Іван Дашкоў (справа) з калегам-швейцарцам Маркусам Фенснерам.
— Нягледзячы на прадстаўнічасць і маштаб, фестываль атрымаўся вельмі ўтульным. Былі майстры з Кітая, Японіі, Карэі, Італіі, Аўстрыі… Карацей, прадстаўнікі ўсіх вядучых дзяржаў — вытворцаў акарын. Многія адзін аднаго ведаюць і збіраюцца ў Будрыа, каб падзяліцца сваімі дасягненнямі. І для іх стаў нечаканым наш удзел — са сваімі інструментамі і музыкай, адметнай манерай выканання.
— На вас звярнулі ўвагу іншыя майстры?
— Мы зацікавілі еўрапейцаў найперш сваёй самабытнасцю і архаічнасцю. Больш за ўсё іх уразіла тэхніка апрацоўкі керамікі. Да прыкладу, я выкарыстоўваю выключна традыцыйныя тэхналогіі, такія як абвара, малачэнне і дымленне, якія з’яўляюцца цалкам экалагічнымі. Для іх гэта і стала дзівам. Тое забыта ў Еўропе, а ў нас адраджаецца. Майстры, удзельнікі фестывалю, былі проста шакіраваны, што пад час абпалу, мы заглядаем у печ, дастаём адтуль абцугамі гарачыя вырабы. Гэта робіцца падчас абвары і дымлення. У першым выпадку выраб акунаецца ў кіслую рошчыну, ад чаго на ім з’яўляецца пятністы малюнак. А ў другім — кідаецца ў апілкі, адбываецца працэс аднаўлення жалеза ў кераміцы і выраб набывае чорны колер. Паўтаруся, гэтыя тэхналогіі прыцягальныя для замежнікаў сваёй экалагічнасцю. “Але ж сапсуецца печ!” — дарэмна, абураліся яны. У іх печы цудоўныя, камп'ютарызаваныя: электроніка пільна сочыць за тэмпературай. Такія печы не вытрымаюць такога “здзеку” адкрываннем.
На фестывалі падзівіліся на мой твор (свістулька на некалькі адтулін, якая з’яўляецца пераходным этапам ад простай цацкі-свістулькі да прафесійнага інструмента). А гэта вельмі важна ў музычным навучанні дзяцей, бо малому акарыну не дасі, а такую свістуліну — калі ласка. Апошняе дае магчымасць заўважыць і развіць музычныя здольнасці дзіцяці.
Спадабалася і гучанне акарын. Канешне, яны крыху адрозніваюцца ад еўрапейскіх сваёй аплікатурай, але я не лічу гэта хібай. Пры жаданні тое можна выправіць за паўгадзіны. Некаторыя майстры падзяліліся сваімі напрацоўкамі, таму бліжэйшым часам планую іх ажыццявіць.
— Што яшчэ вынеслі для сябе з гэтага фестывалю?
— Шчыра кажучы, мяне вельмі ўразілі акарыны іншых майстроў. Запала ў душу іх гучанне, здзівіў дыяпазон і магчымасці гуку. Сапраўды, ёсць чаму павучыцца. Але самае галоўнае, мяне зацікавілі двухкамерныя, трохкамерныя і нават чатырохкамерныя акарыны. Жак Шых, майстар з Тайваня, напрыклад, спецыялізуецца выключна на вырабе такіх акарын. Яго інструменты маюць выдатнае гучанне, бездакорна выкананы, але і кошты на такія акарыны могуць дасягаць да паўтары тысячы еўра за адзінку.
Акарына — гэта шыкоўны інструмент з вялікімі магчымасцямі. Я ў гэтым яшчэ больш пераканаўся, пабываўшы на фестывалі. Трэба выязджаць, глядзець, вучыцца ў іншых, паказваць сябе і граць, што і робяць дзяўчаты пад кіраўніцтвам Настассі Думанскай. Многія падыходзілі да мяне і хвалілі нашых музыкантаў за прафесіяналізм!
Юлія ДАВЫДЗІК