І тым не менш, праект атрымаўся нечакана шматслойным, вынаходлівым і глыбакадумным. Ён паказаў менавіта тое канцэптуальнае мастацтва, якое здатнае прымушаць гледача на хвілінку згубіць паўсядзённую інтэлектуальную раўнавагу і адкрыць для сябе новыя мысленчыя далягляды.
Рэзідэнцыя сабрала самых розных па ўсіх параметрах аўтараў. Што цікава, большасць з іх раней наўпрост не мелі дачынення да сучаснага мастацтва, але наважыліся ўпершыню ступіць на гэтае поле з нейкіх сумежных сфераў. Прычым самых розных: архітэктуры, псіхалогіі, традыцыйных рамёстваў, кінематографа, сацыяльнага актывізму… Гэта засведчыла простую ісціну: калі табе ёсць што сказаць, знайсці адэкватныя моўныя сродкі ўрэшце атрымаецца. Асабліва калі для творчага росту будзе створанае спрыяльнае біялагічнае асяроддзе — пра што годна парупіліся арганізатары рэзідэнцыі.
Яны забяспечылі ўдзельнікаў не толькі пляцоўкай для працы над іх задумамі, але і ўсебаковай апекай. Праграма стракацела разнастайнымі лекцыямі і майстар-класамі. Прычым часам наведвальнікі “з вуліцы” стваралі новыя экспанаты будучай выставы — што цалкам адпавядае метаду размнажэння грыбоў.
Гештальт-тэрапеўт Валерыя Мартысюк цягам рэзідэнцыі не толькі ладзіла адмысловыя сеансы, вывучаючы ідэнтычнасць і сексуальнасць чайнага грыба (сама ідэя, здаецца, лепей за ўвасабленне), але і прадставіла першыя ў жыцці творы мастацтва. Адзін з іх — прапанова да ўсіх удзельнікаў стварыць з набору даволі выпадковых рэчаў свой псіхалагічны партрэт. Другі — мультымедыйны асамбляж, складзены з побытавых прадметаў, графікі і гуку, які забяспечыў вядомы саўнд-дызайнер Яўген Рагозін. Эфект сукупнасці розных “d” ловіцца проста на раз!
Як і ў адным з відавочных хітоў выставы — інсталяцыі Вольгі Салахеевай “Сацыяльны ліфт”. Здаецца, гэта таксама ейны дэбют: раней яна была вядомая хіба як VJ. Ты заходзіш у завіслы ліфт, усім сваім целам адчуваючы ягоную бессэнсоўную вібрацыю, бярэш навушнікі — і чуеш там тыя дурацкія фразы, якія людзі выслухоўваюць на сумоўях пры працаўладкаванні. Мэсэдж зразумелы: глеба пад намі зыбістая. Ніколі не быў вялікім прыхільнікам сацыяльна-праблемнага мастацтва, але гэты ягоны ўзор лічу папраўдзе шэдэўральным.
Іншая кагорта аўтараў патрапіла ў канцэптуальнае мастацтва з больш традыцыйнага. Керамістка Дар’я Мандзік стварыла рэплікі старадаўніх таблічак (з тымі думкамі, якія яна пачула ад сучаснікаў) і па-майстэрску ўвасобіла ў матэрыяле той самы грыб. Мастакі па шкле Алена Чэпелева і Жанна Марозава паспрабавалі выявіць тыя слаі сутнасці, якія з’яўляюцца агульнымі для грыба і чалавека.
Даўшы магчымасць для такіх цікавых дэбютаў, арганізатары пазнаёмілі айчынную публіку і з мэтрамі саенс-арт. Глеб Дзіваў, які прадстаўляецца міністрам гуку Рэспублікі Ужупіс, спарадзіў штучны інтэлект, здатны ствараць музыку. Цягам рэзідэнцыі ён даследаваў фізічныя параметры чайнага грыба, а камп’ютар канвертаваў іх у музычныя творы. Прэм’ера адбылася на адкрыцці — з удзелам струннага квартэта і тэрменвокса. Што цікава, музыка атрымалася і сапраўды добрая ды незвычайная. Чалавек бы, мабыць, такую не напісаў.
На жаль, не хопіць месца, каб распавесці пра ўсе творы выставы — бо ці кожны з іх таго варты. І “Спеўнае грыбное воблака” амерыканкі Хізер Каплоў, і новая абсурдовая камедыя кінарэжысёркі Алены Ясінскай, і тонкія даследванні феномена празрыстасці культуролага Аляксандра Адамава… І, вядома, перфарматыўная лекцыя Сяргея Марозава і Валерыі Хрыпач Ok, KUMU. Удзельнікі гэтага праекта імкнуліся зрабіць параўнаўчы аналіз існавання грамадства і біялагічных сістэм… сродкамі харэаграфіі.
На шчасце, гэтым разам паспяхова вырашыліся банальныя ды, на жаль, звыклыя для нас праблемы экспанавання “складаных” аб’ектаў. Шматлікія мультымедыйныя творы былі забяспечаныя патрэбнай тэхнікай, а жывы грыб, які суполка Monogroup набыла ў Інстытуце леса НАН Беларусі, каб паспрабаваць яго выкарыстаць у якасці архітэктурнага матэрыялу будучыні, паспяхова акліматызаваўся. Да ўсяго, разгорнутыя куратарскія эксплікацыі ствараюць той масток паміж інтравертным аўтарам і цікаўным гледачом, якога так бракуе многім падобным выставам.
Пабыўшы на адкрыцці, я шчыра парадаваўся, што культурны хаб здолеў рэалізаваць такі сур’ёзны ў плане задумы і арганізацыі праект. Ды, як выявілася, радаваўся зарана. Потым я выправіўся на выставу ў будні дзень, каб агледзець усё падрабязна. Але дзверы былі зачыненыя — насуперак раскладу. На выставу я, усё ж, патрапіў — пакручастымі шляхамі, праз тыльны ўваход. Ды, на жаль, некаторыя творы былі заўчасна дэмантаваныя — кажуць, каб не закрываць праход наведвальнікам піўнога фэста, які неўзабаве пройдзе ў Оk16. Ды і штучнае сэрца (“медыясябра”), створанае вядомай маскоўскай мастачкай Аленай Дзямідавай, на дотыкі маёй рукі ўжо не рэагавала — пэўна, у яго селі батарэйкі.
А шкада, вельмі шкада! Думаецца, многія цікаўныя мінакі (а па Кастрычніцкай іх дэфілюе багата) дзякуючы гэтай выставе здолелі б адкрыць новыя вымярэнні мастацтва — як беларускага, гэтак і наогул.