Рамонт замест рэстаўрацыі
Летась Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдаткаваў сродкі на правядзенне рамонтных работ на Каложскай царкве. Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, атрыманая сума — 200 000 рублёў.
— Драўляная частка сцяны была ў аварыйным стане, таму і замянілі яе пакрыццё, — патлумачыла спадарыня Клімовіч. — Усім работам папярэднічалі даследаванні. Нават пытанне, якой павінна быць новая шалёўка, вырашалася кансіліумам. У абмеркаваннях бралі ўдзел усе, каго толькі мы змаглі прыцягнуць — не толькі Міністэрства культуры і адміністрацыя Гродзенскага аблвыканкама, але і даследчыкі, гісторыкі, рэстаўратары, прадстаўнікі царквы — той жа пробашч айцец Аляксандр. Праект распрацаваны інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”, а яго выкананне даручана адной з самых буйных будаўнічых кампаній Беларусі — “Гроднажылбуду”.
Па ўмовах гранта былі прадугледжаны менавіта рамонтныя работы, а не рэстаўрацыя — гэта значыць, работы з пашкоджанымі элементамі: напрыклад, абнаўленне шалёўкі без замены ўласна інжынерных канструкцый.
Як распавяла навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта Алена Шчасная, на жаль, у Беларусі зараз адсутнічаюць спецыялізаваныя архітэктурна-рэстаўрацыйныя ўстановы, таму прыходзіцца прыцягваць будаўнічыя арганізацыі. Але гэта не азначае, што работы выконваюцца на нізкім узроўні.
— Так, часам могуць узнікаць праблемы, калі працуюць не рэстаўратары — прыходзіцца дадаткова штосьці тлумачыць, існуе рызыка памылак, — зазначыла спадарыня Шчасная. — Але ў чым плюс менавіта гэтых людзей — апрача таго, што яны сапраўдныя спецыялісты, усе яшчэ і мясцовыя, жывуць у гэтым горадзе і ставяцца да яго вельмі адказна, з павагай. Іншая справа, што ў краіне трэба аднаўляць сістэму рэстаўрацыйных устаноў. Але гэта — дзяржаўная задача, і яна мусіць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні. Тады ў перспектыве і гаворку пра паўнавартасную рэстаўрацыю Каложы можна будзе весці — нікуды не падзецца, з часам гэта давядзецца рабіць.
Як захаваць культурны слой
Такая пастаноўка пытання, як выкананне рамонтных работ на старадаўняй царкве будаўнічай кампаніяй, сапраўды не можа не выклікаць здзіўлення. “К” ужо неаднаразова адзначала, што ў краіне заўважна не хапае кваліфікаваных спецыялістаў. Архітэктурная рэстаўрацыя — не выключэнне.
— Мы разумеем складанасць сітуацыі і праблемы, якія могуць узнікнуць, — адзначыла Алена Клімовіч. — Таму ўвесь час імкнемся знаходзіцца побач з будаўнікамі. Дый нам і самім цікава назіраць за работамі. Узяць хаця б аднаўляемую сцяну — каб яе выраўняць, трэба было падняць дах. Што рабілі вельмі акуратна: не па сантыметрах нават, а па два-тры міліметры.
Як патлумачыла Алена Шчасная, праца вельмі складаная, і падчас яе выканання адкрылася вельмі шмат сакрэтаў:
— Пры правядзенні антыаварыйных работ высветлілася, што каркас ХІХ стагоддзя захаваўся ў вельмі добрым стане — яшчэ за часамі Расійскай Імперыі яго ставілі як часовую канструкцыю, але ён прастаяў ужо сто гадоў і дагэтуль мае значны рэзерв трываласці. Але само яго вонкавае пакрыццё трэба было мяняць — у сувязі з тым, што царква знаходзіцца на
паўднёвым беразе ракі, які больш церпіць ад агрэсіўнага прыроднага ўздзеяння.
Выяўлена, што падмурак Барысаглебскай царквы знаходзіцца ў катастрафічным стане — “замазаная” пры апошняй рэстаўрацыі Юзафам Ядкоўскім цэментам плінфа літаральна крышыцца пры дотыку да яе.
— Толькі калі мы знялі слой зямлі і адкрылі падмуркі, пабачылі аварыйны стан сцяны. Аператыўна ўнеслі змены ў праект. Але ўзважана — галоўнае ж, не зашкодзіць! — паведаміла Алена Клімовіч. — Было некалькі прапаноў, якім чынам можна выратаваць падмурак. Напрыклад, панізіць узровень зямлі. Аднак тады ўзімку тут будзе збірацца снег. Іншы варыянт — вырабіць новую плінфу і ёй замяніць пашкоджаную, але гэта вельмі дорага і занадта доўга, а пакідаць муры адкрытымі і незакансерваванымі ніяк нельга. Хаця прапанова — слушная, яна падышла б для рэстаўрацыі Каложскай царквы. Таму камісія прыняла рашэнне пакрыць аварыйныя фрагменты кладкі кансервацыйным растворам і вапнай — такім чынам закансерваваць яе ў чаканні будучай паўнавартнаснай рэстаўрацыі.
Раней крытычных заўваг ні па рамонце сцяны, ні па ўнутраных работах у царкве фактычна не было. Больш за тое, мы са свайго боку зрабілі вельмі шмат, каб перадухіліць магчымыя непаразуменні — увесь час тлумачылі, як ідзе працэс, і на мясцовым тэлебачанні, і праз рэспубліканскія і мясцовыя газеты, электронныя СМІ. Вельмі важна, каб людзі ведалі, што адбываецца.
— У апошні час розгалас выклікалі работы па добраўпарадкаванні падворка і земляныя працы на прылеглай да храма тэрыторыі, — працягнула Алена Шчасная. — Чаму гэта трэба? Хто бываў раней на Каложы, ведае, што тут раслі дрэвы. Пасаджаныя для прыгажосці, яны спляжылі дрэнажную сістэму. Таму неабходна яе аднаўляць.
Справа ў тым, што рэстаўрацыя Юзафа Ядкоўскага трыццатых гадоў мінулага стагоддзя была праведзена не вельмі якасна, і мы проста выпраўляем памылкі нашых папярэднікаў. Вызначылі, дзе раней капаў Ядкоўскі, а дзе — Алег Трусаў і Сяргей Піваварчык. І работы праводзіліся толькі там, дзе археолагі ўжо “прайшліся”. Закрануўшы “новы” кавалак і пабачыўшы чалавечыя парэшткі, рабочыя адразу ж спынілі працу. У сувязі з тым, што археолага не было ў той момант на месцы, усё замарозілі да яго прыезду, таму нельга сказаць, што ёсць істотныя страты культурнага слою. Іншая справа, што вакол царквы ўсюды могілкі. Таму, калі “выйсці” па-за вызначаныя для работы межы, заўжды можна знайсці косткі.
Знайсці археолага са сваіх
Сапраўды, асноўная агучаная прэтэнзія — гэта адсутнасць на аб’екце археолага. Праектнай дакументацыяй быў прадугледжаны нагляд. Але, як адзначылі абедзве суразмоўцы, пастаянная прысутнасць яго не толькі не заўжды патрэбная, але і папросту немагчымая.
— Рабочыя сапраўды парушылі план работ, і мы прызнаем гэтую памылку. Ад такога ніхто не застрахаваны, але галоўнае, каб памылкі не былі беззваротнымі. І гэтага мы якраз не дапусцілі! Зрабілі адпаведныя высновы, і ў будучым такога не паўторыцца, — запэўніла спадарыня Клімовіч.
Іншае пытанне, чаму такая сітуацыя наогул стала магчымай. Існуе практыка, калі Інстытут гісторыі НАН Беларусі прызначае археолагаў з іншых гарадоў. Натуральна, каб забяспечыць іх пастаянную прысутнасць, трэба прадугледзіць даволі значныя дадатковыя выдаткі на службовае жытло. Такіх фінансаў, як правіла, няма. Таму і атрымліваецца, што прызначаны для нагляду спецыяліст фізічна не можа прысутнічаць на аб’екце ўвесь патрэбны час. Магчыма, варта мяняць усю сістэму — прызначаць мясцовых “наглядчыкаў”? Натуральна, пры іх наяўнасці.
Па каментарыі адносна сітуацыі з некарэктнай работай будаўнікоў на Каложскай царкве “К” звярнулася і да заказчыка работ — упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. На жаль, намеснік старшыні УКБ Сяргей Царук не змог знайсці ў сваім насычаным графіку часу для сустрэчы. Відавочна, у сітуацыі, якая склалася вакол Барысаглебскай царквы, своечасовае інфармаванне вельмі важнае. Калі ж яго няма, а адказныя асобы не жадаюць агучваць праблемы, нараджаюцца чуткі і плёткі. Чаго тады здзіўляцца, што ў інфармацыйным полі падымаецца хваля крытыкі?