Працуе інтэрактыўная сцяна.
Так што 1 снежня ўдзельнікаў мерапрыемстваў, якія сабраліся ў Малой зале Палаца культуры, ужо чакала выстаўка графічных работ, скіраваных супраць смяротнага захворвання. Аўтары плакатаў — школьнікі Маладзечаншчыны. Працавала і так званая інтэрактыўная сцяна: на спецыяльных планшэтах кожны ахвотны мог выказаць сваё стаўленне да праблемы. Пад час тэматычнай праграмы “Стоп, СНІД!” творчыя праекты прэзентавалі ў Малой зале навучэнцы гімназіі-каледжа, школ № 4 і № 6. Тэатралізацыі, песні і танцы ярка адлюстроўвалі пазіцыю моладзі.
З залай размаўлялі педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, урач-эпідэміёлаг. Моладзь з гатоўнасцю ўключылася і актыўна працавала з тэстамі. Напрыканцы праграмы валанцёры раздалі сродкі прафілактыкі, буклеты і лістоўкі. Потым усе выйшлі на плошчу ля Палаца культуры, дзе распачалася акцыя “Дастукацца да нябёсаў”. У памяць аб загінулых ад хваробы ў паднябессе ўзвіліся рознакаляровыя шарыкі…
Андрэй СТАРЖЫНСКІ