— Я даўно ведаю сына Івана Салярцінскага — Дзмітрыя. Ужо 25 гадоў. Пазнаёміліся ў Санкт-Пецярбургскай філармоніі, дзе я выступаў шмат разоў. Дзмітрый Іванавіч быў на маіх канцэртах, і сюды мяне таксама запрасіў ён.
— На фестывальнай афішы побач з вашым імем — Ірландыя, але Дзмітрый Іванавіч ахарактарызаваў вас як сучаснага прадстаўніка французскай фартэпіяннай школы.
— Я сапраўды ірландзец, нарадзіўся ў Дубліне, але ў Францыі жыву ўжо 45 гадоў. Усё пачалося з вучобы ў Парыжы. Маім выкладчыкам у кансерваторыі быў Марсэль К’ямпі — вучань Клода Дэбюсі.
— Ці бывалі вы ў Беларусі раней?
— Некалькі разоў. Упершыню — яшчэ ў часы Савецкага Саюза, трыццаць гадоў таму. На сёння мае выступленні адбыліся ў Мінску і Гомелі, у тым ліку з Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Таксама даваў майстар-клас у Акадэміі музыкі. У Віцебску ж я ўпершыню.
— Ваш канцэрт мае цікавую праграму: “Музыка ночы” — гэта накцюрны, калыханка, “Месяцовая саната”... Як узнікла такая ідэя?
— Справа ў тым, што я перайграў усе накцюрны Шапэна, Джона Філда. Ён, дарэчы, таксама ірландзец, а яшчэ аказаў сур’ёзны ўплыў на польскага генія. У мяне ёсць запісы ўсіх гэтых накцюрнаў. Але захацелася больш шырока ахапіць дадзены кірунак, адкрыць для сябе і слухача розную “музыку ночы”. Так з’явіўся гэты канцэрт, дзе — калыханка Шапэна, твор з “Начнога Гаспара”, тры начныя п’есы Шумана...
— На адкрыцці фестывалю Дзмітрый Салярцінскі распавёў, што ў вашых продкаў сувязі з Беларуссю і Расіяй...
— Мы з жонкай нават у галерэі герояў у Эрмітажы бачылі партрэт генерала О’Рурка. (Музыкант паказаў зробленую там фатаграфію: са старадаўняга партрэта глядзіць самавіты і бравы военачальнік. — І. Ш.). Гэта вялікі гонар! Граф О’Рурк за свае заслугі атрымаў узнагароды рускага цара. Што да Беларусі, то побач з Навагрудкам майму продку былі падораны землі, і сям’я імі валодала да пачатку Другой Сусветнай вайны… Наогул О’Руркі вядомыя не толькі ў Ірландыі, але ў Францыі, Канадзе...
Канцэрт Майкла О’Рурка сабраў поўную залу. Піяніста, аднаго з найвыдатных у свеце, публіка ацаніла па вартасці і апладзіравала бездакорнай ігры. Музыка, на шчасце, не патрабуе перакладу.
Ірына ШАГАЛЕЕВА
Віцебск