Насамрэч у панядзелак 23 жніўня ў Мінску адкрыліся адразу дзве выставы Святланы Катковай — другая ў “Арт-фабрыцы”. Зоя Луцэвіч — дачка Святланы Катковай і таксама вядомая беларуская мастачка — арганізавала ў крэатыўным памяшканні “Арт-фабрыкі”, што месціцца ў самым цэнтры Мінска паблізу Чырвонага касцёла, і сваю персанальную выставу, якую прысвяціла памяці маці, стварыўшы з яе твораў асобную экспазіцыю. Калі ў Мастацкім музеі ўсё больш цырымонна і вытрымана — карціны развешаны ўздоўж прасторнай галерэі над параднай лесвіцай, адабраны па пэўнай логіцы сярод лепшых і значных работ як з фондаў самога музея, так і з сямейнай калекцыі, размеркаваны па сценах у нейкім вызначаным парадку, — то ў не такім вялікім памяшканні “Арт-фабрыкі”, дзе жывапісныя і акварэльныя работы Святланы Катковай (і многія менавіта з кветкамі!) існуюць вельмі блізка адна да адной і да гледача, ты трапляеш быццам у эпіцэнтр выбуху колераў і прыгажосці зямнога жыцця, у якім існуе такі цуд, як кветкі.
Але, канешне, творчасць Катковай не зводзіцца толькі да кветак, ды і кветкі яе не такія простыя — праз няўлоўныя з першага погляду дэталі ты пачынаеш глядзець на свет вачыма мастачкі. А свет гэты і дзіўны, і таемны, і нейкі асобны ад усіх. Да такіх карцін вельмі хочацца падбіраць радкі вялікіх паэтаў не са спісу школьнай праграмы.
Выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі называецца “Святлана Каткова. Рэтраспекцыя”, на ёй прадстаўлена каля паўсотні работ. І не толькі жывапісных ці акварэльных — Святлана Каткова і графік, і прызнаны кераміст: убачыць можна дэкаратыўныя фарфоравыя талеркі, распісаныя вітражнымі фарбамі ці кобальтам, вазы, распісаныя солямі, іншае. Але, канешне, вочы адразу выхопліваюць яскравыя жывапісныя і акварэльныя карціны. Там і “Палявыя кветкі” 1974 года з фонду Нацыянальнага мастацкага музея, і больш новае вялікае і па-дзіцячаму радаснае “Лета” 2000 года. І карціна, напісаная ў апошні год жыцця, — “Светлы дзень”. Там і вялікія тэатралізаваныя акварэлі, у якіх праз стрыманасць прабіваецца сапраўдны агонь. І таямнічыя сады з катамі і птушкамі, і жыццярадасныя нацюрморты… Увогуле гэта самы маштабны паказ работ мастачкі, які ахоплівае ўсе перыяды творчасці — ад 60-х гадоў да апошняга года жыцця. Экспазіцыю вельмі густоўна сабраў мастак Леанід Хобатаў, прадстаўнік Беларускага саюза мастакоў. Зоя Луцэвіч асабліва дзякуе Саюзу мастакоў, без якога гэтая выстава не змагла б адбыцца і атрымацца такой удалай. Сярод твораў Святланы Катковай можна ўбачыць і яе вялікі партрэт, напісаны Зояй Літвінавай, — ён у цэнтры галерэі, сустракае наведвальнікаў, што падымаюцца па прадстаўнічай лесвіцы.
У гэтай “Рэтраспекцыі”, канешне, немагчыма прадставіць усе лепшыя творы — увогуле работы Святланы Катковай захоўваюцца і ў Траццякоўскай галерэі, і ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, у музеях і прыватных калекцыях за межамі Беларусі. А многія славутыя работы — манументальныя — нават і знішчаны: вітражы, роспісы, унікальныя дэкаратыўныя пано. Адзіная работа Святланы Катковай як манументаліста, што захавалася да нашых дзён, — мемарыял “Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” ў вёсцы Чырвоны бераг: з пасляваенных дзіцячых малюнкаў яна зрабіла вітражы. Над гэтым праектам мастачка працавала разам са знакамітым архітэктарам Леанідам Левіным, які ў свой час быў вучнем яе бацькі — славутага беларускага мастака і педагога Сяргея Каткова. Менавіта за гэтую работу Святлана Каткова ў 2010 годзе атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Але да афіцыйных званняў і прызнанняў яна ніколі не імкнулася, і тое, што нячаста трапляла ў цэнтр увагі, мастачку ніколькі не хвалявала. І ў 70-я, і ў 80-я, будучы па месцы пражывання прадстаўніком савецкага мастацтва, яна працягвала маляваць кветкі — ці “кветачкі”, як сёй-той мог крыху паблажліва сказаць. У асяроддзі мастакоў ходзіць показка, якую я раскажу са слоў пісьменніка Уладзіміра Сцяпана. У даўнія часы па Рэспубліканскай выставе ў Палацы мастацтва маскоўскіх гасцей вадзіў адзін вядомы, з мноствам званняў беларускі жывапісец. Паказваў з гонарам свае работы — на вельмі сур’ёзныя тэмы. Раптам купка мастакоў з Масквы спынілася перад палатном Святланы Катковай, на якім былі кветкі! Усе заўсміхаліся, пачалі ўважліва разглядаць. Мастак жа, што вадзіў гасцей, усклікнуў: “Ды што тут глядзець — кветачкі! Ідзём далей”. І тут славуты мастак Барыс Забораў, што быў побач, заўважыў: “Дык і сланечнікі Ван Гога — кветачкі!”
На пачатку восені ёсць цудоўная магчымасць атрымаць двайную асалоду ад “кветачак” Святланы Катковай, на дзвюх выставах адначасова. Калі вы зойдзеце на “Арт-фабрыку”, вы ўбачыце і найяскравейшы збор твораў Зоі Луцэвіч, таксама ніяк не абдзелены колерамі. Выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі прадоўжыцца да 3 кастрычніка. На жаль, урачыстага адкрыцця музей не ладзіў, добрых слоў у адрас мастачкі там сказана не было. Але адкрыццё выставы ў “Арт-фабрыцы” сабрала вялікую колькасць прыхільнікаў творчасці і Святланы Катковай, і Зоі Луцэвіч, і Зоі Літвінавай. Гучалі гарачыя прамовы і словы ўдзячнасці тым, дзякуючы каму змаглі адбыцца гэтыя выставы — першыя пасля смерці мастака. Было і многа светлых усмешак, бо, знаходзячыся сярод такіх карцін, сумаваць вельмі складана.
Скончу словамі зноў жа Зоі Літвінавай: “Каткова заўсёды займала незалежную пазіцыю ў мастацтве, ігнаруючы нормы і так званы “сучасны авангардызм”. Афіцыйнае мастацтва яе не заўсёды разумела. Але, думаю, такое здаралася з мастакамі ва ўсе часы. Слабыя здаваліся — моцныя перамагалі. Гледзячы на гэтую выставу, скажу, што Святлана перамагла”.