Новае “…Паляванне караля Стаха”

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

У канцы гэтага сезона ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі павінна з’явіцца папраўдзе гістарычнае найменне — “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча. Опера Уладзіміра Солтана вернецца на сцэну ў варыянце не аднаўлення старога спектакля, а цалкам новай версіі, што закране нават музыку. Днямі на пасяджэнні мастацкага савета тэатра чальцы пастаноўчай каманды на чале з рэжысёрам Ганнай Маторнай выклалі сваю канцэпцыю будучай прэм’еры, пазнаёмілі з макетам і эскізамі касцюмаў.

Новае прачытанне, нават поўнае пераасэнсаванне ранейшых твораў — адзін з законаў існавання мастацтва. Менавіта такім чынам узнікае тое, што мы прылічваем да неўміручай класікі. Бо кожнае пакаленне знаходзіць у выкладзеных на паперы нотах-літарах штосьці вельмі актуальнае сёння і зараз, а часам і ўвогуле незаўважанае раней. Опера Уладзіміра Солтана на лібрэта Святланы Клімковіч стала жывой класікай яшчэ пры жыцці кампазітара, які трагічна загінуў у 1997-м. Пастаўленая ўвесну 1989 года, яна як нельга лепей адпавядала памкненням далейшай Незалежнай Беларусі і пратрымалася ў рэпертуары каля чвэрці стагоддзя, стаўшы адным з сімвалаў новай самастойнай краіны на карце сусвету. У такіх умовах міфалагізацыі не толькі твора, але і яго сцэнічнай версіі самым складаным, бадай, становіцца другі зварот да яго. Бо новая пастаноўка можа ці пракласці шлях да безлічы самых розных інтэрпрэтацый — ці, наадварот, перакрыць яго, канчаткова ідэалізаваўшы былы спектакль як адзіна магчымае “правільнае” прачытанне.

/i/content/pi/cult/836/17812/9_1.jpg

Таццяна Лісавенка і яе эскізы касцюмаў.

— Мы абралі варыянт, — распавяла Ганна Маторная, — скіраваны найперш на папулярызацыю беларускага мастацтва. Спектакль будзе вырашаны ў стылі гістарычнай рэканструкцыі ці “жывой” гісторыі. Але мы пачнем аднаўляць не тыя ці іншыя гістарычныя падзеі, гэта будзе гістарычная рэканструкцыя самога беларускага мастацтва. Іншымі словамі, наяўнасць ледзь не ўсіх стылёвых пластоў беларускай культуры ў адным тэатральным “флаконе”. Падставу для гэтага дае ўжо літаратурны першавыток, бо ў аповесці Караткевіча ёсць прыкметы і гатычнага рамана, і рамантычнай драмы, сумесь якіх стварае непаўторную атмасферу. Таму розныя крылы палаца Яноўскай, узведзеныя на сцэне, будуць мець рознае стылёвае вырашэнне: замкі разбураліся, дабудоўваліся-перабудоўваліся — гэта таксама наша традыцыя. Звернемся мы і да ўласцівага нашаму тэатру “абраду на сцэне”: рэканструюем каляднае і перадвясельнае дзеянні. Але галоўнае, на маю думку, заключаецца ў тым, што “Дзікім паляваннем…” пісьменнік гістарызаваў сучаснасць, прапаноўваў сучасную гісторыю сучаснаму гледачу. Ягоны твор — пра перамогу чалавека над рукатворнай ілюзіяй жаху. Таму мы вяртаем у спектакль містычных персанажаў, адсутных у оперы: Блакітную Жанчыну (іх у нас будзе некалькі), Маленькага балотнага Чалавечка.

/i/content/pi/cult/836/17812/9_2.jpg

Так будзе выглядаць сцэнаграфія.

Па задуме рэжысёра, спасылкай на былыя пастаноўчыя традыцыі і адначасова зваротам да сучаснай тэатральнай сімволікі стане наяўнасць на сцэне… жывога каня. Конь з’явіцца тройчы. У самым пачатку спектакля, дзе завеса не прадугледжана. Потым у другой дзеі, з выхадам селяніна Рыгора. Нарэшце, у фінале, дзе Рыгор арэ раллю, а хлопчык сее. Конь, такім чынам, стане сімвалам жыцця, як гэта і было ў беларускім народным побыце. Вершнікі, у адпаведнасці з архетыпам палявання ў беларускім і сусветным мастацтве, — сімвалам смерці. Шахматы (а яны былі ў кожнага беларускага магната) сімвалізуюць гульню, якой прасякнуты сюжэтныя перыпетыі. Гадзіннікі, што працуюць і не, — ідэю часу, які быццам “перацякае” ў прастору крокаў, руху “праз эпохі”. Усё гэта, дадае Ганна Маторная, стварае пазачасавы кантэкст, дадае спектаклю не толькі неабходную “ілюзію страху”, але і рысы эпічнасці, да якой схільна беларускае опернае мастацтва.

Мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў запэўніў, што будуць выкарыстаны ўсе магчымасці сцэны, багацце светлавых, дымавых эфектаў, нават своеасаблівы “танец дэкарацый”. Мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка, па яе словах, арыентавалася на гістарычную рэкаструкцыю беларускіх строяў з неабходнай доляй умоўнасці. Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіць Андрэй Іваноў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"