Карацей, гаворка — пра пераемнасць традыцый. Між іншым, гэтая тэма — адна з галоўных пад рубрыкай “На людным месцы”. Сённяшні нумар не выключэнне. Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч піша пра тое, што Ганненскаму кірмашу споўнілася 300 гадоў, што ў брэндавым свяце бібліятэкары бяруць пастаянны ўдзел і кожны раз імкнуцца здзівіць удзельнікаў. “Мы арганізавалі падворак-інсталяцыю “Кніжная крама “Аракул” у стылі XVIII стагоддзя, — распавядае Вольга Камякевіч. — Паколькі сімвалам кірмашу з’яўляецца конь, то на кніжнай выставе можна было пазнаёміцца з малавядомымі фактамі пра гэту жывёліну. А яшчэ на свята прыехалі паэты-землякі”.
Аповед пра Ганненскі кірмаш дапаўняе намеснік дырэктара Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Мацвейчык: “У рамках конкурсу сельскагаспадарчых падворкаў “Местачковы фэст” прэзентаваліся мясцовыя легенды, абрады, песні і танцы, традыцыйная кухня. Разгарнуўся продаж рамесніцкіх вырабаў, аўтарамі якіх выступілі больш за 800 майстроў. Музей пад адкрытым небам “Скарбонка талентаў” дэманстраваў больш за сто экспанатаў, сабраных з кірмашоў, што адбываліся з 2001 года па 2019-ы. Асаблівы каларыт мела мерапрыемства “Легендарныя Эпохі”. На інтэрактыўных пляцоўках прайшлі інсцэніроўкі, рэканструкцыі, тэатралізацыі, звязаныя з часамі вікінгаў, рыцараў, шляхты”. Так што ў жылах нашых — і кроў вікінгаў з рыцарамі.
На Шчучыншчыне, аказваецца, ёсць Бабровая даліна. Пры яе наяўнасці цалкам натуральным падалося правядзенне Дня бабра. Старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч называе ўсё гэта канструктыўнай мясцовай ініцыятывай і ўсяляк яе падтрымлівае. Таму цалкам заканамерным стала і ўзнікненне аграсядзібы “Конны двор “Кенатаўр”. Яе гаспадыня Людміла Босак прапанавала сваіх “кентаўраў” на свята. “Бабры” не былі супраць. У лік вершнікаў трапіла не толькі дзятва. Дарослыя таксама былі шчаслівыя. Мужчыны адразу адчулі сябе вікінгамі. Кабеты ж стараліся справай пацвердзіць кулінарную спрактыкаванасць. А напрыканцы мерапрыемства ўсе разам варылі на вогнішчы кампот з садавіны.
Гаворка пра святы спрыяе святочнаму настрою. Таму працягнем. Метадысты са Свіслацкага раёна распавядаюць пра свята “Гумараць землякі”. Ахвотныя з усяго раёна паказвалі маналогі, мініяцюры, канцэртныя нумары, байкі прыпеўкі. Словам, таленавітых гумарыстаў было шмат. Суцэльны вір гульні ўтварыў вакол сябе народны тэатр-студыя “Карагод”.
А вось свята “Наш край — кветкавы рай” аграгарадка Мілевічы Мастоўскага раёна. Святу споўнілася пяць гадоў. Месца яго правядзення невыпадковае: ля кожнага дома — кветкавае мора. А ў той дзень кветкі былі паўсюль. Не толькі на кветніках, але і ў букетах, вазонах, на жывапісных карцінах, падушках і ручніках. Канцэртную праграму распачало дэфіле “Белы анёл” з удзелам прыгажунь розных узростаў.
Чарговае свята — “Калейдаскоп Дубненскага краю”. Гэта таксама Мастоўскі раён — аграгарадок Дубно. Гэта своеасаблівая салянка-зборная, і даволі “смачная”. Гаворка тут збольшага пра сям’ю. Прайшоў парад вазкоў для немаўлят. Выказалі ўдзячнасць бацькам самага малодшага жыхара вёскі — Цімафея Шапеля. З яго нараджэннем бацькі Аляксандр і Наталля Шапелі набылі для сваёй сям’і статус шматдзетнай. Падчас “Калейдаскопу…” вызначылі лепшыя кветнік і двор.
Духмяная выпечка, шмат музыкі і эмоцый… Гэта пра свята “Каравай у печы чакае сустрэчы”. Удалая не толькі назва, але і сама брэндавая акцыя. Лепшыя гаспадыні раёна другі год збіраюцца ў Крупаўскім доме культуры. Пірагі-караваі выпякаліся не толькі па розных рэцэптах, не толькі мелі самае рознае начынне: з лясных і садовых ягад, маку, сухой садавіны. Уся смаката яшчэ і па форме адрознівалася. І ў гэтым таксама — спрадвечная традыцыя, якую старанна зберагаюць ды развіваюць.
Цяпер — пра свята сыра. Мерапрыемства “Вясковы сыравар” некалькі гадоў ладзіцца ў Жупранах Ашмянскага раёна. Прадукцыю ўласнай вытворчасці прэзентавала Дзіяна Купрыянюк, якая супернічала з усім Ашмянскім сырзаводам. У выніку перамаглі літаральна ўсе ўдзельнікі свята, бо сыру хапіла для кожнага ахвотнага.
Дар’я Марцінкевіч — загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Яна напісала аб праекце, прысвечаным кастанайцу, лётчыку, двойчы Герою Савецкага Саюза Леаніду Бядзе. Праект аб’яднаў пяць краін — Казахстан, Расію, Беларусь, Польшчу і Германію. Асноўная задача праекта — усталяваць супрацоўніцтва паміж паселішчамі краін СНД і далёкага замежжа, пры вызваленні якіх былі здзейснены подзвігі з прысваеннем звання Героя Савецкага Саюза, кавалера трох ордэнаў Славы, і населенымі пунктамі, дзе нарадзіліся і выхоўваліся будучыя Героі…Міжнародную практычную анлайн-канферэнцыю “Леанід Бяда: жыццё, аддадзенае небу” арганізавала Кастанайская абласная ўніверсальная навуковая бібліятэка імя Льва Талстога (Казсахстан). У якасці спікера канферэнцыі выступіла Лідская бібліятэка.
У Воранаўскай раённай бібліятэцы і ў філіяле Радунская гарпасялковая бібліятэка адбылася сустрэча з маладой пісьменніцай Воранаўшчыны Аленай Запаснік. Яна прэзентавала кнігу казак “Падарунак чараўніка”. Цудоўныя тэксты ды яшчэ з прыгожымі ілюстрацыямі прыйшліся маленькім чытачам даспадобы. Кожны захацеў мець аўтограф спадарыні Алены.
Лета запоўнілася чытачам Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі прыгодамі на краязнаўчым маршруце “Крочым родным краем, фарбы ўсе збіраем”. Маршрут жніўня быў прысвечаны 765-годдзю Свіслачы. Пра гэта напісала загадчык згаданай установы Тамара Яцэвіч.
І заканчвае сённяшні агляд Андрэй Струнчанка з “казачнай” навіной пра культурнае жыццё вёскі Мазалава Віцебскага раёна. У мясцовым сельскім доме культуры і бібліятэцы прайшла акцыя “У гасцях у казкі”, на якую запрашаліся дзеці з аздараўленчага летніка дзённага знаходжання мясцовай школы. Дзеці пазнаёміліся з кіраўніком дзіцячага аматарскага калектыву “Магія творчасці” Алай Антаненка і яе персанальнай выставай работ.
Сустрэнемся праз тыдзень!