Сёлетняя тэатральная праграма фестывалю даволі багатая. Там ёсць нават адзін са спектакляў, намініраваны на Расійскую тэатральную прэмію “Залатая маска”. Гэта “...Кракадзіл” тэатра “Карабаска”, пастаўлены паводле Дастаеўскага нашым Алегам Жугждам — мастацкім кіраўніком Гродзенскага абласнога тэатра лялек. Тое, што нашы рэжысёры-“лялечнікі” вельмі запатрабаваны ў замежжы і часта становяцца там пераможцамі разнастайных конкурсаў ды фестываляў, даўно не навіна. Таму нядзіўна, што ў Віцебску пакажуць яшчэ адзін жугждаўскі спектакль — “Памінальная малітва” тэатра “Агніва” з расійскіх Мыцішчаў.
У тым, што праект “Лялечны квартал” годна сустрэне свой першы юбілей, пераконваюць і іншыя найменні: “Мёртвыя душы” з Арла, “Церамок” з Татарстана, два спектаклі з розных тэатраў Украіны. Брэсцкі абласны тэатр лялек прадставіць “Халстамера” ў пастаноўцы знакамітага расійскага рэжысёра Руслана Кудашова — сваю, можна сказаць, класіку, адзначаную мноствам узнагарод. Гаспадары, не забыўшыся на бяспройгрышны хіт — “Брэменскіх музыкаў”, якія сталі візітоўкай тэатра “Лялька”, пакажуць таксама свой новы спектакль — “Феньку” ў пастаноўцы Міхаіла Клімчука, якая днямі прайшла гастрольную апрабацыю ў Іванаве.
Працягнецца і больш сталы праект “Тэатральныя сустрэчы”. Па два спектаклі прывязуць Тэатр на Паўднёвым Захадзе, які стаў заўсёднікам фэсту, і Маскоўскі сучасны мастацкі тэатр. Прыхільнікі спектакля “Арт” купалаўцаў (а Мікалай Пінігін ставіў яго неаднойчы) змогуць паглядзець расійскую антрэпрызную версію той жа п’есы, але пад назвай “Мужчыны. Падслуханае”. Што ж да гаспадароў, дык коласаўцы рыхтуюць да фестывалю сваю будучую прэм’еру — “Дурніцу” Лопэ дэ Вега ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка і галоўнага рэжысёра тэатра Міхася Краснабаева, якая ўпершыню ўбачыць святло рампы 20 красавіка. Безумоўна, падзеяй стане вечарына Алега Меньшыкава — з азначаным “Аркестрам мары...”
Увогуле, запрошаных на форум аркестраў сёлета паболее. Са сваімі калектывамі прыедуць у Віцебск Эмір Кустурыца, Горан Брэгавіч. Выступяць “Фанограф-сімфа-джаз” пад кіраўніцтвам Сяргея Жыліна, “Вівальдзі-аркестр” на чале са Святланай Бязроднай, Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр, якім па чарзе будуць дырыжыраваць наш Андрэй Іваноў і Вячаслаў Валееў з Расіі. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Міхаіла Фінберга правядзе сольны вечар расійскага кампазітара Аляксандра Марозава.
Мастацтва аперэты будзе прадстаўлена знакамітай “Прынцэсай цырка” Імрэ Кальмана — пад назвай “Тайна містэра Ікс” у пастаноўцы Даўгаўпілскага тэатра. Мастацтва харэаграфіі — сольнікам Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра танца “Гжэль”.
Праект “Фестываль без межаў” уключыць вечарыны Грузіі, Казахстана, Ізраіля. А адным з пікаў філарманічнай праграмы абяцае быць шоу трох раяляў Bel Suono. Багата запланавана і разнастайных выставачных праектаў. Назва аднаго з іх — “Рэлакс. Чалавек, які адпачывае” — можа стаць, падобна на тое, збіральным партрэтам сярэднестатыстычнага фестывальнага гледача.
На сёння, па падліках арганізатараў, прададзена каля 12 тысяч білетаў, нашмат больш — забраніраваны. А што з праграмы абралі вы?