоць які-небудзь элемент афармлення. Наша каманда жадае зразумець дзіця і пабудаваць масток паміж дарослай і дзіцячай культурай.”
12 верасня адбудзецца першая сустрэча, на якой маленькія творцы змогуць акунуцца ў неверагодныя прыгоды па таемнаму закуліссю тэатра, дзе кожны паспрабуе сябе ў ролях тых, хто стварае спектакль. Хуткімі крокамі ўдзельнікі пройдуць па ўсіх этапах працы над сваім маленькім прадстаўленнем: прыдумаюць унікальную гісторыю і яе герояў, самастойна нададуць імёны і характары персанажам, навучацца ў іх пераўвасабляцца. Створаць уласныя касцюмы, музыку да спектакля і нават дэкарацыі. Ужо ў канцы ўводнай сустрэчы бацькам будзе прапанавана паглядзець міні-спектакль, прыдуманы іх дзецьмі.
На працягу верасня і кастрычніка ўдзельнікі праекта будуць сустракацца ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, каб у атмасферы даверу і творчага пошуку даведацца пра дэталі тэатральнага працэсу, атрымаць вопыт працы з мастацкімі матэрыяламі і падзяліцца з дарослымі сваім непаўторным адчуваннем свету. Пасля гэтага этапу на аснове дзіцячых малюнкаў Алена Ігруша распрацуе сцэнаграфію да спектакля, які паставіць рэжысер Яўгенія Давідзенка з акцёрамі тэатра. У Міжнародны дзень аховы дзяцей — 1 чэрвеня 2022 года — удзельнікі праекта сустрэнуцца на прэм’еры пастаноўкі, сапраўднымі стваральнікамі якой яны стануць.
Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца дзеці ад 4 да 10 гадоў. Досвед і ўменні не маюць значэння. Удзел у праекце бясплатны.