Для мяне супрацоўніцтва з Беларуссю было прыемным. Дзякуючы гэтай карціне я знайшоў тут сяброў. Кінакааперацыя атрымалася гэткай формай народнай дыпламатыі. Мы здымалі ў вас сцэны ў дарозе. Хачу сказаць, што ўмовы, створаныя беларускім бокам для працы, — гэта проста рай для кіношнікаў! Здымачная пляцоўка ў лесе, прапанаваная кінастудыяй “Беларусьфільм”, работа са спецыялістамі — ад каскадзёраў да вадзіцеляў — усё пакінула вельмі станоўчыя ўражанні.
У стужцы, як вы заўважылі, — дзве часткі. Першую, калі дзея адбываецца ў горадзе, мы здымалі ў Санкт-Пецярбургу, і я хацеў падкрэсліць, што гэтае асяроддзе для гераінь — благое месца. Калі ж дзяўчыны выпраўляюцца ў падарожжа, для мяне было істотным запаволіць фільм, даць яму “другое дыханне”. І тут значную ролю адыграў менавіта беларускі пейзаж: праз дэманстрацыю вашых краявідаў я імкнуўся паказаць тыя змены, што адбываюцца ўнутры персанажаў. Беларускі ландшафт тут — не проста выпадковая натура. Яго прыгожосць — надзвычай сімвалічная. Як сімвалічны і снег, што “раптоўна” выпаў: зіма — як мёртвае месца, дзе адбудзецца нешта дрэннае (Па сюжэце карціны, там здараецца няшчасце з адной з гераінь. — Д.А.)
Хачу падкрэсліць, што ў стужцы я больш імкнуўся да паэтызму, чым да рэалізму. У жанравым дачыненні гэта, хутчэй, “казка”, чым сацыяльная крытыка. Хоць мне гледачы з розных краін кажуць зусім іншае. Напрыклад, у Расіі — што патрэбна было б быць больш крытычным у дэманстрацыі сацыяльных рэалій. На фестывалях паўночных краін: а не падаецца вам, што вы надта непрыгожа паказалі Расію? У Амерыцы — далучаюць да “незалежнага кіно”… Ацэнкі розныя. Але фільм, дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву, мае магчымасць быць прадстаўленым самай шырокай аўдыторыі…