Калі ў прыватным жыцці яшчэ можна ўявіць, што ў чалавека прачнулася сумленне, і ён добраахвотна вяртае гаспадару скрадзеную рэч, дык у міждзяржаўных стасунках такая сітуацыя немагчымая па вызначэнні. Тут сваё можна вярнуць хіба гвалтам пасля пераможнай вайны або праз шматгадовыя судовыя цяжбы. Яшчэ на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя беларускія музейшчыкі асцярожна ставілі пытанне пра вяртанне на радзіму раскіданых па Савецкім Саюзе нашых культурных артэфактаў, але сур’ёзна шчыраваць у гэтым напрамку не адважваліся. Ведаючы рэаліі таго часу, няцяжка зразумець, чаму. Беларуская гісторыка-культурная спадчына з ласкі цэнтральных уладаў была падзеленая паміж сумежнымі з намі народамі, запісана на чужыя нацыянальныя рахункі, і нават дэклараванне беларусамі намеру вярнуць сваё ўспрымалася як замах на цішыню і спакой у Савецкай імперыі, на ўсталяваную субардынацыю паміж рэспублікамі.
Cёння мы жывём у суверэннай дзяржаве і можам заявіць пра сваё права на ўласную гісторыю, не азіраючыся на суседзяў, не беручы да галавы, што яны наконт гэтага думаюць. Дазволю сабе меркаванне, што менавіта гэта меў на ўвазе Прэзідэнт, гаворачы пра вяртанне на радзіму нашых культурных каштоўнасцей. Пад дадзеную праграму патрабуецца сур’ёзнае навукова-гістарычнае абгрунтаванне. Але найперш, мне падаецца, трэба зразумелая грамадзе ідэя, дзеля чаго гэта робіцца. Дзеля чаго будуць выдаткоўвацца сродкі і прыкладацца намаганні — прытым, што ў дзяржавы шмат іншых клопатаў і праблем.
Трэба давесці, што мы ўзяліся за гэту справу не толькі для таго, каб узбагаціць нашы музейныя фонды і аздобіць інтэр’еры адрэстаўраваных замкаў. Мы вяртаем сваю гісторыю і аднаўляем гістарычную справядлівасць! Вяртаючы на радзіму культурныя і гістарычныя артэфакты, беларусы сцвярджаюць сябе як нацыя з тысячагадовым радаводам, як сапраўдныя спадкаемцы Полацкай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. А гонар за мінулае — гэта інвестыцыя ў будучыню.
Відавочна, знойдзецца няшмат ахвотных вяртаць сапраўднаму гаспадару тое, што прывыклі лічыць сваім. Але карысць будзе ўжо ў тым, калі ты пачнеш усведамляць, што рэч чужая.